Уход и кормление молодняка в соответствии с технологиями — гарантия высокой продуктивности. Так считают в ЗАО «Жилихово»

Актуально Экономика

У ЗАТ «Жыліхава» прытрымліваюцца простай ісціны: толькі догляд і кармленне маладняку ў адпаведнасці з тэхналогіямі з’яўляюцца гарантыямі атрымання высокіх вытворчых паказчыкаў.

Так, на дадзены момант сярэднясутачныя прывагі ў гаспадарцы складаюць 758 г. На ферме ў Гулевічах гэты паказчык — 948 г, бычкі ў Жыліхаве-2 прыбаўляюць па 949 г. Да таго ж бычкі рэалізуюцца на мясакамбінаты вагой не ніжэй, чым 450 кг.

Догляд за маладняком – справа адказная. Звычайна яе даручаюць сумленным і асабліва адказным работнікам. На групе цялят 3-6 месяцаў, якіх даглядае Валянціна Сінкевічус, прывагі ўжо перасягаюць кілаграм.

■ Дырэктар Віталь Юха з жывёлаводам Валянцінай Сінкевічус

— На маю думку, у працы маюцца два складаемых паспяховасці, — расказвае  Валянціна Барысаўна. — Першае носіць, так бы мовіць, суб’ектыўны характар, бо тое ж самае забеспячэнне статку кармамі, падсцілачным матэрыялам, тэхнічнае абслугоўванне ды шмат чаго іншага залежаць ад адпаведных служб гаспадаркі. А вось ужо вытрымліванне тэхналогій па паўнаце і своечасовасці кармлення цялят, стварэнне добрых умоў іх утрымання, захоўванне вытворчай і працоўнай дысцыпліны з’яўляюцца аб’ектыўнымі фактарамі і цалкам залежаць ад мяне.

Такое спалучэнне фактараў назіраецца і на іншых участках, дзе нядрэнна складваюцца справы. У сельгаспрадпрыемстве ў дастатковай колькасці пагалоўе жывёлы забяспечана сенажом, травяністым і кукурузным сіласам, сенам. Поўнасцю пад неабходныя рацыёны выдаюцца цялятам канцэнтраты, збожжасумесь. Пра дастатковае паенне і забеспячэнне іх соллю і размова не ідзе.

■ Жывёлаводы Ала Казакевіч і Наталля Выскварка

— Немалаважнымі аспектамі добрых прываг і захаванасці маладняку з’яўляюцца своечасовасць і збалансаванасць кармлення, — падкрэслівае дырэктар сельгаспрадпрыемства Віталь Юха. — Мы ў гэтым плане строга прытрымліваемся тэхналагічнага рэгламенту. Каб атрымаць добрую карову, неабходна працаваць з маладняком, пачынаючы з першых гадзін нараджэння. Цяля павінна атрымаць вызначаную дозу малодзіва. Толькі ў такім выпадку яно зможа мець пэўны імунітэт. Неабходна і ў далейшым прытрымлівацца паўнацэннага збалансаванага кармлення, прычым строга захоўваючы схемы. Акрамя таго, цяляты павінны быць сухімі, таму глыбокая саламяная подсцілка — абавязковы элемент утрымання.

На фермах значная ўвага надаецца і ветэрынарнаму догляду: своечасова набываюцца неабходныя ветпрэпараты для вакцынацыі і лячэння цялят. У момант нараджэння ўводзіцца комплекс спецыяльных мікраэлементаў.

З павелічэннем пагалоўя кароў у гаспадарцы ўзнікла праблема з недахопам будынкаў для ўтрымання маладняку. Вырашыць яе плануюць у наступным годзе з увядзеннем тэнтавага памяшкання.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *