Работа по наведению порядка на земле в Бобовнянском сельсовете ведется в тесной связи с различными службами района

Актуально Общество

Работа па навядзенні парадку на зямлі на тэрыторыі Бабаўнянскага сельсавета ў Год малой радзімы праводзіцца ў цеснай сувязі з экалагічнай, санітарна-эпідэмічнай, землеўпарадкавальнай, архітэктурнай службамі, праваахоўнымі органамі раёна.

■ Ірына Запольская

Як адзначае старшыня сельвыканкама Ірына Запольская, штогод зацвярджаецца план мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні, паляпшэнні санітарнага стану тэрыторый арганізацый, устаноў, дваровых і прысядзібных тэрыторый. Рашэннем сельвыканкама зацверджаны пералік тэрыторый грамадскіх месцаў, замацаваных за арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета, па падтрыманні належнага санітарнага стану. Бабаўнянскі сельсавет з’яўляецца своеасаблівымі варотамі раёна пры ўездзе з уздзенскага і нясвіжскага напрамкаў. Тут шмат маляўнічых і краязнаўчых месц: панскія сядзібы і паркі, помнікі баявой славы, фазанарый, домік паляўнічага і г.д. Вядома ж, яны прывабліваюць сюды турыстаў. Таму паказваць ім трэба дастойныя мясціны.

На сходах – аб надзённым

Штомесяц згодна з графікам праводзяцца сходы грамадзян па месцы жыхарства з разглядам надзённых пытанняў.

– Праблемы ўзнікаюць розныя, але абавязкова выносіцца пытанне добраўпарадкавання, – падкрэслівае Ірына Запольская. – Можа, яшчэ і няма жаданага выніку з парадкам на вуліцах і прысядзібных тэрыторыях, але галоўнае, што праведзеная работа ў пэўнай ступені павышае свядомасць людзей, дае ім магчымасць зразумець, што толькі разам можна навесці парадак у населеных пунктах. За гаспадароў ніхто не будзе рамантаваць агароджы, убіраць смецце і пустазелле. Аднак у рабоце з насельніцтвам даводзіцца не толькі прасіць, пераконваць, але часам і прымаць меры ўздзеяння на нядбайных за ігнараванне патрабаванняў.

На месцах вечнага спачыну

Пагадзіцеся, што сельскія жыхары, як ніхто іншы, захавалі шчырасць у адносінах да родных мясцін. І вёска для іх – гэта не проста месца жыхарства, а менавіта радзіма, без якой яны сябе і не ўяўляюць. Улетку сваімі сіламі абкошваюць траву і пустазелле, сочаць за рэгулярнай уборкай пастаўленых у населеных пунктах кантэйнераў, пры неабходнасці спілоўваюць дрэвы. Традыцыйны клопат – вясковыя могілкі. Іх на тэрыторыі сельсавета 10 дзеючых і двое закрытых. За кошт сродкаў насельніцтва вядзецца іх агароджванне. Вяскоўцы не застаюцца абыякавымі да парадку на месцах вечнага спачыну, прыбіраюць каля магіл, за якімі няма ўжо каму даглядаць. Святыя месцы – помнікі і абеліскі загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне землякам. Вядзецца пастаянны іх догляд. Сёлета за сродкі, сабраныя на суботніку, сельвыканкамам плануецца рамонт помніка ў Бабоўні, дзе захаваны 54 воіны, з якіх вядомы імёны толькі 14.

Каб старыя дамы не псавалі выгляд

Сельвыканкамам вядзецца планамерная работа па выкананні Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці. Складзены банк даных такіх будынкаў, на сёння іх налічваецца 180. Устанаўліваюцца ўласнікі, ім накіроўваюцца прадпісанні аб прывядзенні дамоў у належны стан ці іх зносе. Некаторыя ўласнікі прадаюць пустыя будынкі, што ім належалі, і добраўпарадкоўваюць набытае жыллё ўжо новыя гаспадары. Напрыклад, у вёсках Руднікі, Лавы, Клецішча няма ніводнага пустуючага дома. Два ўчасткі сёлета прададзены з аўкцыёну ў Пясочным, два – у Новай Гуце набыты грамадзянамі ва ўласнасць. Калі грамадзяне не прымаюць ніякіх мер па навядзенні парадку і выкарыстанні дома для пражывання або пры адсутнасці ўласніка, камісія складае заключэнне аб уключэнні яго ў рэгістр. Дакументы накіроўваюцца ў суд, дзе дом прызнаюць безгаспадарным, і ён перадаецца ў камунальную ўласнасць сельвыканкама. Сельвыканкам выносіць рашэнне аб далейшым яго выкарыстанні: знос ці продаж з аўкцыёну. З пачатку года знесена сем пабудоў, у планах яшчэ шэсць.

■ Добраўпарадкавана тэрыторыя каля пустуючага дома ў в. Лоцвіны

Вялікую дапамогу ў навядзенні парадку на пустуючых участках, як і на іншых работах, аказвае сельгаспрадпрыемства УП «ПІК-Лясное».

Святло ад ліхтароў

Як вядома, з кастрычніка ўключана вулічнае асвятленне ў сельскіх населеных пунктах раёна. На тэрыторыі Бабаўнянскага сельсавета прыкладна 500 ліхтароў, якімі асвятляюцца ў цёмны перыяд года шматлікія вуліцы і завулкі населеных пунктаў. Частка ліхтароў размешчана на важных трасах, якія праходзяць праз населеныя пункты, таму праведзена замена каля 100 ліхтароў на энергазберагальныя.

– Робім вячэрнія аб’езды, прымаем званкі ад вяскоўцаў наконт таго, як працуе вулічнае асвятленне. Пасля перапынку ліхтары дзе-нідзе не ўключыліся – перагарэла лямпачка ці ветрам штосьці пашкоджана. У бліжэйшы час сфарміруем заяўку на выпраўленне няспраўнасцей і перададзім яе ў РЭС, – тлумачыць старшыня сельвыканкама Ірына Запольская.

Камісія ідзе ў сем’і

Бабаўнянскім сельвыканкамам надаецца вялікая ўвага пытанням работы з нядобранадзейнымі сем’ямі і рэалізацыі Дэкрэта № 18.

– Агульнымі намаганнямі імкнёмся знізіць сямейную нядобранадзейнасць. Яе асноўная прычына – тое, што бацькі злоўжываюць спіртнымі напіткамі, – падкрэслівае Ірына Запольская. – Да гэтай работы падключаны школы і дзіцячыя сады, амбулаторыя, сельгаспрадпрыемства, участковы інспектар міліцыі і інш.

У сельсавеце праходзяць пася-джэнні грамадскага пункта аховы правапарадку, куды запрашаюцца праблемныя сем’і, у якіх ёсць непаўналетнія дзеці. Такіх на тэрыторыі сельсавета сем, у іх выхоўваюцца 17 дзяцей. Раз на месяц міжведамасная камісія наведвае гэтыя сем’і. Ім аказваецца неабходная дапамога.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *