В ОАО «Пионер-Агро» активно работают с органикой и поднятием зяби

Актуально Экономика

Адной з важных восеньскіх работ з’яўляецца вывазка і ўнясенне арганічных угнаенняў на палеткі. Напрыклад, у ААТ «Піянер-Агра» працуе звяно з пяці адзінак тэхнікі. Арганіка вывозіцца з малочнатаварных комплексаў і буртоў. Гэтай справай займаюцца механізатары Алег Сабалеўскі, Віталь Каляда, Уладзімір Варэнік, Дзмітрый Кунцэвіч, Аляксандр Куневіч, адказны за звяно аграном Расціслаў Бандарык (на здымку).

Пад яравую сяўбу ўжо ўнесена звыш 27 000 т.

Пакуль дазваляе надвор’е, аграрыі раёна працягваюць палявыя работы і па ўздыме зябліва. Як вядома, дадзены тэхналагічны прыём мае вялікае значэнне: ён дазваляе зменшыць напружанасць падчас веснавых палявых работ, забяспечвае найбольш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы і спрыяе правядзенню веснавой сяўбы сельскагаспадарчых культур у лепшыя агратэхнічныя тэрміны. Словам, робяць задзел на будучае.

Па даных райсельгасхарчу, па стане на 23 лістапада сельгасарганізацыямі раёна ўздым зябліва праведзены на 21 851 га (71% ад плана). Поўнасцю выканалі планавае заданне ў філіяле «Лакнея». У ліку лідараў на ўздыме зябліва працаўнікі ААТ «Піянер-Агра», дзе апрацавана 2320 га (87% ад плана).

Да правядзення восеньскага ворыва аграрыі «Піянер-Агра» падыходзяць з адказнасцю: своечасова праведзеныя работы дазволяць не толькі  захаваць вільгаць у глебе вясной, а і значна стрымаць рост пустазелля. Уздым зябліва вядзецца з раніцы і да позняга вечара. Так, на гэтым відзе работ  задзейнічаны Сяргей Варэнік, Іван Вярыга, Аляксандр Дарашэвіч, Сяргей Адамчык, Яўген Гудкоў. На паглыбленні ворнага пласта, што садзейнічае паляпшэнню яго агратэхнічных уласцівасцей, заняты Віктар Манецін. У выніку паглыблення ў глебе назапашваецца больш вільгаці, узмацняюцца карысныя мікрабіялагічныя працэсы і аэрацыя, павялічваецца ўтрыманне засваяльных пажыўных рэчываў. У гаспадарцы такі прыём пастаянна праводзяць пад цукровыя буракі.

Галоўны аграном Сяргей Гурын з механізатарам Іванам Вярыгам

Як паведаміў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Сяргей Гурын, земляробы разлічваюць правесці ўздым зябліва на максімальна вялікіх плошчах. Умовы для гэтага ёсць: магутная энерганасычаная тэхніка, паліва, адказныя кадры. Застаецца належным чынам увосень папрацаваць на палетках, каб вясною максімальна хутка правесці яравую сяўбу і атрымаць важкі ўраджай сельгаскультур. Усе мы ведаем: уздымеш зябліва не ў тэрмін – недабярэш збожжа.

Сяргей Гурын заўважыў, што пад ураджай будучага года ў гаспадарцы трэба ўзараць 2678 га глебы. Усе механізатары, як занятыя на ворыве, так і арганіцы, – вопытныя і адказныя працаўнікі, таму паспяваюць выконваць даведзеныя нормы, што, у сваю чаргу, стане вынікам добрых заробкаў.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *