Нина Степановна Трацевская была врачом на передовой во время войны

Актуально Общество

Ніна Сцяпанаўна Трацэўская прайшла на перадавой усю вайну ваенным урачом, сустрэла Дзень Перамогі ў званні старшага лейтэнанта медыцынскай службы. Баявы шлях адзначаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За абарону Сталінграда»,  «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.», «50 гадоў Узброеных Сіл СССР», шматлікімі падзякамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага І.В. Сталіна.

Ніна – равесніца Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, нарадзілася ў мнагадзетнай сялянскай сям’і (тры браты і сястра) у пасёлку Заполле. Скончыла Слабада-Кучынскую сямігодку, Старыцкую СШ, а затым і Мінскі медыцынскі тэхнікум. Па размеркаванні трапіла ў горад Быхаў, працавала ў раённай бальніцы. Як і ўсе дзяўчаты той пары марыла аб простым жаночым шчасці. Яно было побач. На танцах пазнаёмілася з лётчыкам-афіцэрам, які служыў у 25-й авіяцыйнай базе ВПС Заходняй асобай ваеннай акругі. 21 чэрвеня 1941 года закаханыя распісаліся, згулялі невялікае вяселле, аб якім не паспелі паведаміць сваім родным. А раніцай 22 чэрвеня ён па трывозе на знішчальніку І–16 узняўся ў неба на перахват нямецкіх бамбардзіроўшчыкаў і з баявога  вылету не вярнуўся. Сумны боль страты любага чалавека Ніна пранесла праз усё жыццё. Аб тым, хто ён і адкуль, нікому ніколі не распавядала. Так для маладой жанчыны пачалася вайна.

■ Ніна Трацэўская (сядзіць) з сяброўкай. 1945 г.

Урач Трацэўская пасля афіцыйнага аб’яўлення савецкага ўрада аб нападзе фашысцкай Германіі на СССР адразу кінулася ў ваенкамат, добраахвотнікам уступіла ў Чырвоную армію. Хутка вайна дакацілася і да Быхава – пачаліся абарончыя баі пад Магілёвам. У палявым шпіталі не хапала медыкаментаў, абсталявання, перавязачнага матэрыялу, на бінты разрывалі нават прасціны і салдацкую бялізну. З-за недахопу палатак многія, у тым ліку цяжкапараненыя і той, хто паміраў, знаходзіліся пад адкрытым небам. Адусюль несліся стогны і крык. У моцную спёку параненыя ўвесь час прасілі піць, медсёстры і санітары, збіваючыся з ног, насілі ваду з нейкага балотца. Ніна была асістэнтам хірурга і сама праводзіла аперацыі. Побач з аперацыйным сталом (збіты з дошак) зямля настолькі была прапітана крывёю, што слізгацелі ногі, а ампутаваныя канечнасці не паспявалі прыбіраць. Нават форма імгненна прапітвалася свежай крывёю. Урачы ад стомленасці і недасыпання  звальваліся з ног, страчвалі прытомнасць ад голаду. Кароткая перадышка – і зноў праводзіліся аперацыі. Яны не думалі пра сябе, не глядзелі, наколькі цяжкай была рана. Пакуль чалавек яшчэ дыхаў, яны рабілі ўсё, каб выратаваць яго жыццё. І кожны раз, калі скрываўлены салдат рабіў апошні ўздых, перажывалі гэта сваёй душой. Гэта быў подзвіг у імя жыцця!

■ Ніна Трацэўская (злева) з пляменніцай Ганнай. 1976 г.

Далей была эвакуацыя параненых, якіх пагрузілі на машыны і рушылі на чыгуначную станцыю Крычаў. Адтуль адыходзілі на ўсход санітарныя цягнікі. У дарозе на калону спікіравалі нямецкія знішчальнікі і пачалі расстрэльваць машыны з кулямётаў, нягледзячы на чырвоныя крыжы, нанесеныя фарбай на кабіны. Калона прыпынілася, параненыя (хто мог) пачалі спрыгваць з кузаваў і разбягацца. А цяжкапараненых ратавалі ўсе, хто мог. Нарэшце самалёты адстраляліся і паляцелі. Пашчасціла, тэхніка засталася цэлай. Толькі ўвечары дабраліся да Крычава. На чыгуначнай станцыі стаялі санітарныя саставы, каля якіх чакалі пагрузкі сотні параненых чырвонаармейцаў. І зноў налёт нямецкай авіяцыі. Толькі цяпер на зямлю паляцелі бомбы. Яшчэ больш з’явілася параненых і забітых. У гэтых складаных і неспадзяваных умовах нашы медыкі прадаўжалі выконваць свой прафесіянальны абавязак і паказалі неверагодную самааддачу.

■ Мама Ніны — Марыя Рыгораўна. 1960-я г.

Ваюе на Заходнім, Паўднёва-Заходнім франтах і Варонежскім франтах. У жніўні 1942 года старшы ваенфельчар Ніна Трацэўская прызначана зубным урачом 176-га армейскага запаснога стралковага палка 6-й гвардзейскай арміі. У час Сталінградскай бітвы яе полк удзельнічае ў ліквідацыі нямецкіх і італьянскіх войскаў на Сярэднім Доне. Затым была Курская бітва. Вызваляла Украіну, родную Беларусь, Латвію. Дзень Перамогі сустрэла на беразе Балтыйскага мора (горад Ліепая). Колькі праведзена хірургічных аперацый, колькі выратавана жыццяў салдат і залечана ран – аб гэтым ужо ніхто не раскажа. Кожны вернуты ў строй воін быў для яе перамогай.

У 1944 годзе пасля вызвалення Беларусі яе маці Марыя Рыгораўна атрымала чатыры пахавальныя лісты на дачку і трох сыноў, і ніводнай вестцы не паверыла. Матчына сэрца адчувала, што дзеці жывыя. Усе яны вярнуліся дамоў.

Аб  днях ваеннай пары  не магла і не хацела ўспамінаць. «Занадта шмат перажыта, каб гаварыць пра вайну. Жылі адным, калі прыйдзе перамога». Яны з малодшым братам Іванам у час сустрэч з роднымі радаваліся, што ў тых  жудасных жорнах вайны засталіся ў жывых, сталі мудрэйшымі, навучыліся шанаваць жыццё і чалавечыя адносіны.

Ніна Сцяпанаўна працавала ў Лейпцыгу ў групе савецкіх войскаў у Германіі ўрачом-стаматолагам. Пасля вяртання ў Мінск шчыравала  ў стаматалагічных паліклініках № 2, № 7 і пансіянаце Акадэміі Навук (працавала да 72 гадоў). Свайго жылля не было. Гэта сціплая і абаяльная жанчына здымала невялічкі пакойчык, жыла ў бараку, камуналцы. І толькі пасля таго, як  адправіла ліст  старшыні Камітэта савецкіх жанчын Валянціне Цярашковай, у якім апісала сваю жаночую долю, адразу атрымала аднапакаёвую кватэру. Асабістае жыццё не склалася з-за перажытага – маладосць была абпалена вайной. Да сваіх пацыентаў  падыходзіла з дабрынёй і павагай, заўсёды сустракала і праважала іх з усмешкай. Вельмі любіла сваю вёску і  землякоў за працавітасць і добразычлівасць, часта наведвала бацькоўскую хату ў Заполлі, родных і суседзяў адорвала падарункамі. У 1991 годзе яна ціха пайшла з жыцця.

Барыс Дзенісюк,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *