Ніхто не застаўся раўнадушным

Актуально Культура

Самай адметнай падзеяй сакавіка ў рабоце дзіцячай бібліятэкі стала правядзенне Тыдня дзіцячай кнігі і музыкі.

Юныя танцоры Капыльскай ДШМ

Мяркую, нікога з прысутных не пакінула раўнадушным тэатралізаванае прадстаўленне “Необычайное путешествие Бабы Яги и Бармалея”, якое ладзілася падчас адкрыцця Тыдня дзіцячай кнігі і музыкі ў раённым цэнтры культуры. Гэта сумесная работа дзіцячай бібліятэкі і школы мастацтваў. Казачныя героі — Чараўніца, Аліса з краіны Цудаў, Пэпі Доўгаяпанчоха, Бураціна, Піраты, Сынок-з-кулачок, Баба Яга і Бармалей — гулялі з дзецьмі ў гульні, загадвалі загадкі і праводзілі віктарыны. А таленавітыя выступленні маленькіх танцораў, спевакоў і музыкантаў стварылі ў зале атмасферу сапраўднага свята кнігі і музыкі.

На працягу шасці дзён наведвальнікі нашай бібліятэкі мелі магчымасць стаць удзельнікамі мерапрыемстваў рознай тэматыкі. Фальклорны калейдаскоп “Пакуль жыве мова, жыве народ” яшчэ раз напомніў дзецям, якая прыгожая і мілагучная наша беларуская мова. Разам з бібліятэкарамі дзеці наведалі вёску Прыказка, пабылі ў горадзе Загадкаве, пасёлку Песенным, паселішчы Скарагаворшчына, фальварку Казачным, расказвалі лічылкі і гулялі ў “Жмуркі”.

Дзень Беларусі запрасіў дзяцей на патрыятычна-выхаваўчы ўрок “Жыву ў Беларусі – і тым ганаруся”. Падчас урока дзеці адказвалі на пытанні бібліятэкараў пра нашу краіну, яе сімволіку, гістарычныя і культурныя помнікі, прыродныя рэсурсы. А затым здзейснілі падарожжа ў мінулае і сучаснае роднага краю. Успомнілі славутых продкаў, паслухалі вершы беларускіх пісьменнікаў, зрабілі прыпынак у сталіцы краіны, падзівіліся прыгажосцю і непаўторнасцю родных краявідаў.

Удзельнікі тэатралізаванага прадстаўлення

Здароўе – гэта не толькі адсутнасць хваробы, але і стан поўнага фізічнага, духоўнага і сацыяльнага дабрабыту. Таму адзін з галоўных кірункаў у рабоце дзіцячай бібліятэкі – прапаганда здаровага ладу жыцця сярод падрастаючага пакалення.  Вось і сёлета адзін з дзён Тыдня быў прысвечаны здароўю. Са старонак вуснага часопіса “Беражы здароўе змоладу” дзеці даведаліся, як правільна сачыць за чысцінёй і сваім знешнім выглядам, чаму патрэбна выконваць рэжым дня, якую шкоду наносяць маладому арганізму курэнне і алкаголь.

Знаёмства з прыродай адбываецца на ўсіх этапах нашага жыцця. А вось прывіваць любоў і беражлівыя адносіны да яе патрэбна з маленства. Цікавае і незвычайнае па форме мерапрыемства — выстава “Усё пра чарапах” — чакала дзяцей у Дзень жывёл. Напэўна, усіх уразіла і сама выстава, на якой акрамя пазнавальных і мастацкіх кніг пра чарапах змясціліся цікавыя фотаздымкі, дзіцячыя малюнкі, вершы і песні, мехавыя, пластмасавыя, керамічныя, гумавыя і драўляныя фігуркі жывёліны. І цікавы расказ пра гэту загадкавую істоту.

Валянціна КАМІНСКАЯ,

намеснік дырэктара Капыльскай ЦБС па рабоце з дзецьмі




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *