В Копыльском районе уже 10 лет работает автоклуб

Актуально Культура

Аўтаклуб, кінаперасоўка і бібліобус у арганізацыі вольнага часу жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарнага дома культуры, а таксама на фермах, у паляводчых брыгадах, проста неабходныя. Нездарма ў дзяржаўнай праграме адраджэння і развіцця вёскі фарміраванню сеткі мабільных устаноў культуры нададзена асаблівая ўвага.

Вось і ў нашым раёне ёсць такі аўтаклуб, які ў гэтым годзе адзначыў сваё 10-годдзе. І працуе ён пры Капыльскім раённым цэнтры культуры. На базе яго дзейнічае вакальная група «Сяброўкі» — заўсёды жаданы госць на ўсіх раённых мерапрыемствах.

■ Святлана Шчукіна (справа) і вакальная група «Сяброўкі»

— Выязныя канцэрты, агітбрыгады, святы — асноўная дзейнасць аўтаклуба, у першую чаргу ў аддаленых і маланаселеных вёсках, — расказвае загадчык аўтаклуба  Святлана Шчукіна. — «З добрай песняй» наведваем герояў пасяўной і ўборачнай сельскагаспадарчай кампаніі, якая  праводзіцца на палявым стане, зернетаку. Арганізоўваем таксама гастролі мясцовых артыстаў па раёне і за яго межамі.

Дзейнасць сваю «клуб на колах» плануе на аснове інтарэсаў і з улікам патрэб мясцовых жыхароў кожнага населенага пункта. Катэгорыя абслугоўвання — рознаўзроставая. Дапамагаюць у ажыццяўленні гэтых планаў практычна ўсе ўстановы культуры раёна, а таксама супрацоўнікі раённага цэнтра культуры.

— Штогод аўтаклубам праводзяцца разнастайныя выязныя канцэрты і міні-канцэрты, — працягвае размову Святлана Анатольеўна. — Для работнікаў сельскіх устаноў культуры адбыўся семінар на тэму «Методыка падрыхтоўкі і правядзення міні-канцэртаў і віншавальных турнэ» на базе філіяла «Лакнея» УП «ПрыортрансАгра». Прыйшліся даспадобы віншавальныя паштоўкі да юбілейных дат ветэранам працы культуры, перадавым працаўнікам сельскай гаспадаркі, якія ўручаліся падчас пасяўной і ўборачнай кампаній.

Жыццё аўтаклуба насычанае. Разам з вакальнай групай «Сяброўкі» «клуб на колах» прымае ўдзел у раённым конкурсе касцоў, раённых святах — «Зажынкі», «Дажынкі», «Купалле» і свяце бульбы. Таксама актыўна ўдзельнічае ў падрыхтоўцы і правядзенні агляду-конкурсу патрыятычнай песні «Я помню, я ганаруся!», у творчай эстафеце «За любімую Беларусь!» сярод клубных устаноў. Цікава праводзяцца агеньчыкі для ветэранаў вайны і працы, сямейнае свята «Родительский дом — начало начал», шчадравальнае валачэнне  «Добры вечар добрым людзям!». Члены аўтаклуба прымаюць удзел у абрадзе «Цары», рыхтуюць і праводзяць вечары адпачынку   для людзей сталага ўзросту і міні-канцэрты «Мы вам жадаем…» у рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» і шмат іншых.

Аўтаклуб пастаянна прымае ўдзел і ў абласных, міжрэгіянальных мерапрыемствах: з канцэртам народнага ансамбля народнай песні «Спадчына» да міжрэгіянальнага фестывалю народнай творчасці «Скарбонка Клеччыны» аўтаклуб выязджаў у в. Заастравечча  Клецкага раёна. Таксама з гэтым калектывам прымаў удзел у абласным свяце традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы» ў Слуцку, а з народным калектывам гульні і гумару «Капыльскія пацехі» — у абласным свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі». Праводзяцца аўтаклубам  і навагоднія праграмы, напрыклад,  у рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» і ў шэсці  Дзедаў Марозаў і Снягурак.

Работа  аўтаклуба мае шмат станоўчых водгукаў ад насельніцтва, як адна з лепшых форм работы па далучэнні да культурных каштоўнасцей.

— На жаль, не так часта, як хацелася б, жыхары маланаселеных вёсак  могуць парадаваць сябе сапраўднымі канцэртамі, святамі і іншымі забаўляльнымі мерапрыемствамі, — адзначае Святлана Шчукіна. — І як вяскоўцы рады, калі да іх прыязджаюць самадзейныя артысты, а калі прыезд выпадае на цёплы перыяд года, то нават упрыгожваюць свае падворкі вышыванымі рушнікамі і абрусамі, тканымі посцілкамі. Адразу адчуваецца святочны настрой, спяваюць і артысты, і гледачы. Сваю асноўную задачу «клуб на колах»  будзе рэалізоўваць і далей — калясіць па раёне, каб зрабіць паўсядзённае жыццё жыхароў аддаленых і маланаселеных вёсак, працаўнікоў сельскай гаспадаркі, хоць на адзін вечар больш разнастайнам і святочным.

Таццяна БОХАН