Отличительной чертой народного ВИА «Замковая гора» является то, что его участники продвигают авторские произведения

Актуально Культура

Адметнасць народнага вакальна-інструментальнага ансамбля  «Замкавая гара» ў тым, што з першых дзён існавання ўдзельнікі прапагандуюць свае аўтарскія творы. Дарэчы, у абласным фестывалі народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», які адбудзецца 24 кастрычніка ў Мар’інай Горцы, калектыў выступіць з новай аўтарскай песняй «Божа мой».

■ Аднадумцы – Аляксей Траццяк, Андрэй Раеўскі, Аляксей Вайцешык, Аляксандр Куршаў і Сяргей Шкурдзе

«Божа мой» — гэта песня-роздум, твор, які павінен навесці кожнага на думку аб скарацечнасці і сэнсе нашага жыцця. Праца над ёй пачалася ў ліпені мінулага года. У аснову пакладзены адзін з вершаў капыляніна  Аляксея Траццяка.

— Пераглядаючы рэпертуар калектыву, зразумеў, што ў нас мала песень на беларускай мове, — расказвае мастацкі кіраўнік «Замкавай гары» Андрэй Раеўскі. — А з Лёшам мы сябруем, і я ведаў, што ён пачаў пісаць на роднай мове. Вось і прапанаваў яму прынесці свае вершы. Сярод іх мне спадабаўся адзін верш. Але гэта не быў песенны твор, трэба было яго дапрацаваць, патрабаваўся яркі прыпеў, які б і стаў кульмінацыяй твора. Толькі ў студзені 2020 года скончылася праца над песняй. Было тры варыянты аранжыроўкі. Вельмі хацелася данесці гэты твор да слухача, але так, каб музыка не была слабейшая за словы, каб яны былі гарманічнымі.

Увесь час рок-музыкант Андрэй Раеўскі з любоўю спазнае родны край, пастаянна шукае тое, што можна разгарнуць на музычнай хвалi. І дасягнуў гэтага: на яго думку песня «Божа мой» —  два крокі наперад у творчасці калектыву. Яе ўжо добра ведаюць беларусы, якія жывуць у Амерыцы, Кітаі і ў бліжнім замежжы.

— Хацелася песню паказаць як адзіны вобраз, — працягвае размову Андрэй Раеўскі, — таму быў прыдуманы сцэнарый, і разам з Аляксеем Траццяком знялі відэа, у якім адлюстравалі наша бачанне як мастакоў, як аўтараў песні. Атрымалася ці не, лічыць гледачам, але, спадзяюся, што яна кране іх душу і сэрца.

У рэпертуары «Замкавай гары» шмат песень і музычных кампазіцый. За час існавання было напісана некалькі праграм: патрыятычныя, сацыяльныя (прысвечаныя праблеме наркаманіі), але больш за ўсё — лірычныя, бо на каханні і свет трымаецца. Суаўтарам з’яўляецца Аляксей Вайцешык, які працуе ў калектыве з самага пачатку стварэння. Вынікам плённай і напружанай працы стала  напісанне больш за 80 аўтарскіх твораў.

«Замкавая гара» —  гэта група аднадумцаў, калектыў таленавітых, зацікаўленых людзей.

— Я вельмі ўдзячны лёсу, што ён падарыў мне спатканне з тымі людзьмі, з якімі сёння працую, —  адзначае Андрэй Раеўскі. — Кожным удзельнікам ганаруся, бо кожны з іх — гэта не толькі асоба, але і прафесіянал сваёй справы. Адным з першых, каго я запрасіў у свой калектыў, стаў саліст Аляксей Вайцешык. Гэта чалавек — творца, у мінулым —  супрацоўнік органаў унутраных спраў, які піша не толькі вершы і песні, але таксама пачаў выдаваць аповесці і раманы. З прыходам Сяргея Шкурдзе — вакаліста, барабаншчыка і канцэртмайстара, калектыў узмацніўся. Ён шматдзетны бацька, прафесійны музыкант, які больш за дзесяць год быў у складзе вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Бас-гітарыст Аляксандр Куршаў — музыкант ад прыроды, а Віталь Самахвалаў віртуозна іграе на ўдарных інструментах.

Сёння рок-групу добра ведаюць не толькі ў Капылі, але і за яго межамі. Аднак спачатку яны пакаралі пляцоўкі нашага раёна, робяць гэта і цяпер. А наогул, ездзяць усюды, куды запрашаюць. У мінулым годзе «Замкавая гара» ўдастоена Дыплома I ступені па выніках вакальнага конкурсу «Rock-song (live)-2019». Насычаная канцэртная дзейнасць і ў 2020 годзе: прымалі ўдзел у фестывалі жывой музыкі «Ад блюза да року» ў г. Паставы, тэматычным канцэрце «Творчасць супраць наркотыкаў» у г. Кіраўску, канцэрце жывой музыкі «Рок-хітс» у Асіповічах. Сёння ўдзельнікі працуюць над новай праграмай і, па словах кіраўніка, гэта працяг усёй той тэматыкі, якую закранулі ў песні «Божа мой». А гэта значыць — у калектыва наперадзе новыя поспехі ў творчасці  і, вядома, удзячныя слухачы.

Таццяна БОХАН