9 октября — Всемирный день почты

Актуально Общество

Жыхары глыбінкі, большую частку якіх складаюць пенсіянеры, часта ўспрымаюць пошту як нітачку, якая злучае іх з вялікім светам. У многія населеныя пункты Капыльскага раёна арганізавана мотадастаўка (матарызаваная дастаўка).

Яна цалкам выконвае функцыі паштальёнаў у маланаселеных і аддаленых пунктах. Пошта на колах аказвае шырокі пералік паслуг: акрамя дастаўкі карэспандэнцыі праводзіцца выплата пенсій, прыём і выдача ўсіх відаў паштовых адпраўленняў, аплата паслуг, ажыццяўляецца падпіска, рэалізацыя паштовак, латарэй. У паштальёна жадаючыя могуць купіць або заказаць патрэбныя ім тавары, скарыстацца паслугамі паштовага інтэрнэт-магазіна.

Каб нават у самых аддаленых пунктах своечасова атрымалі адпраўленні і тавары, работнікі мотадастаўкі пачынаюць збірацца ў сем раніцы. У памяшканні, дзе яны працуюць, у гэты час, як той казаў, яблыку няма дзе ўпасці. Аб’ёмныя мяшкі, у якіх паштовыя адпраўленні прыходзяць у аддзяленне, трэба хутка распакаваць, усё раскласці па даставачных участках.

■ Паштальёны мотадастаўкі Настасся Ткачук, Святлана Лагодзіч і Марына Тароцька

– Кожны ўчастак мотадастаўкі атрымлівае перыёдыку. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца газеты «Слава працы», «Мінская праўда», «СБ. Беларусь сегодня». Сярод пісьмаў пераважае заказная карэспандэнцыя – перапіска арганізацый з фізічнымі і юрыдычнымі асобамі. Пасылкі бываюць розныя – ад маленькага бязважкага канверціка да буйнагабарытных, для якіх ні адна стандартная ўпакоўка не падыдзе па памеры, – расказвае начальнік Капыльскага ўчастка паштовай сувязі Ігар Бурак. – Сумаваць тут не даводзіцца. Наш паштовы сэрвіс ахоплівае 128 населеных пунктаў (гэта каля 60% усяго раёна), сярод іх ёсць такія, пра якія мала хто ведае ў раёне: Страхіні, Старына, Руднікі, Куцаўшчына, Стараселле і іншыя. Паштальёны мотадастаўкі Святлана Лагодзіч, Настасся Ткачук, Марына Тароцька, Аксана Кукула, Ніна Мацэля і іх куратар Ірына Таратынава заўсёды прытрымліваюцца крэда – «Хуткасць. Надзейнасць. Даступнасць», а іх мэта – дайсці да кожнага. Паштальёнаў вельмі чакаюць пажылыя людзі. Для кагосьці сустрэча з імі – лепшыя лекі ад адзіноты і хвароб. А паштовыя работнікі ў сваю чаргу з вялікай павагай і душэўнай цеплынёй адносяцца да кожнага кліента на сваім маршруце.

Сяргей КОЗЕЛ