Работа с обращениями граждан находится на постоянном контроле в Копыльском райисполкоме

Важное Прямые линии и приемы граждан

Адным з найважнейшых напрамкаў у дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў, прадпрыемстваў і арганізацый, якія займаюцца абслугоўваннем насельніцтва, з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян. Дадзеная тэма знаходзіцца на пастаянным кантролі ў раённым выканаўчым камітэце.

Некаторыя пытанні абмяркуем з загадчыкам сектара па рабоце са зваротамі грамадзян райвыканкама Наталляй Язвінскай.

– Наталля Уладзіміраўна, што ж найбольш хвалюе нашых землякоў, які характар зваротаў?

– Перш за ўсё, адзначу, што пытанні работы з насельніцтвам, у тым ліку ў частцы разгляду зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб для нас з’яўляюцца прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці, іх разгляд знаходзіцца на пастаянным кантролі.

Спектр пытанняў, па якіх да нас звяртаюцца грамадзяне, досыць шырокі. Найбольш жа актуальнымі для людзей застаюцца такія пытанні, як работа жыллёва-камунальнай гаспадаркі, рамонт дарог, прадастаўленне жылой плошчы і паляпшэнне жыллёвых умоў, тэма  працаўладкавання, пенсійнага забеспячэння.

Часам бывае так, што ў момант звароту пытанне заяўніка не можа быць вырашана па аб’ектыўных прычынах, тады яно ставіцца на кантроль.

– Вядома, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь дае і гарантуе сваім грамадзянам правы і свабоды, а таксама надзяляе іх сродкамі для абароны, у якасці аднаго з якіх выступае інстытут права грамадзян на звароты ў дзяржаўныя органы.

– Так, згодна з арт. 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны мае права накіроўваць асабістыя і калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы. Гэта права грамадзян замацавана і ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб». Права ёсць, і яго можна рэалізаваць. Але варта сказаць пра іншае. Па-першае, не ад колькасці зваротаў залежыць,  вырашыцца пытанне ці не, а ад наяўнасці законных падстаў. Па-другое, шмат што залежыць ад рэальных магчымасцей і наяўнасці сродкаў. Напрыклад, нельга адначасова зрабіць капітальныя рамонты ўсіх жылых дамоў. Бо сумы, якія выплачваюцца насельніцтвам на капітальны рамонт, у параўнанні з коштам работ досыць малыя. Таму плацяжы на гэтыя мэты акумулююцца і накіроўваюцца на рамонт дамоў, якія патрабуюць гэтага ў першую чаргу ў адпаведнасці з графікам. Іншая справа, што гэтыя работы павінны выконвацца якасна і ва ўстаноўленыя тэрміны. Нельга не сказаць і пра тое, што ёсць грамадзяне, для якіх напісанне «скарг» амаль прафесійная праца. На жаль, часам пры гэтым такія паняцці, як законнасць і абгрунтаванасць адыходзяць на другі план. Гэта сапраўды перашкаджае працаваць.

– Ці сустракаюцца выпадкі, калі пытанні пасля прыёму вырашаюцца адразу ж ці ва ўстаноўленыя тэрміны?

– Безумоўна. У якасці прыкладу магу прывесці адзін са жнівеньскіх прыёмаў старшынёй райвыканкама Сяргеем Пілішчыкам. Усе тры звароты вырашаны станоўча. Так, жыхару в. Чырвоны Партызан Капыльскім філіялам ДП «Мінаблпаліва» замест пяску, прывезенага з торфам, дастаўлена 500 кг брыкету. Зварот жыхара в. Станькі наконт спілоўвання аварыйна-небяспечных дрэў у населеным пункце разгледжаны камісійна зацікаўленымі службамі і вырашаны на працягу двух тыдняў. Па звароце капылянкі наконт аказання матэрыяльнай дапамогі на дарагое лячэнне было прынята рашэнне камісіі па назначэнні дзяржаўнай адраснай дапамогі заяўніцы.

Гутарыў Сяргей КОЗЕЛ