В Копыльском районе продолжают работать наблюдательные комиссии

Важное Закон. Безопасность

Жыхары Капыльскага сельсавета, ды і іншых, не здзіўляюцца, калі да іх у дамы вялікай групай прыходзяць прадстаўнікі ўлады, сацыяльнай службы, МНС, энерганагляду, міліцыі, грамадскасці, медыкі.

– На жаль, не ўсе клапоцяцца пра ўласную бяспеку, – тлумачыць Віталь Мароз, спецыяліст Капыльскага сельвыканкама і сакратар назіральнай камісіі пры выканкаме. – І тым самым ставяць пад пагрозу сваё жыццё і тых, хто побач: членаў сям’і, сваякоў, суседзяў. Менавіта для прадухілення надзвычайных сітуацый і гібелі людзей у агні і ад іншых знешніх прычын пры сельвыканкаме працуе назіральная камісія, якая кожны тыдзень абследуе дамы вяскоўцаў.

Члены назіральнай камісіі гутараць з мнагадзетнай маці Таццянай Шоляк

На тэрыторыі сельсавета  дваццаць населеных пунктаў, звыш 2300 чалавек насельніцтва. Больш за трыста з іх – пражываюць адзінока, 27 – поўнасцю адзінокія. За гэтай катэгорыяй людзей, а таксама за сем’ямі, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, назіральная камісія «назірае» з асаблівай прыхільнасцю. У гэтым годзе ўжо абследаваны 1159 домаўладанняў. На жаль, нягледзячы на гэта, на тэрыторыі сельсавета здарыліся тры пажары, у агні загінулі людзі.

– Большасць загінулых упарта ігнаравалі правілы пажарнай бяспекі, не прыслухоўваліся да просьб назіральнай камісіі, парушалі нормы паводзін у быце, – адзначае спецыяліст Капыльскага РАНС Андрэй Мацейка. – Мы ж не проста абследуем жыллё, каб пераканацца ў яго бяспецы, але і праводзім растлумачальную работу, дапамагаем вырашаць набалелыя праблемы.

У ходзе чарговага рэйду ў в. Дусаеўшчына члены камісіі надавалі ўвагу фактарам, якія ўплываюць на бяспеку пражывання грамадзян, правяралі спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, праводкі, пячнога ацяплення, прапаноўвалі пажылым людзям дапамогу ад тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таксама, заходзячы ў дамы, у абавязковым парадку з жыхарамі праводзіліся інструктажы па правілах пажарнай бяспекі і ўручаліся памяткі.

Людзі на з’яўленне ў доме такой прадстаўнічай «дэлегацыі» звычайна рэагуюць станоўча. Вядома ж, не ўсе сустракаюць назіральную камісію з распрасцёртымі абдымкамі. Тыя, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, часта абураюцца, калі нехта прыходзіць у дом і пачынае правяраць стан жылля і задаваць «нязручныя» пытанні. Але ў камісіі ёсць адпаведныя паўнамоцтвы.

– Жыллё людзей, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, трэба правяраць у першую чаргу, – лічыць Андрэй Мацейка. – Як паказвае статыстыка, большасць загінулых у пажарах – нецвярозыя. Але ахвярай агню можа стаць любы. Таму мы патрабуем ад грамадзян, каб яны абавязкова ўсталёўвалі аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. І падчас назіральных камісій правяраем наяўнасць гэтых прыбораў.

І ў цэлым у дачыненні да апавяшчальнікаў ёсць заўвагі. Напрыклад, некаторыя жыхары, пачуўшы частае «папіскванне» прыбора і лічачы гэта паломкай, проста здымаюць яго. Між тым гэты гук сігналізуе пра тое, што пара замяніць батарэйку.

– У тым, што падобныя праверкі патрэбныя, сумнення няма: яны ўсё ж прымушаюць жыхароў задумацца аб асабістай бяспецы і бяспецы блізкіх, – рэзюмаваў Віталь Мароз. – Такім чынам, назіральныя камісіі – гэта эфектыўны і незатратны спосаб папярэдзіць як сацыяльныя, так і бытавыя праблемы. Бо кожны дарослы і дзеяздольны грамадзянін павінен у першую чаргу сам клапаціцца аб уласным дабрабыце і бяспецы.

Сяргей КОЗЕЛ