Старейшина агрогородка Тимковичи Зоя Лявар — надежный помощник местной власти

Важное Общество

У жыцці нашага грамадства ўсё большае значэнне набывае дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, у прыватнасці, інстытут старэйшын. Старэйшыны сталі незаменнымі памочнікамі сельвыканкамаў у вырашэнні паўсядзённых праблем вясковага насельніцтва.

Так расказала старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава пра сваіх першых памочнікаў і дарадчыкаў. Сваімі старэйшынамі Алена Мечыславаўна задаволена: яны добра валодаюць сітуацыяй на месцах, своечасова рэагуюць на запыты аднавяскоўцаў, інфармуюць пра іх турботы сельвыканкам, з якім падтрымліваюць аператыўную сувязь, што дазваляе хутчэй вырашаць тыя ці іншыя пытанні.

— У некаторых выпадках старэйшыны могуць аказаць сельвыканкаму нават большую дапамогу, чым дэпутаты сельскага Савета. Ім лягчэй дайсці да кожнага вяскоўца, разабрацца ў сутнасці яго праблемы, падказаць шляхі вырашэння, — лічыць старшыня сельвыканкама. — Некаторыя пытанні вырашаюць самі, не звяртаючыся ў сельвыканкам.

На  тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета інстытут старэйшын прадстаўлены 25 памочнікамі ўлады. Сваёй апорай Алена Острыкава лічыць Ганну Лупанос з Вялікай Раёўкі, Валянціну Рычык з Куцаўшчыны, Алену Лушчыцкую з Руднага, Зінаіду Станкевіч з Чарнагубава. А вось, напэўна, самая актыўная з іх — Зоя Лявар з Цімкавіч.

■ Зоя Лявар

Ужо 12 гадоў Зоя Канстанцінаўна знаходзіцца на гэтай, так бы мовіць, пасадзе. Акрамя таго яна з’яўляецца старшынёй мясцовай ветэранскай арганізацыі, якая аб’ядноўвае 469 чалавек. Таму ведаюць яе ўсе, гэтак жа як і яна. Усе праблемы пажылых заўсёды праходзяць праз яе сэрца. Яна стараецца знайсці выйсце з любой жыццёвай сітуацыі.

Усё жыццё Зоі Канстанцінаўны праходзіць у рабоце непасрэдна з людзьмі. Працавала дыспетчарам, начальнікам калоны ў аўтабазе Міжкалгасбуда, загадчыкам гаспадаркі ва ўчастковай бальніцы, спецыялістам у сельвыканкаме. Сама тутэйшая, цімкавіцкая. З мужам выхавалі сына, маюць дзвюх унучак.

Старэйшына Зоя Лявар шмат увагі надае рабоце па навядзенні і падтрыманні санітарнага парадку ў населеных пунктах. Сама з’яўляецца прыкладам для пераймання ў справе ўтрымання падворкаў і прыдамавой тэрыторыі, якая патанае ў кветках.

І яшчэ, як адзначыла Алена Острыкава, старэйшыны наводзяць парадак не толькі на вуліцах і дварах, але і ў душах суграмадзян, ствараюць нармальны мікраклімат у месцах пражывання. Гэта значыць, што людзі ідуць да старэйшын не толькі па пытаннях уладкавання быту, але і звяртаюцца з праблемамі маральнага, псіхалагічнага плана, недабрабыту ў асабістым, сямейным жыцці.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *