Директор ОАО «Старица-Агро» Владимир Рудаковский в эти дни празднует юбилей

Актуально Минщина, мы тобой гордимся! Ступени успеха

Добрым прыкладам сапраўднага кіраўніка з’яўляецца дырэктар ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Рудакоўскі заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі «Чалавек года Міншчыны-2018», які днямі святкуе юбілей.

За ўсе 16 гадоў, на працягу якіх Уладзімір Анатольевіч узначальвае гаспадарку, ён зарэкамендаваў сябе як дысцыплінаваны, ініцыятыўны кіраўнік, які ведае сельскагаспадарчую вытворчасць і валодае высокімі арганізатарскімі здольнасцямі. Рудакоўскі адрозніваецца ўменнем бачыць перспектыву развіцця аграпрамысловага комплексу і ў няпростых сацыяльна-эканамічных умовах дабівацца найбольшых поспехаў пры мінімальных матэрыяльных выдатках. За шматгадовую добрасумленную працу ў аграпрамысловым комплексе, асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Капыльскага раёна ў лютым 2013 года Рудакоўскі ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі».

Сваю працу Уладзімір Анатольевіч вельмі любіць, таму расказваць пра яе можа бясконца. У сваім кабінеце ён не доўга знаходзіцца, а праводзіць большую частку працоўнага часу на фермах, палях, сустракаючыся з працаўнікамі. А яшчэ Уладзімір Анатольевіч любіць сваю малую радзіму – вёсачку Роспы, дзе нарадзіўся і набыў першы сельскагаспадарчы вопыт.

Я вырас у простай сям’і працавітых людзей: бацька Анатоль Ануфрыевіч быў брыгадзірам мясцовай паляводчай брыгады, а маці Леаніда Фёдараўна прысвяціла сябе навучанню дзяцей у Мрочкаўскай пачатковай школе, так расказваў пра сябе ў адным з інтэрв’ю Уладзімір Анатольевіч. Таму і мяне заўсёды цягнула да зямлі.

І шлях у сельскую гаспадарку быў зусім невыпадковым. Справа ў тым, што землі, дзе жыла сям’я Рудакоўскіх, былі забалочанымі. Таму ў юнага Валодзі з’явілася думка зрабіць што-небудзь для іх паляпшэння. І адзіным правільным рашэннем стала паступленне на факультэт гідрамеліярацыі Беларускай сельгасакадэміі. Пасля яго заканчэння малады спецыяліст вярнуўся на Капыльшчыну. Спачатку працаваў майстрам, прарабам, пазней галоўным інжынерам, а потым і дырэктарам ПМК-11, якая займалася меліярацыяй. Нейкі перыяд быў першым намеснікам старшыні райвыканкама, узначальваў упраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама.

У ААТ «Старыца-Агра» Рудакоўскі прыйшоў у 2004-м. Трэба адзначыць, што гаспадарка і дагэтуль мела свае працоўныя дасягненні, аднак Уладзімір Анатольевіч не толькі змог захаваць іх, а і стабільна утрымліваць прадпрыемства ў ліку перадавікоў. Безумоўна, дапамагаюць дырэктару спецыялісты і працаўнікі, а само сельгаспрадпрыемства добра вядома не толькі ў нашым раёне, вобласці, рэспубліцы, але нават і за яе межамі.

Рудакоўскі ведае патрэбы сялян, таму заўсёды знаходзіць агульную мову з насельніцтвам, якое ў сваю чаргу вельмі давярае яму. Невыпадкова Уладзімір Анатольевіч неаднойчы выбіраўся дэлегатам Усебеларускага народнага сходу, дэпутатам Мінскага абласнога і Капыльскага раённага Саветаў дэпутатаў. Вырашаць набалелыя пытанні землякоў ён імкнецца незалежна ад графіка прыёму, да кожнага знаходзіць свой падыход.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *