День деревни отпраздновали жители агрогородка Тимковичи

2018-2020 - год малой Родины Важное Минщина, мы тобой гордимся! Общество

Днямі свята вёскі адгулялі ў аграгарадку Цімкавічы:  перарэзалі чырвоную стужку ў абноўленым пасля рэканструкцыі парку адпачынку, ушанавалі шматдзетныя сем’і ды і проста весела бавілі час разам з землякамі.

▪ Новы парк у аг. Цімкавічы

…У самым цэнтры населенага пункта на працягу некалькіх месяцаў вялася старанная работа па абнаўленні парку адпачынку. Свой уклад унеслі амаль усе працаўнікі арганізацый, якія знаходзяцца на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета. Гэта супрацоўнікі і сярэдняй школы, і сельвыканкама, і сельскага дома культуры, і бальніцы, і Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага, і бібліятэкі, і іншыя. Не аднойчы прадстаўнікі сацыяльнай сферы выходзілі на суботнікі: фарбавалі плот, падсыпалі зямлю, упрыгожвалі тэрыторыю.

Дапамагалі і шматлікія іншыя арганізацыі. Напрыклад, будаўнічыя матэрыялы набылі за сродкі ўраджэнца Цімкавічаў Дзмітрыя Сямашкі. Аўтапарк № 21 падвозіў зямлю, СТАА «Бетонбокс» – пясок. Аказалі матэрыяльную падтрымку індывідуальныя прадпрымальнікі Аляксей Занкевіч, Сяргей Парыбак, Дзмітрый Сямашка і Наталля Мялешка. Каб было дзе адпачыць, у парку ўстанавілі лаўкі філіялы «Руднае», «Вялікая Раёўка» і ААТ «Капыльскае», а хутка зоймуць свае месцы лаўкі, якія былі выраблены на сродкі Аляксея Занкевіча, ПГУП «НікВалТорг» і аўтапарка № 21. Памятную пліту, дзе змешчаны словы знакамітага пісьменніка Кузьмы Чорнага: «Родныя мясціны… Там жывуць усе мае персанажы», – вырабіў Сяргей Вайтовіч. Дарэчы, у свой час ён скончыў Цімкавіцкую СШ, а зараз узначальвае ТАА «ВоМагран». Аказаў дапамогу і Капыльскі РКБА: менавіта супрацоўнікі названай арганізацыі ўсталявалі памятную пліту на валун, дастаўку якога арганізавала старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк. Ды і наогул, раённыя ўлады дапамаглі з добраўпарадкаваннем: шчырыя словы падзякі старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава выказвае старшыні райвыканкама Сяргею Пілішчыку. Кожнаму, хто аказаў пасільную дапамогу, сельвыканкам падрыхтаваў і ўручыў сувеніры.

На свяце ўшаноўвалі сем’і, якія ў гэтым годзе сталі шматдзетнымі. Віншаванні прымалі Аляксандр і Кацярына Капачэўскія: да двух сыночкаў «далучылася» дачушка. У Дзмітрыя і Таццяны Палевіковых наадварот: было дзве дзяўчынкі, а нарадзіўся хлопчык. Трэці сын з’явіўся ў Сяргея і Вольгі Шышко. Адметна, што ўсе дзеткі ўбачылі свет у сакавіку гэтага года.

Адзначылі на свяце і гаспадароў лепшага мала-дзёжнага падвор’я – Марыну і Сяргея Боханаў, у якіх каля роднай хаты – сапраўдныя чысціня, прыгажосць і парадак. Дарэчы, за падарункі для маладых сем’яў і лепшых гаспадароў арганізатары свята ўдзячны РА ГА «Беларускі саюз жанчын», РА РГА «Белая Русь», ААТ «Капыльскае» і аўтапарку № 21.

Паслухаць прыгожыя песні госці і ўдзельнікі свята змаглі падчас канцэртнай праграмы, падрыхтавалі якую супрацоўнікі Цімкавіцкага СДК. А вырабы народных умельцаў былі прадстаўлены на выставе, што разгарнулася тут жа, у абноўленым парку.

Весела бавіць час, а таксама пачаставацца салодкай ватай і іншымі прысмакамі маглі і дзеткі, для якіх да таго ж працавалі надзіманыя атракцыёны. Сваё месца знайшлі і гандлёвыя кропкі Капыльскага райспажыўтаварыства.

– Лічу, што свята ўдалося на славу, – каменціруе старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама Алена Острыкава. – Але, каб весела пагуляць, нам прыйшлося старанна папрацаваць. Аднак цяпер у нашым аграгарадку ёсць прыгожы парк адпачынку, дзе, дарэчы, стаіць памятны знак, прысвечаны нашаму земляку Кузьме Чорнаму.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *