Хвілінкі радасці

Культура

падарылі жыхарам в. Вошкаты самадзейныя артысты Дусаеўшчынскага СК.

Вестка, што ў вёску Вошкаты, дзе даўно няма клуба, прыедуць з канцэртам, была ўспрынята яе жыхарамі з вялікай радасцю. А пра тое, каб самадзейным артыстам было дзе выступіць, паклапаціліся старшыня Капыльскага сельскага Савета Вольга Купрыенка і старэйшына вёскі Вошкаты Ганна Барысевіч.

І вось ужо аўтобус вязе невялікі калектыў на чале з яго кіраўніком Святланай Ліннік у Вошкаты. Разам з артыстамі на сустрэчу з вяскоўцамі накіраваліся бібліятэкар Дусаеўшчынскай сельскай бібліятэкі Галіна Сінюк, старшыня ветэранскай арганізацыі ААТ “П-з “Дусаеўшчына” Часлава Грыгаровіч. У памяшканні былога ФАПа нас ужо чакалі мясцовыя жыхары і старшыня сельскага Савета.

Пакуль дзі-джэі Аляксей Нагорны і Сяргей Данчанка ўстанаўлівалі апаратуру, завязалася шчырая гутарка. І вось пачынаецца канцэрт. Яго тэма — каханне, любоў да зямлі, Радзімы, бацькоў. Праграму вядзе Галіна Сінюк. Адкрыць яе даверылі аўтару гэтых радкоў вершам “Зямля мая”. Парадавалі песнямі і юныя артысты — Кацярына Сінюк, Вікторыя Кулікоўская, Васіль Сусуновіч. Трэба адзначыць, што яны ўжо “зорачкі” са стажам, іх песеннымі задаткамі ганарацца жыхары Дусаеўшчыны. Знайшлося ў канцэрце і месца для гумарэсак.

Раставанне было душэўным. Усе сышліся на думцы, што такія мерапрыемствы карысныя, паколькі вельмі важна не забываць і пра жыхароў маленькіх вёсачак, якія працуюць, мараць, радуюцца, чакаюць і натхняюць пазітывам.

Ядвіга МАЛЕВІЧ,

в. Дусаеўшчына



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *