«Ён наш зямляк, ён наша слава» – пад такой назвай у Цімкавіцкай сельскай біліятэцы была арганізавана выстава, прысвечаная Карлу Феліксавічу Раманоўскаму і яго сыну Міколу. Яна выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў гэтай установы культуры.
Усе мы ведаем Міколу Раманоўскага пад псеўданімам Кузьма Чорны як класіка беларускай прозы, выдатнага перакладчыка, грамадскага дзеяча. Але ёсць у яго біяграфіі і малавядомыя для шырокага кола чытачоў старонкі жыцця. Напрыклад тое, што пасля заканчэння Цімкавіцкага народнага вучылішча, дзе ён паказаў сябе здольным вучнем, два гады Мікола працаваў па хатняй гаспадарцы, хадзіў з бацькам па ўсёй акрузе ў пошуках плотніцкай працы. Шмат пабачыў за гэты час гора людскога, пазнаёміўся з каларытнымі беларускімі тыпамі, выслухаў нямала цікавых гісторый.
Менавіта гэтаму перыяду і была прысвечана выстава сталярных і плотніцкіх інструментаў, якімі магчыма карыстаўся Кузьма Чорны ў перыяд 1913-1915 гг.
Сучасны чалавек малазнаёмы з такімі прыладамі працы, таму кожны інструмент быў падпісаны, там жа было тлумачэнне, як яго прымяняць. Знайшлося на выставе месца і творам «беларускага Дастаеўскага», а таксама кнігам па будаўніцтве.
Вольга РАДКЕВІЧ,
загадчык Цімкавіцкай сельскай бібліятэкі