В эти дни поздравления принимали Олег и Ольга Копко из Копыля — накануне Дня Независимости у них родился третий ребенок

Актуально Минщина, мы тобой гордимся! Общество

Гэтымі цёплымі ліпеньскімі днямі віншаванне прымала сям’я Алега і Вольгі Копкаў з Капыля, у якой напярэдадні Дня Незалежнасці нарадзілася трэцяе дзіцятка.

Шчаслівыя бацькі сустракалі гасцей на двары каля сваёй хаты. Да таты пяшчотна туліўся двухгадовы Андрэйка, а самы старэйшы Максім, якому споўнілася чатыры, знаходзіўся ў дзіцячым садзіку. Віноўнік урачыстасці Кірыл – такое імя далі немаўляці – разам з татам і мамай прымаў віншаванні і падарункі. Прыгожую чырвоную вышыванку ўручылі загадчыца аддзела ЗАГС Вікторыя Траяновіч і выконваючая абавязкі першага сакратара РК ГА «БРСМ» Настасся Давыдзенка.

Вікторыя Траяновіч, Настасся Давыдзенка, Алег і Вольга Копкі са старэйшым сынам Андреем

– Вось  ужо чацвёрты год мы працягваем добрую  традыцыю і ўручаем вышыванкі тым, хто з’явіўся на свет напярэдадні свята – Дня незалежнасці, – звярнулася да шчаслівых бацькоў Вікторыя Траяновіч. – Вышыванка на працягу некалькіх стагоддзяў з’яўляецца нейкім генетычным кодам, які звязвае цяперашняе пакаленне з папярэднімі. Гэта своеасаблівы абярэг, і мы шчыра жадаем, каб дзеці раслі здаровымі і шчаслівымі. Няхай гэтыя абярэгі абараняюць малых, дапамагаюць ім у будучыні рэалізаваць сябе і ўсе свае ідэі на карысць роднай краіны. Разам з падарункамі дазвольце перадаць вам і ліст-віншаванне ад старшыні райвыканкама Сяргея Пілішчыка.

Добрыя словы пажаданняў адрасавала і Настасся Давыдзенка:

– Акцыя «Падары нованароджанаму вышыванку» яшчэ маладая. Але гэта ўнікальны, вельмі цёплы праект, бо мы віншуем з Днём Незалежнасці маладых маці і самых маленькіх нашых суайчыннікаў, якія толькі з’явіліся на свет. Дорым ім адзенне з выявай нацыянальнай сімволікі, каб яны раслі і мацнелі на радасць роднай Беларусі.

■ У вольную хвіліну Алег Копка бавіць час з маленькім Кірылам

Словы шчырай удзячнасці прагучалі ад таты Алега і мамы Вольгі. Зараз маладыя бацькі афармляюць неабходныя дакументы, каб атрымаць статус шматдзетнай сям’і, а разам з ім і права на так званы сямейны капітал. На пытанне, куды накіруюць грошы, якія зараз можна выкарыстоўваць датэрмінова, гаспадар упэўнена адказаў:

– Будзем паляпшаць жыллёвыя ўмовы. Прыемна, што наша дзяржава клапоціцца пра шматдзетныя сем’і.

Дарэчы, і Алег, і Вольга – з Капыльскага раёна, але спрабавалі пачынаць сямейнае жыццё за яго межамі, у аграгарадку Вішнёўка, што ў Мінскім раёне. Аднак зразумелі, што сапраўдная радзіма – там, дзе ты нарадзіўся. І калі першынцу споўніўся год, вярнуліся ў родныя мясціны. Зараз Алег працуе ў ДРБУ № 124. Пасля працы з задавальненнем вяртаецца дадому, дзе яго чакаюць жонка і ўжо трое сыноў.

Дарэчы

– У рамках названай акцыі мы павіншавалі яшчэ дзве сям’і, дзе нарадзіліся дзеткі, – каменціруе Вікторыя Траяновіч. – Напрыклад, у Івана і Ганны Новік, у Дзяніса і Ірыны Мецько на свет з’явіліся першынцы. Яны таксама атрымалі вышыванкі, віншаванні ад старшыні райвыканкама і падарункі. Спадзяюся, што гэтая добрая традыцыя захаваецца і надалей.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *