В филиале «Великая Раевка» заложен виноградник

2018-2020 - год малой Родины Актуально Минщина, мы тобой гордимся! Экономика

Гэта гаспадарка адна з нямногіх у рэспубліцы, дзе будуць займацца вырошчваннем салодкай ягады.

Трэба сказаць, што філіял «В. Раёўка» — адно з тых сельгаспрадпрыемстваў, дзе ўпэўнены: дасягненне высокіх вынікаў у вытворчай сферы немагчыма без развіцця сацыяльнай інфраструктуры. На працягу апошніх пяці гадоў шмат для гэтага зроблена. Толькі ў 2019 годзе для спецыялістаў, занятых у гаспадарцы на самых розных работах, падрыхтавана сем жылых дамоў, дзе праведзены капітальны рамонт, створаны неабходныя для камфортнага жыцця на вёсцы ўмовы. Добра вядомы не толькі мясцовым жыхарам, але і далёка за межамі В. Раёўкі зона адпачынку «Аграхутар» і месца Памяці спаленых вёсак Капыльскага раёна. І вось цяпер вырашылі заняцца новай цікавай справай.

Ініцыятарам закладкі стаў дырэктар філіяла Іван Дамашэвіч, для якога вінаград не проста хобі, а сур’ёзнае захапленне, якое пачалося ў 2008 годзе. Займаўся развядзеннем калекцыі на пяці сотках, а вось зараз у гаспадарцы вінаград зойме два з паловай гектары.

— Гэта культура не зусім традыцыйная для нашай краіны, — адзначае Іван Віктаравіч. — Але згодна з даручэннем Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі мы павінны перайсці да вырошчвання імпартазамяшчальных культур. Вось і вырашылі паспрабаваць. Вядома, што ў 70–80-я гады мінулага стагоддзя вінаградарствам займаліся гаспадаркі паўднёвага рэгіёну рэспублікі, а цяпер, са зменай кліматычных умоў, са змяненнем селекцыі, можна вырошчваць гэтую ягаду і ў нас. Ёсць шэраг гатункаў, якія комплексна ўстойлівыя да хвароб, шкоднікаў. Гэта дадатковы імпульс для развіцця гаспадаркі, фарміравання яе брэнду і вёскі таксама.

Ідэю Івана Віктаравіча падтрымалі ў навукова-даследчым інстытуце пладаводства Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адкуль і паступіў пасадачны матэрыял, які высаджаны на вялікараёўскіх палетках. Навуковы супрацоўнік інстытута Уладзімір Усцінаў, які курыруе вінаградарства, падкрэсліў:

— Івана Віктаравіча як вінаградара ведаю ўжо даволі даўно, таму яго прапанову мы падтрымалі. Плошчы пад пасадку адпавядаюць усім патрабаванням: унесена неабходная колькасць арганікі, азотных угнаенняў. Сад, як гэта мае быць, абаронены пасадкамі з паўночнага і ўсходняга бакоў, пастаянна асвятляецца сонцам. Мы прапанавалі гатункі і сталовага, і тэхнічнага прызначэння, якія адаптаваны да нашых умоў надвор’я. Спадзяюся, што гадоў праз тры мы ўжо атрымаем першы ўраджай.

На пытанне, куды ж будзе рэалізоўвацца прадукцыя, Іван Дамашэвіч упэўнена адказаў, што ў першую чаргу салодкай ягадай будуць забяспечвацца наш і суседнія раёны.

Нельга не адзначыць, што на пасадку выйшлі каля пяцідзесяці чалавек: прычым як супрацоўнікі гаспадаркі, так і вяскоўцы, дачнікі, прадстаўнікі розных пакаленняў, каб стварыць у Вялікай Раёўцы яшчэ адзін прыгожы куточак.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *