Старицкие аграрии активно ведут подкормку кукурузы

Актуально Экономика

Сёлетняя халодная вясна неспрыяльна адбілася на пасевах, аднак некаторыя з іх усё яшчэ можна падкарміць, каб не страціць ураджай. Як сцвярджаюць спецыялісты, асабліва ўплываюць на рост азотныя ўгнаенні.

— Ад своечасовай падкормкі культур шмат у чым залежыць будучы ўраджай, таму агранамічныя службы гаспадарак Капыльшчыны імкнуцца арганізаваць максімальна якасную і прадукцыйную працу, — лічыць першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Ведзень. — Ва ўгнаеннях маюць патрэбу ўсе расліны, і сельгасарганізацыі раёна зараз актыўна  вядуць  падкормку кукурузы. Пасяўная плошча «каралевы палёў» складае больш за 17 400 гектараў. Гэта культура — асноватворная ў нарыхтоўцы кармоў, таму ёй усе гаспадаркі надаюць належную ўвагу.

Пасля завяршэння хімпраполак у фазе 3–6 лісточкаў рэкамендуецца правядзенне падкормкі кукурузы азотнымі ўгнаеннямі. Нядрэнна працуюць аграрыі ААТ  «Капыльскае», «Старыца-Агра», «Піянер-Агра», «Прагрэс 2010», «Скабін», філіяла «Вялікая Раёўка», УП «ПІК-Лясное» і інш.

— Кукуруза для нашай гаспадаркі — культура стратэгічная, — тлумачыць намеснік дырэктара па раслінаводстве ААТ «Старыца-Агра» Уладзімір Патоцкі. — Ад яе колькасці і якасці ў многім залежыць забеспячэнне жывёлы паўнацэннымі кармамі. З кожным годам у гаспадарцы павялічваецца пагалоўе (пяць гадоў таму было 8890 галоў, сёлета ўжо — 9280), адпаведна неабходна павялічваць і плошчы пад кукурузу — аснову для закладкі сіласу. Сёлета пад яе адведзена 2300 гектараў (у 2015 го-дзе — 1800), з іх 600 — пойдуць на зерне, астатнія — на сілас. Пасяўныя плошчы рыхтуюцца з поўнай запраўкай арганічнымі і мінеральнымі ўгнаеннямі. Зараз для таго, каб надаць кволым усходам сілу, вя-дзём падкормку КАСам. Увогуле мы азотныя ўгнаенні стараемся ўносіць у тры заходы: па 90, 60 і 30 кг дзеючага рэчыва на гектар. Вядома, што для падтрымкі кукурузы вельмі неабходны і мікраэлементы, асабліва цынк. Ужо каля 500 гектараў апрацаваны прэпаратам «Juice».

■ Намеснік дырэктара Уладзімір Патоцкі (справа) з механізатарамі Аляксандрам Сваткоўскім і Сяргеем Прымаком

Аперацыю праводзяць спецыяльным агрэгатам (культыватарам) з адначасовай заладкай вадкага азотнага ўгнаення ў глебу вопытныя механізатары Аляксандр Сваткоўскі і Сяргей Прымак.

— Даражым кожнай хвілінай, асабліва пагодлівай, — гавораць механізатары. — Працуем з раніцы да позняга вечара. За дзень апрацоўваем па 70–80 гектараў. Думаем, што дзён за 25 справімся. Угнаенні нам заўсёды своечасова на аўтамабілі з 10-тоннай бочкай дастаўляе Анатоль Гурскі. Забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *