Литературная критика 20-х годов предсказывала Кузьме Чорному будущее «белорусского Достоевского»

2018-2020 - год малой Родины Актуально Культура

Літаратурная крытыка 20-х гадоў, калі Кузьма Чорны толькі-толькі ўваходзіў у свет прыгожага пісьменства, прадказвала яму будучыню «беларускага Дастаеўскага».

Яна, напэўна, трымала пры гэтым у памяці словы Максіма Гарэцкага, сказаныя яшчэ ў 1914 годзе: «Скранулася Беларусь, узварухнуліся яе спрадвечныя імшары, і я з вялікай надзеяй чакаю беларускіх Дастаеўскіх, Ул. Салаўёвых і т.п.»

Чорны разумеў, што знаходзіцца ў самым пачатку стварэння сапраўднай беларускай прозы, а таму адразу ставіў перад сабою і перад сябрамі па пяры самыя надзейныя і самыя складаныя задачы: «Павінны быць створаны беларускія вышэйшыя формы беларускай культуры».

Не ўсё з задуманага ён паспеў здейсніць, аднак самае галоўнае пісьменнік паспеў зрабіць, стаўшы стваральнікам беларускай сацыяльна-псіхалагічнай і інтэлектуальна-філасофскай прозы, у якой чытач адшукае сапраўднага беларускага мужыка і сапраўднага беларускага інтэлігента, патрыёта і гуманіста.

Творчы рост Кузьмы Чорнага адбываўся вельмі шпарка: так шмат патрэбна было яму сказаць і за сябе, і за сваіх землякоў-цімкаўцаў, і за ўсіх беларусаў. Услед за першымі зборнікамі «Апавяданні» на працягу толькі 1925-1926 гадоў выйшлі яго кнігі «Па дарозе», «Срэбра жыцця», «Пачуцці», «Хвоі гавораць».

Малады празаік хутка пазбаўляўся «дзіцячых хвароб» пачаткоўца: ад досыць павярхоўнага захаплення новым у жыцці вёскі і горада шлях вёў у глыбіні чалавечай душы, дзе віравалі вялікія буры пачуццяў і думак, дзе якраз і выспявалі будучыя ўчынкі.

«Чалавек – гэта цэлы свет, – пісаў Кузьма Чорны, –… Вялікімі і малымі заклапочаны людзі, сталымі і смешнымі – кожны па-свойму, але ў кожнага душа запоўнена».

Як сапраўдны мастак-філосаф, псіхолаг, гісторык Кузьма Чорны напружана шукаў адказ на пытанне, што адбываецца з чалавекам, з краінай, з народам. Сапраўды, чаму зло ў свеце, дзе столькі разумных і нармальных людзей, не толькі не адступае, але часам святкуе перамогу над справядлівасцю, чалавечнасцю, чысцінёй, красой?!

За тры з паловай ваенныя гады цяжка хворы пісьменнік напісаў каля паўсотні публіцыстычных артыкулаў, выступленняў, памфлетаў, падрыхтаваў да друку зборнік апавяданняў «Вялікае сэрца», напісаў тры раманы, задумаў і часткова ажыццявіў каля дзесятка іншых эпічных твораў.

У творах пісьменніка ваенных гадоў на ўсю моц загучалі гуманістычныя ідэі. Ствараючы вобразы сялян і інтэлігентаў, вясковых мудрацоў, самабытных філосафаў, дзівакоў, праўдашукальнікаў, празаік думаў пра тое адвечнае і сапраўднае, чым жыў і жыве народ.

Гэта быў унікальны у нашай літаратуры выпадак, калі пісьменнік ішоў паралельна, а то і апярэджваў у мастацкім асэнсаванні ХХ стагоддзя сваіх замежных калег, пра многіх з якіх ён нічога не чуў і не ведаў (А. Камю, Т. Ман). Асобныя старонкі яго прозы, вобразы, малюнкі, думкі ўспрымаюцца як мастацкае адкрыццё, як «успамін пра будучыню».

Людміла НІЖЭВІЧ,

кіраўнік Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *