І ў тэмпе, і якасна

Актуально Экономика

У ААТ “Піянер-Агра” веснавая пасяўная штогод праходзіць на высокім узроўні як па тэмпах, так і па якасці.

На 70-гектарным палетку ля вёскі Перавоз ішла сяўба яравога ячменю гатунку “дзівосны”, якую выконваў механізатар Сяргей Бялога. Яшчэ ў мінулым годзе ён працаваў на трактары з камбінаваным пасяўным агрэгатам “Сулкі”, а сёлета яму даверылі беларускі — “Бярэсце”. Канечне, першыя праходы спачатку даваліся не зусім дасканала, але пасля работа ў вопытнага механізатара пайшла весялей. За якасцю выканання сяўбы пільна сачылі адказны за дадзены палетак механік Аляксандр Іваноўскі і галоўны аграном Сяргей Лазюк.

— У гаспадарцы неабходна пасеяць 400 га ячменю, 190 га аднагадовых траў і 10 га аўса. Выкарыстоўваем наша беларускае насенне, элітнае і першай рэпрадукцыі, – расказвае Сяргей Мікалаевіч. – Сяўба вядзецца трыма камбінаванымі пасяўнымі агрэгатамі. Акрамя “Бярэсця”, ля в. Саўкова механізатар Сяргей Іваноўскі з дапамогай “Сулкі” сее авёс. У Лазюках на “Джон Дзіры” з агрэгатам “Фогель Нот” высявае ячмень Сяргей Варэнік. Своечасова дастаўляе насенны матэрыял ва- дзіцель Сяргей Насановіч. Паралельна заканчваем падкормку азімых.

Дасканала адрэгуляваны працэс, як заўсёды, прыносіць свае станоўчыя вынікі. Па стане на 12 красавіка, сельгаспрадпрыемства ўжо пасеяла 190 га збожжавых, а гэта складае 51% да запланаванага. І ў вызначаны тэрмін ААТ “Піянер-Агра” з пастаўленай задачай справіцца. Надвор’е б толькі не падвяло.

Сяргей ЛАЗОЎСКІ

НА ЗДЫМКУ: (злева направа) галоўны аграном ААТ “Піянер-Агра” С. Лазюк і механізатар С. Бялога.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *