В Копыле уже ведется активная подготовка ко Дню белорусской письменности и областным «Дожинкам-2021»

Актуально Общество

У Капылі ў першую нядзелю верасня 2021 года пройдзе XXVІІІ Дзень беларускага пісьменства, а праз некалькі тыдняў горад стане сталіцай абласных «Дажынак-2021». Да святаў яшчэ больш чым год, але падрыхтоўка ўжо вядзецца.

Арганізаваны і працуюць абласны і раённы штабы па правядзенні мерапрыемстваў, на якіх абмяркоўваюцца пытанні, што ўзнікаюць.

— Дзень беларускага пiсьменства — вельмi важная падзея для нашага горада, таму i падрыхтоўка да яго вядзецца маштабная, — адзначае намеснік старшыні Капыльскага райвыканкама Аляксандр Дубіна. — Для нас — вялiкi гонар прымаць свята, а заадно i добрая магчымасць «падцягнуць» Капыль да больш высокага ўзроўню, зрабiць горад зручным для жыхароў. Падрыхтоўка праходзіць у штатным рэжыме і з такім разлікам, каб за адведзены час выканаць бягучы рамонт, капітальна адрамантаваць усе аб’екты жыллёвага фонду горада, вызначаныя праграмай.

Рамонт з элементамі мадэрнізацыі чакае многія сацыяльныя аб’екты і жылыя дамы. Будуць абноўлены фасады раённага цэнтра культуры, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна, Дзіцячай школы мастацтваў, раённага краязнаўчага музея, некаторых будынкаў райвыканкама.

Рамонт будынку ААТ «Капыльскі РКБА»

Ужо новы выгляд мае фасад СШ № 3 г. Капыля, будзе праведзены рамонт і ў фізкультурна-аздараўленчым цэнтры. Вядуцца ўнутраныя рамонтныя работы на адным з асноўных аб’ектаў — дзіцячай бібліятэцы.

■ Знешні выгляд дзіцячай бібліятэкі – аднаго з асноўных аб’ектаў, адкрыццё якога прымеркавана да Дня беларускага пісьменства
■ У будынку дзіцячай бібліятэкі вядуцца ўнутраныя работы

Тут жа зараз займаюцца пускам і наладкай міні-кацельні. Завяршаецца капітальны рамонт жылых дамоў па вул. Савецкай і 50 год БССР.

Рамонт дома па вул. 50 год БССР

Словам, Капыль становіцца больш сучасным i зручным для жыцця. Сёння на вачах мяняецца яго iнфраструктура, добраўпарадкоўваюцца вулiцы, робяцца тратуары i дарожкi, мяняецца асвятленне і г.д. Больш зручнай для пешаходаў становіцца вуліца Партызанская, дзе ўкладваюцца новыя тратуары, праз некаторы час на мосце будзе ўстаноўлена дэкаратыўная агароджа з каванымі элементамі па індывідуальным праекце.

■ Ідзе ўкладка бардзюраў па вул. Партызанскай

Паблізу, паміж вул. Партызанскай і санаторным яслямі-садам, засыпаецца катлаван і рыхтуецца тэрыторыя пад аўтамабільную стаянку.

З другога боку да вул. Трактарнай вядзецца добраўпарадкаванне ракі Каменкі. Часткова адрамантаваны тратуарныя дарожкі па вул. Максіма Горкага, ідзе бягучы рамонт з адводам ліўневых вод і асфальтаваннем праезнай часткі вул. Трактарнай.

 

Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт вул. Пралетарскай, Трактарнай (з аднайменным завулкам) і моста па гэтай жа вуліцы, на рамонт інтэрната па вул. Замкавай, 1.

Складзены каштарысы на бягучы рамонт жыллёвага фонду. Мяркуецца, што ён будзе праведзены па вул. Партызанскай у дамах №№ 1, 3, 5А, 7, 27, 29, 31, 35, 37, 39, па вул. Цімкавіцкай, дамы 7 і 15, па вул. Пралетарскай, 11.

Акрамя гэтага запланавана правядзенне бягучага рамонту шэрага ўчасткаў вулічна-дарожнай сеткі, гасцініцы, прыдамавых тэрыторый (вул. Партызанская, 5А, Пралетарская, 39, Замкавая, 3). Выканана дакументацыя на будаўніцтва водаправодных сетак (агульная працягласць 3668 пагонных метраў) і рэканструкцыю сістэмы каналізацыі горада (4396 п.м). Запланавана абустройства аўтастаянкі каля ЦРБ плошчай 3000 кв. м.

— Капыляне павінны зрабіць усё магчымае, каб свята прайшло на самым высокім узроўні, пакінула яркі след у гісторыі правядзення Дзён беларускага пісьменства, — адзначыў Аляксандр Дубіна. — У працу па добраўпарадкаванні райцэнтра павінны актыўна ўключыцца ўсе прадпрыемствы, арганізацыі, установы раёна і само насельніцтва горада. За падрыхтоўчы перыяд неабходна ўсім папрацаваць так, каб вынік той работы застаўся на доўгія гады.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *