В минувшее воскресенье в Копыле состоялся благотворительный концерт «Ноты милосердия»

Важное Общество

Гэта традыцыйнае мерапрыемства, і праводзіцца яно ўжо чацвёрты год у апошні дзень мая. На гэты раз ініцыятары такой добрай справы – Капыльская раённая арганізацыя Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і раённы цэнтр культуры – сутыкнуліся са шматлікімі перашкодамі.

Па-першае, неспрыяльная эпідэмічная сітуацыя не дазволіла сабрацца ў глядзельнай зале РЦК, як гэта адбывалася заўсёды. Да таго ж складанасцей дабавіла надвор’е: дождж і пранізлівы вецер, якія гаспадарылі ў Капылі папярэднія суткі, не збіраліся здавацца і нядзельным днём. Аднак, нягледзячы на ўсе выбрыкі нябеснай канцылярыі, канцэрт адбыўся. І няхай не так шмат было гледачоў, артысты выступалі так, нібы яны знаходзіліся на самай шыкоўнай сцэне і іх сустракалі гучнымі авацыямі сотні і сотні гледачоў. Спявалі – пранікнёна, ігралі – ад душы, і іскрамётны гумар з вуснаў чытальнікаў жартаўлівых маналогаў таксама прымушаў забыцца на холад.

А скарбонка, куды ўсе жадаючыя клалі грошы, з кожнай мінутай станавілася ўсё больш важкай.

■ Папаўняецца скарбонка

– Кожны год сродкі, якія мы збіраем падчас такіх дабрачынных канцэртаў, накіроўваем на нейкія добрыя справы, – расказвае Валянціна Зарамбоўская, кіраўнік ініцыятыўнай групы «Дабрадзеі», створанай пры раённым цэнтры культуры. – Сёлета вырашылі перадаць усе грошы на патрэбы Капыльскай цэнтральнай раённай бальніцы, каб неяк падтрымаць медыкаў у гэтых няпростых умовах. Спадзяёмся, што гэта дадасць ім сілы ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй і ўмацуе пачуццё вялікай значымасці сваёй працы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел супрацоўнікі раённага цэнтра культуры, актыўныя ўдзельнікі народных калектываў, творчых аматарскіх аб’яднанняў, якія працуюць пры нашых установах культуры, і, вядома ж, члены і валанцёры Капыльскай раённай арганізацыі ГА Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

У размову ўступіла і Ніна Жук, старшыня гэтай раённай грамадскай арганізацыі, якая адзначыла, што ахвяраванні збіралі не толькі ў дзень канцэрта. Напярэдадні мерапрыемства актыўны ўдзел у зборы сродкаў узялі валанцёры Чырвонага Крыжа, члены ініцыятыўнай групы «Дабрадзеі» Валянціна Базаркіна, Кацярына Макарава, Ларыса Чайка, Тамара Вайтовіч, Лідзія Фінкевіч, Людміла Касцюк і Ніна Татарынчык. Яны са скарбонкамі ў руках прайшліся па вуліцах горада. Людзі не засталіся абыякавымі да гэтай добрай справы: ахвяравалі грошы, хто колькі мог, і прасілі перадаць словы падтрымкі нашым медыцынскім работнікам.

■ Вядучыя канцэрта Наталля Раеўская і Святлана Шчукіна

Ніна Паўлаўна і Валянціна Сцяпанаўна выказалі шчырую ўдзячнасць усім валанцёрам і неабыякавым жыхарам Капыльшчыны, якія прычыніліся да гэтай дабрачыннай акцыі.

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *