В этом году отмечается 120-летие со дня рождения Кузьмы Чорного

Актуально Культура

Кузьму Чорнага называюць першым раманістам у беларускай літаратуры, а таксама — «нашым Дастаеўскім». Таму святкаванне юбілейнай даты — вялікая грамадская і культурная падзея не толькі ў жыцці нашай роднай Капыльшчыны, але і Беларусі.

■ Кіраўнік Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч

— Наш знакаміты зямляк, пісьменнік, публіцыст, драматург і памфлетыст заўсёды быў за працай — нават калі ў час хваробы часткова страціў зрок, — адзначае кіраўнік Літаратурнага музея Кузьмы Чорнага Людміла Ніжэвіч. — Да 120-годдзя з дня яго нараджэння распрацаваны цэлы цыкл святочных мерапрыемстваў, якія пачаліся ў студзені і пройдуць на працягу ўсяго года. Сумесна з тэлеканалам АНТ рэалізоўваем новы тэматычны праект, які расказвае  пра жыццё і творчасць беларускага класіка. Першы відэасюжэт быў прысвечаны маці Глікерыі Міхайлаўне, а другі — яго бацьку, умеламу цесляру Карлу Феліксавічу Раманоўскаму. Работа над праектам будзе прадоўжана.

У юбілейны для пісьменніка год у сацыяльных сетках на старонках Літаратурнага музея (Одноклассники, ВКонтакте, Instagram і Facebook) распачалі рубрыку «З успамінаў сучаснікаў». Абнаўляецца яна два-тры разы на тыдзень. Тут можна знайсці не толькі цытаты з дзённіка і твораў, але і цікавыя роздумы з успамінаў сучаснікаў, малюнкі Чорнага, ілюстрацыі мастакоў да твораў пісьменніка.

Юбілею знакамітага земляка прысвечаны і цэлы цыкл мерапрыемстваў для дзяцей і падлеткаў. Цеснае супрацоўніцтва з упраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама  прывяло да актыўнага наведвання музея вучнямі амаль усіх агульнаадукацыйных школ раёна, калі ў рамках школьнай праграмы шасцікласнікі чыталі аповесць Кузьмы Чорнага «Насцечка».

— Пасля экскурсіі мы прапанавалі ім паглядзець відэазапіс інсцэніраванай аповесці ў выкананні ўдзельнікаў тэатральнай студыі, якая для папулярызацыі твораў Кузьмы Чорнага працуе пры музеі з 1997 года, — працягвае размову Людміла Іосіфаўна. — Акрамя аповесці «Насцечка» ў архіве музея ёсць відэазапісы інсцэніраваных апавяданняў «Маё дзела цялячае» і «Родныя мясціны», артыкула «У роднай глушы» і п’есы «Базылевічава сям’я».

А вось для дзяцей малодшых класаў і выхаванцаў дзіцячых садкоў працуе тэатр фланелеграфіі «Скарбонка прыгажосці». Зараз, напрыклад, распачалі рыхтаваць казку «Кошкін дом».  А што яшчэ дзецям трэба? Менавіта — гульня. Усё гэта ёсць на занятку «Сустрэча з казкай»: тут і прагляд дыяфільма, і інсцэніроўка казкі з дапамогай тэатра ценяў, і маляванне героя казкі святлом. А зімой ва ўстанове правялі фотаконкурс «Не сядзіцца ў хаце».

— Дрынды, драцянкі, санкі, — пералічвае Людміла Ніжэвіч. — Яны называліся па-рознаму. Памятаеце, як весела і хутка коўзацца на іх зімой? А для дзяцей — гэта незнаёмы прадмет. Дык дзе, як не ў музеі, стаць на іх, а яшчэ сфатаграфавацца. Дзецям было вельмі цікава.

У рамках святкавання юбілею Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры створана і прапанавана перасоўная выстава «Кузьма Чорны. Жыццё і творчасць».  Яна будзе цікавай для ўсіх, асабліва навучэнцам школ і чытальнікам бібліятэк. У бліжэйшы час для чытачоў СМІ і наведвальнікаў сацсетак будзе прапанавана тэматычная крыжаванка «Кузьма Чорны».  У планах  тасама правесці раённы конкурс «Мне захацелася намаляваць» сярод школьнікаў на лепшы малюнак па творах знакамітага земляка. Разам з раённым краязнаўчым музеем запланавана выстава «Сучаснікі Кузьмы Чорнага», а сумесна з бібліятэкамі Капыльскага і Нясвіжскага раёнаў — конкурс для чытачоў на лепшы відэаролік аб абмеркаванні прачытанага твора пісьменніка.

— Цесна супрацоўнічаем і з іншымі ўстановамі, — адзначае Людміла Ніжэвіч. — Кузьма Чорны быў «маладнякоўцам», таму ўдзельнічаем у віртуальным праекце «На хвалі часу, у плыні жыцця», прысвечаным  100-годдзю ўтварэння літаратурнага аб’яднання «Мaлaдняк», азнаёміцца з якім можна на інтэрнэт-партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Інстытут літаратуразнаўства імя Я. Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі ў чацвёртым квартале плануе правесці «Капыльскія чытанні-2020», прысвечаныя нашаму земляку. Выступленні ў секцыях будуць арганізаваны як у Капылі, так і ў аграгарадку Цімкавічы.

Таццяна БОХАН   



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *