Сезон кормозаготовки начался на сельскохозяйственных предприятиях Копыльщины

Актуально Экономика

Першай культурай зялёнага канвеера стала азімая свірэпіца — багатая крыніца бялку. Яе патрэбна ўбраць на 1159 гектарах. Адны гаспадаркі косяць і зялёную масу дастаўляюць у траншэі на сянаж, іншыя ж — адразу выкарыстоўваюць на корм.

– Зялёная маса культуры, багатая пратэінам, можа выкарыстоўвацца ўжо з пачатку мая, – расказвае першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Наталля Ведзень. – У 100 кг зялёнай масы змяшчаецца прыкладна 10 кармавых адзінак і 2-3 кг пратэіну. Пры дастатковай вільготнасці глебы і ўнясенні азоту ўжо праз 50-60 дзён пасля сяўбы можна атрымаць да 150 ц/га зялёнай масы. Яшчэ адной немалаважнай перавагай свірэпіцы – культуры прамежкавай – з’яўляецца магчымасць дадатковага выкарыстання поля. Пасля яе ўборкі звычайна сеюць іншую культуру і атрымліваюць яшчэ адзін ураджай, тым больш што свірэпіца з’яўляецца выдатным сідэратам за кошт разгалінаванай каранёвай сістэмы. У апошні час вырошчванне гэтай культуры набыло вялікую папулярнасць, у раёне ёй займаюцца 11 сельгаспрадпрыемстваў.

Аграрыі ААТ «Ціміразеўскі» аднымі з першых на Капыльшчыне прыступілі да касавіцы.

– Мы вядзём уборку адразу ж на корм, бо кожны дзень нам трэба пакарміць каля шасці тысяч галоў жывёлы. Зялёную масу разам з клятчаткай (здробненай саломай або сенам) ці з сіласам і сенажом на ноч даём дойнаму статку (днём каровы выпасаюцца на пашы), падкормліваем цялушак, жывёлу на адкорме, – адзначае дырэктар сельгасарганізацыі Сяргей Галко. – Эканамічная выгада атрымліваецца адчувальная. Выкарыстанне высокабялковай зялёнай масы са  свірэпіцы дазваляе паменшыць выкарыстанне камбікармоў і знізіць сабекошт малака, а адпаведна, павялічыць рэнтабельнасць. Само ж вырошчванне культуры не патрабуе вялікіх выдаткаў.  За першыя дні кармлення мы адчулі прыбаўку каля 2–2,5 тон малака.

Галоўны аграном ААТ «Ціміразеўскі» Юрый Гурыновіч з механізатарам Сяргеем Гуліцкім на ўборцы свірэпіцы

Як толькі непатрабавальная прадстаўніца сямейства крыжакветных перайшла ў фазу цвіцення,  на  палі  сельгаспрадпрыемства выйшла кормаўборачная тэхніка. Неабходна ўбраць культуру на 225 га (адзін з найбольшых паказчыкаў у раёне).

У дзень нашага прыезду тэхніка працавала на полі каля вёскі Садавічы. На скошванні культуры быў заняты механізатар Сяргей Гуліцкі. У яго задачу ўваходзіла таксама здрабненне ўжо скошанай масы, якая адразу ж засыпалася ў прычэпы аўтамабіляў. Адвозкай свірэпіцы на МАЗах займаліся вадзіцелі Мікалай Маркоўскі, Аляксандр Канончык, Андрэй Чэрнік, Аляксандр Уласовіч, Юрый Бельскі. За працэсам сачыў галоўны аграном Юрый Гурыновіч.

Вадзіцель Аляксандр Канончык

Адразу ж пасля ўборкі вялося ўнясенне арганікі і дыскаванне палеткаў. Праз колькі дзён іх зааруць і засеюць кукурузай. Так што зямля гуляць не будзе, а атрымаюць яшчэ адзін ураджай.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *