«Почему-то с годами вас посещают все больше воспоминаний о детстве, юности, воспоминаниях родителей»

75 лет Победы Актуально

Памяць пра бацьку. Я заўсёды памятаў пра яго, але чамусьці зараз гэта пачуццё абвастрылася да немагчымасці і прымусіла мяне ўзяцца за пяро. Гэта быў майстра і настаўнік ад Бога. Рабцаў (Мяшэчак) Барыс Герасімавіч нарадзіўся 6 мая 1915 года ў в. Гулевічы Капыльскага раёна. Быў ён простым вясковым настаўнікам, выкладаў фізіку, матэматыку, астраномію, чарчэнне, маляванне, а калі была неабходнасць — выкладаў і ўрокі працы. Да Вялікай Айчыннай скончыў Віцебскі педагагічны інстытут, фізмат (маці, Ганна Еўсцігнееўна, дарэчы, таксама). Пачынаў вучыцца ў мастацкім тэхнікуме, потым, пасля першага курса, перавёўся ў педінстытут (аб чым потым вельмі шкадаваў, хацеў быць мастаком-прафесіяналам). Працаваў у Азарычах, потым, пасля вайны, у вёсцы  Лядна, а з 1951 года — у Вялікараёўскай сярэдняй школе Капыльскага раёна, пяць класаў якой скончыў і я. У 1957 годзе бацьку прысвоілі званне «Ганаровы настаўнік БССР».

■ Барыс Рабцаў (Мяшэчак) (справа) з таварышам. Адэса, 1940 г.

Чаму бацька ў памяці захаваўся больш? Мабыць таму, што ён, у адрозненне ад маці, больш давяраў мне, быў больш упэўнены ўва мне, і мне гэта падабалася. Паміж намі існавала сапраўднае сяброўства. Маці была ў гэтым плане больш чуллівая, у яе было занадта абвостранае мацярынскае пачуццё (як бы чаго не здарылася), але любіў я іх абаіх аднолькава.

Бацька быў мастак ад Бога, нягледзячы на тое, што скончыў усяго адзін курс мастацкага тэхнікума. Ён з дзяцінства захапляўся маляваннем, да чаго прывучыў і мяне. Згадваю, як хадзілі разам на прыроду маляваць розныя краявіды (для мяне бацька змайстраваў маленькі эцюднік — прыстасаванне для малявання на прыро-дзе). Дома ў нас быў вялікі мальберт, і мы, прыходзячы дамоў, дапрацоўвалі гэтыя накіды, ператваралі іх у паўнацэнныя карціны, пераносячы іх на палатно. Некаторыя з іх да гэтай пары захаваліся ў мяне на лецішчы. На жаль, маю малую радзіму ўжо не пазнаць.

Бацька таксама доб-ра валодаў цяслярскай справай, якой ён навучыўся ў свайго старэйшага брата, разам з ім аказваў паслугі па будаўніцтве хат вяскоўцам у далёкія дваццатыя гады. Гэтай справе ён навучыў і мяне. Разам з бацькам зрабілі прыбудову да хаты, рамантавалі хлявы, агароджы і інш.

Вайсковую службу бацька пачынаў у Малдове. «Вызваляў Бесарабію ад румынскіх нацыяналістаў», – казаў ён. Вайну сустрэў ва Украіне, пад Уманню, камандзірам гарматнага разліку. Пра вайну бацька апавядаў рэдка і неахвотна, відаць, балюча было яму ўспамінаць пра яе. Але з рэдкіх яго ўспамінаў мне запомнілася, як ён адкрыў агонь з гарматы па калоне эсэсаўцаў без загаду камандзіра: «Рукі вельма засвярбелі, як убачыў калону нахабных эсэсаўцаў». Але худа не бывае без дабра: гэтым самым была выяўлена нямецкая танкавая засада, якую «прамаргала» наша разведка. Тут увесь наш артылерыйскі батальён павярнуўся ў бок нямецкіх танкаў і абрушыў на іх усю сваю вогненную моц. Але сілы былі няроўныя: батарэя была разгромлена і ўвесь асабісты склад 80-га гаўбічнага батальёна, які ўваходзіў у склад шостай арміі, быў разгромлены і часткова захоплены ў палон. Гарматны разлік, якім камандаваў бацька, загінуў, і бацька адзін, паранены, прамой наводкай падбіў яшчэ чатыры нямецкія танкі.

Як аказалася пазней, 6-я і 12-я арміі, якія ваявалі на кіеўскім напрамку, былі акружаны і трапілі ў палон. Трапіў тады ў палон, будучы кантужаным, і мой бацька. «Памятаю, як мяне кантужанага, параненага ў плячук, выцягнуў з варонкі эсэсавец і з вокрыкам «Шнель, лес, лес» запхнуў мяне ў калону палонных», – згадваў бацька. Гэта адбылося 27 чэрвеня 1941 года. Апускаючы жудасныя падрабязнасці, з якімі сутыкнуўся бацька ў канцлагеры пад Вінніцай, скажу, што прабыў ён у палоне два месяцы, пасля чаго арганізаваў калектыўны ўцёк з месца будаўніцтва моста, які ахоўвалі тры паліцаі, і праз месяц прыйшоў на сваю малую радзіму — у вёску Гулевічы, дзе ў той час жыла яго сястра Аляксандра. Ішоў па начах, арыентаваўся па зорках. Праз некаторы час звязаўся з партызанамі, хаця зрабіць гэта было нялёгка. Ваяваў у партызанскім атрадзе імя Чапаева да вызвалення Беларусі Чырвонай Арміяй, потым у складзе 6-га аўтамабільнага палка дайшоў да Ной-Шчэціна, дзе і сустрэў Перамогу.

3 ліпеня 1944 года бацька ўдзельнічаў у ваенным пара-дзе ў Мінску.

Шмат чаго добрага пакінуў бацька пасля сябе. Памятаю, колькі ў тыя бедныя гадзіны, падчас працы ў Вялікараёўскай сярэдняй школе, ім было зроблена наглядных прыстасаванняў па фізіцы: «перыскоп», «мёртвая пятля» і шмат чаго яшчэ. Гэта яго ідэя – прыдбаць у школу матор-генератар, электрыфікаваць будынак школы (прычым удзельнікамі электрыфікацыі былі вучні, у тым ліку і я). Памятаю, колькі было радасці і захаплення, калі ў класах замест керасінавых лямп загарэліся электрычныя. Набылі кінапраектар «Україна», школьнае жыццё змянілася.

У сярэдзіне 80-х з бацькам здарылася бяда – пачаў губляць зрок з-за адслаення сятчаткі і да пачатку 90-х аслеп канчаткова. Трэба ведаць, што значыць для мастака, разьбяра страціць зрок, гэта тое ж самае, што, я мяркую, для спевака страціць голас, а для кампазітара ці музыкі слых.

Пайшоў з жыцця бацька 22 снежня 2009 года, не дажыўшы да свайго 95-годдзя пяць месяцаў.

Так, мне пашанцавала з бацькамі! Трапляючы ў тую ці ў іншую складаную сітуацыю, заўсёды ўспамінаю бацьку: а як бы ён паступіў на маім месцы?

Аляксандр РАБЦАЎ,

г. Слуцк



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *