Анатолий Рудаковский: от Росп до Эльбы

75 лет Победы Актуально

Анатолій Рудакоўскі вызначыўся рашучасцю і мужнасцю ў  баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Ён адносіўся да таго пакалення беларусаў, якое вынесла ўвесь цяжар вайны і ўзняло на сваіх плячах зраненую, спустошаную краіну.

Нарадзіўся ён 21 ліпеня 1926 года ў вёсцы Роспы Капыльскага раёна ў працавітай сялянскай сям’і.  Толькі паспеў скончыць 8 клас у Старыцкай школе, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. У час акупацыі дапамагаў партызанам. За мужнасць і гераізм у  час баявых дзеянняў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі «За адвагу», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна» і інш.  У мірны час за высокія паказчыкі ў сельскагаспадарчай вытворчасці прыбавіўся медаль «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя  з дня нараджэння У.І. Леніна», шматлікія знакі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» і «Ударнік пяцігодкі».

■ Анатолій Рудакоўскі. Берлін, 1945 г.

Продкі Рудакоўскіх яшчэ да рэвалюцыі жылі ва ўрочышчы Катлубель, дзе адваявалі ў балота кавалак урадлівай зямлі. Людзі казалі, што яны жывуць заможна. Багацце было ў тым, што ўсе хадзілі ў саматканай палатнянай вопратцы, лапцях і многа працавалі. Перад самай вайной, калі сцягвалі хутары, перасяліліся ў Роспы. З самага дзяцінства Анатолій моцна прыкіпеў да сялянскай працы. Араў, сеяў, касіў, дапамагаў бацькам зарабляць працадні ў калгасе «Чырвоныя Роспы».

У вёсцы пачатак вайны сустрэлі з хваляваннем. Мужчын не паспелі прызваць у армію, а  ўжо з’явіліся адступаючыя чырвонаармейцы і бежанцы. Нямецкія самалёты бамбілі мост у пасёлку Перавоз. На Капыльшчыне разгарнулася партызанская вайна. Рудакоўскія, як і ўсе жыхары вёскі, дапамагалі народным мсціўцам – дзяліліся харчаваннем, перадавалі цёплае адзенне, давалі прытулак і начлег. 16-гадовы Анатолій даглядаў коней. Калі стомленыя партызаны вярталіся з баявых заданняў, ён здымаў сёдлы, карміў, паіў і чысціў жывёлу. Назаўсёды ў яго памяці засталіся расстрэл уздзенскімі паліцаямі трох камандзіраў-акружэнцаў і гібель ад рук карнікаў 20 аднавяскоўцаў, сярод якіх было 7 дзяцей. Усё гэта юнак успрымаў блізка да сэрца,  загінулі яго  родныя. Трэба было жыць і кожны дзень адчуваць, што смерць – побач.

Пасля вызвалення Капыльшчыны ў ліпені 1944 года прызваны ў дзеючую армію. Спачатку – 383-ці запасны стралковы полк, а затым ваюе ў складзе 241-га стралковага палка, 95-й стралковай дывізіі І Беларускага фронту. Баявое хрышчэнне атрымаў пры фарсіраванні ракі Вісла. Плыт, на якім перапраўлялася дэсантная група, перавярнуўся ад выбуху нямецкага снарада. Нямногім пашчасціла дабрацца да другога берага. Добра плаваў (вырас на рацэ Лоша),  выратаваў некалькі таварышаў. Гэта быў дысцыплінаваны і валявы баец. Вызначыўся чырвонаармеец сваёй бясстрашнасцю пры вызваленні Польшчы ў час  Познаньска-Варшаўскай аперацыі 19 студзеня 1945 года. Каля пасёлка Русінуў Мазавецкага ваяводства першым уварваўся ў варожы акоп, знішчыў з аўтамата пяць гітлераўцаў і трох узяў у палон. За гэты подзвіг радавы Рудакоўскі быў прадстаўлены да медаля «За адвагу».

Запомніў просты беларускі хлопец разваліны многіх гарадоў. Далей было фарсіраванне ракі Одэр і ўдзел у бітве за Берлін, дзе цяжкімі і кровапралітнымі былі вулічныя баі. Гітлераўцы  шалёна  супраціўляліся. З вокан дамоў, гарышчаў, руін білі аўтаматчыкі і снайперы, «фаўснікі» падпальвалі нашы танкі.  Чырвонаармейцы дзейнічалі зладжанымі штурмавымі групамі. Спачатку выяўлялі агнявыя кропкі фашыстаў, падцягвалі гармату і адкрывалі агонь. Затым нашы аўтаматчыкі бралі вуліцу,  па якой рухаўся танк, пад кантроль. Анатолій змагаўся ў першых радах, быў лёгка паранены, але змог пакінуць свой аўтограф на рэйхстагу. Дзень Перамогі сустрэў на рацэ Эльбе, дзе нашы воіны сустрэліся з амерыканцамі.

■ Анатолій Рудакоўскі, 2000 г.

Пасля вайны яшчэ чатыры гады служыў вадзіцелем у Берлінскім гарнізоне групы савецкіх войск у Германіі. Асвойваў новыя віды трафейных аўтамабіляў «Мерсэдэс», «Вандэрэр», «Майбах», «Кабрыалет-Стэур». Падчас Патсдамскай канферэнцыі знаходзіўся ў батальёне аховы, бачыў  маршала Г.К. Жукава, Народнага камісара ВМФ СССР М.Г. Кузняцова.

■ Пасведчанне аб узнагароджанні медалём Жукава

Дэмабілізаваўся толькі ў 1949 годзе. Працоўную дзейнасць прадоўжыў у калгасе імя Дзяржынскага ў роднай вёсцы. Узяўся за любімую справу з вялікім натхненнем. Зразумела, што за пяць гадоў службы ў арміі засумаваў па сялянскай працы. Спачатку быў рахункаводам, а затым 33 гады  шчыраваў брыгадзірам у саўгасе «Крыніца». Умела арганізоўваў працу і дабіваўся высокіх паказчыкаў. Не падлічыць, колькі бульбы, буракоў, збожжавых культур вырашчана і здадзена дзяржаве яго брыгадай. А за гэтым усім стаяць бяссонныя ночы, непагадзь, хваробы і перажыванні за ўраджай.

■ Сын Уладзімір Рудакоўскі — дырэктар ААТ «Старыца-Агра»

Разам з жонкай Леанідай Фёдараўнай (настаўніцай) пражылі 55 гадоў у міры і згодзе, выхавалі цудоўнага сына Уладзіміра, які сёння з’яўляецца кіраўніком ААТ «Старыца-Агра» і носіць званне «заслужаны работнік сельскай гаспадаркі». Унукі Уладзімір – падпалкоўнік міліцыі – і Аляксандр – выкладчык гісторыі – ганарацца сваім знакамітым дзедам, а сваіх дзяцей выхоўваюць на гераічным і працоўным прыкладзе роднага ім чалавека. Для землякоў Анатолій Ануфрыевіч запомніўся сваім прафесіяналізмам, вытрымкай,  добрасумленнасцю і глыбокай чалавечнасцю. Яго жыццё – нам прыклад, як трэба любіць сваю Айчыну і змагацца за яе!

Барыс Дзенісюк,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *