Не сдается печатное слово… Газете «Слава працы» — 90 лет!

"Слава працы" - 90 лет! Актуально Общество

– А чаму б вам не змяніць назву газеты, напрыклад, на «Капыльскія навіны» ці на «Капыльскія прасторы», – звярнуўся да мяне ў канцы 90-х гадоў адзін з прадстаўнікоў улады. Тады амаль усе раёнкі пачалі мяняць свае лагатыпы, адыходзячы ад так званых камуністычных заклікаў. І мне, як галоўнаму рэдактару, давялося паспрачацца і даказаць, што словы «Слава працы» маюць іншае адценне, чым проста заклік.

Выданне славіць працу, якая дае штуршок для далейшага развіцця грамадства. Менавіта яна, праца, з’яўляецца стымулам для росту кожнага з нас.

І чаму б яе не славіць?! Славіць тых, хто шчыруе на палетках, фермах, на прадпрыемствах, хто ўносіць свой пасільны ўклад у імя росквіту нашай Бацькаўшчыны.

Віктар Адамавіч Семянкевіч у 1963 годзе, напярэдадні аднаўлення выхаду газеты, прапанаваў у аблвыканкаме назву «Слава працы». І яна была зацверджана.

Захаванне назвы – гэта і даніна павагі да чалавека, які 24 гады ўзначальваў рэдакцыю газеты, аддаў ёй свае сілы, веды і нават здароўе. Менавіта рэдактару даводзіцца шмат чытаць, вывяраць кожны матэрыял (і пры тым не адзін раз). Сёння Віктар Адамавіч поўнасцю страціў зрок, але кожны раз у размове па тэлефоне дае слушныя парады, заўвагі. Родныя чытаюць яму кожны нумар раёнкі. І ветэран заўсёды ў курсе спраў, што робяцца на Капыльшчыне.

Кожны раз на развітанне ён задае мне пытанне: «Ці не шкадуеш, што я цябе прыкмеціў і запрасіў на работу ў рэдакцыю?»

А што шкадаваць?! Калі б не гэта прапанова, напэўна, я ніколі не сустрэла б такіх таленавітых і разумных супрацоўнікаў газеты, якія дапамаглі мне абраць цікавую, але разам з тым і турботную справу. З удзячнасцю я ўспамінаю сёння Усевалада Гурыновіча, Юрыя Шыманскага, Рыгора Швеца, Тамару Корзун, Івана Пракарыну, Івана Ігнатчыка, Сяргея Шахновіча, Казіміра Кухарчыка, Таццяну Раіцкую, Мікалая Лосіка, Сяргея Квіткевіча і іншых, у якіх я вучылася працаваць, карпець над кожным сказам і несці адказнасць за напісанае на паперы.

■ Дзень друку. 5 мая 1981 г.

Прайшоў час. У 1995 годзе мне ўжо самой даверылі ўзначаліць рэдакцыю, якая з падтрымкай і пры асабістым удзеле старшыні райвыканкама Уладзіміра Луцкага, яго першага намесніка Станіслава Чарнушэвіча, загадчыка аддзела культуры і інфармацыі Ядвігі Пацэйкі была пераўтворана ў рэдакцыйна-паліграфічнае прадпрыемства – адзінае ў краіне падобнае фарміраванне. У склад яго ўвайшлі рэдакцыя газеты, раённае радыё і друкарня. Станаўленне праходзіла цяжка. Яшчэ нідзе ў раёне не было камп’ютараў, а нам давялося першым асвойваць іх, каб друкаваць газету афсетным спосабам.

Ля вытокаў стварэння паліграфічнай базы стаялі Аляксандр Сярчэня, Сяргей Зарамбоўскі, Іван Прыміч, Іна Санкіна, Алена Другаль, Леанід Апанасевіч. З цягам часу ў вытворчым аддзеле пачалі друкаваць не толькі «Слава працы», але і уздзенскую раёнку «Чырвоная зорка», «Сельскагаспадарчы веснік», шматлікія заказы ад арганізацый, прадпрыемстваў, насельніцтва.

Праўда, не заўсёды ўсё складвалася найлепшым чынам. Неяк нават паўстала пытанне аб аддзяленні рэдакцыі ад друкарні. Усё ж, прайшоўшы выпрабаванне часам, мы змаглі не толькі захаваць паліграфічную базу, але і пашырыць яе ў тэхнічным плане. Сёння набытае абсталяванне дазваляе друкаваць у колеры буклеты, брашуры, даведнікі, граматы, прывітальныя адрасы і шмат чаго іншага. З удзячнасцю ўспамінаю плённую працу загадчыка вытворчага аддзела Аксаны Феакціставай, якая на прафесійнай аснове арганізавала дзейнасць даверанага ёй участка. Свой уклад у гэту справу ўнеслі На-дзея Шахаўцова, Марына Ладыга, Юрый Лагун, Віталь Пратасевіч, Сяргей Кандыбовіч, Андрэй Лобан, Аляксей Раіцкі і іншыя.

Сёння са сваімі абавязкамі паспяхова спраўляюцца загадчык аддзела Таццяна Савіцкая, аператар электроннага набору і вёрсткі Алена Шумская, друкар Аляксандр Лукашэвіч, фальцоўшчыкі Галіна Апанасчык, Тамара Карпеленя, Іна Лазоўская.

Зноў вяртаюся да спраў творчых, без якіх і газета не была б газетай, і не мелі б мы поспеху. Рэдакцыя – двойчы лаўрэат Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара», неаднаразовы прызёр абласных спаборніцтваў на лепшую раённую газету, пераможца шматлікіх рэспубліканскіх і абласных конкурсаў. У гэтым заслуга невялічкага творчага калектыву – членаў ГА «Беларускі саюз журналістаў» Маргарыты Саковіч, Дзіяны Ткачэнкі, Сяргея Козела, а таксама Таццяны Бохан. На жаль, рана пайшоў з жыцця таленавіты фотакарэспандэнт Сяргей Лазоўскі. Яго справу дастойна працягвае Аксана Міхайлоўская.

Вялікая ўвага надаецца і сайту газеты, над якім паспяхова працуе Павел Шэін.

Творча падыходзяць да вёрсткі старонак аператары электроннага набору і вёрсткі Алена Другаль і Людміла Кардаш. Уважліва вычытвае кожную старонку карэктар Сяргей Копцік.

Значны ўклад у фінансавае становішча ўстановы ўносіць спецыяліст па рэкламе Святлана Апанасчык, галоўны бухгалтар Валянціна Юруц, бухгалтар Вольга Лосева, эканаміст Любоў Лобан.

Сумленна выконвае свае абавязкі вадзіцель Валерый Лазоўскі. Дзякуючы прыбіральшчыку Алене Ждан ва ўстанове і на прылеглай тэрыторыі заўсёды парадак.

Нельга не ўспомніць і тых, хто сёння знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску і ўносіць вялікі ўклад у паляпшэнне дэмаграфічнага становішча раёна – Наталля Бужынская, Вікторыя Стрэлкіна, Вікторыя Кажура, Крысціна Жогаль.

Словы вялікай удзячнасці адрасую ветэранам рэдакцыі – былым рэдактарам Віктару Семянкевічу, Таццяне Раіцкай, а таксама Уладзіміру Скрыпінскаму, які доўгі час працаваў адказным сакратаром, Любові Пятровай, што ўзначальвала аддзел пісем і сацыяльных праблем, машыністцы Вользе Балога, тэхнічцы Марыі Астаповіч. У свой час старанна працавалі ў рэдакцыі – Алена Галіноўская, Іна Беркі, Анжэла Волчанка, Ірына Балажынская, Людміла Марушэўская, Ірына Бенеш, Тамара Стрыкун, Кацярына Тароцька; на паліграфічнай ніве – Ганна Татарынчык, Валянціна Паўлюшчык, Фаіна Дарашэвіч, Валянціна Коршук, Леанід Апанасевіч, якіх, на жаль, ужо няма разам з намі. Вялікі ўклад у развіццё друкарні ўнеслі таксама Таццяна і Аляксандр Матусевічы, Аляксандр Падліпалаў, Галіна Бычынская, Марыя Мартынава, Іна Гурло, Валянціна Гуля, Святлана Апанасевіч, Ірына Кандрукевіч, Яўгенія Давідоўская.

Рэдакцыя газеты актыўна працуе з юнымі карэспандэнтамі. Шмат гадоў дзейнічае аб’яднанне «Проба пяра», дзе самыя таленавітыя атрымоўваюць пуцёўкі ў журналістыку. Напрыклад, Таццяна Бохан, Крысціна Жогаль, Павел Шэін, якія ў школьныя гады супрацоўнічалі з раённай газетай, а пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў працуюць ужо ў калектыве рэдакцыі. Мы ганарымся таксама Верай Васілеўскай – яна цяпер паспяхова вучыцца на журфаку Белдзяржуніверсітэта.

Вялікі дзякуй і нашым памочнікам – няштатным карэспандэнтам: члену ГА «Беларускі саюз журналістаў» Барысу Дзенісюку, Таццяне Міхайлоўскай, Анатолю Сікорскаму, Валянціне Шураковай, а таксама Людміле Ніжэвіч, Вользе Радкевіч, Анне Арлоўскай, Алене Острыкавай, Уладзіміру Каўшу, Таццяне Нядзелька і іншым. Яны дасылаюць нам цікавыя допісы на самыя розныя тэмы, у аснове якіх – чалавек працы, патрыятычнае выхаванне моладзі, гісторыя роднага краю.

Работа газетчыкаў заключаецца ў аператыўным інфармаванні насельніцтва. Вялікую падтрымку мы адчуваем з боку райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, раённага Савета ветэранаў, усіх аддзелаў і службаў  райвыканкама, раённага аб’яднання прафсаюзаў.

Словы падзякі адрасуем супрацоўнікам раённага ўчастка паштовай сувязі, якія вядуць падпіску і своечасова дастаўляюць газету чытачам, участку электрасувязі,  які арганізоўвае ўключэнне праграм раённага радыёвяшчання.

…З цягам часу ўсё больш наступаюць электронныя сродкі масавай інфармацыі, але «не здаецца» і друкаванае слова. Перагортваючы пажоўклыя падшыўкі старых газет, міжволі ловіш сябе на думцы: колькі сіл, здароўя, творчых задум было ў гэтых людзей, якія стваралі спачатку «Калгаснік Капыльшчыны», пасля – «Сацыялістычнае земляробства», а пазней – «Слава працы». У кожнага свой почарк, але ўсіх аб’ядноўвае адно – адданасць абранай прафесіі, якая не церпіць выпадковых людзей. Газета «зацягвае» ў свае абдымкі і не адпускае.

Жадаю ўсім, хто звязаў свой лёс з нашым выданнем, хто дапамагае нам, моцнага здароўя, натхнення, сямейнага дабрабыту, асабістага шчасця і абавязкова – аптымізму. Усё будзе добра!

Марыя ШЭІНА,

галоўны рэдактар ДУ «Рэдакцыя газеты «Слава працы» і праграмы радыёвяшчання «РаніцаКапыльшчыны», член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *