В средней школе № 2 г. Копыля почти 35 лет работает музей, где большая часть связана с Великой Отечественной войной

Актуально Образование

На базе СШ № 2 г. Капыля імя Цішкі Гартнага ўжо амаль 35 гадоў функцыянуе музей, большая частка экспанатаў якога прысвечана гераічным старонкам жыцця землякоў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

За час свайго існавання ён абзавёўся ўласнай гісторыяй і нават паспеў перайсці ад дэманстрацыі экспанатаў на выставачных стэндах да сучаснага фармату, які прадугледжвае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій.

Гісторыя ўзнікнення музея бярэ пачатак у 1983 годзе. Падчас правядзення чарговай педагагічнай нарады Барыс Канстанцінавіч Багдановіч, які на той час узначальваў установу, прапанаваў калектыву стварыць экспазіцыі па некалькіх напрамках. Адзін з іх вырашана было прысвяціць Вялікай Айчыннай вайне і назваць «Памяць». Да рэалізацыі ідэі прыступілі з энтузіязмам, і музейная справа пайшла спорна.

Ля вытокаў стварэння «сховішча памяці» стаяла і настаўніца гісторыі школы № 2 Ларыса Мікалаеўна Нікалаева. Менавіта з яе імем на працягу многіх гадоў было цесна звязана эфектыўнае функцыянаванне і паспяховае развіццё музея.

Юныя экскурсаводы праводзяць мерапрыемства, канец 90-х гг.

У 1984 годзе на базе музея з мэтай збору і апрацоўкі матэрыялаў быў створаны клуб «Пошук». Працавалі пад дэвізам «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Тагачасным школьнікам гэта было вельмі цікава. Матэрыялаў назапашвалі часам столькі, што афармляць не паспявалі. Сярод знаходак былі нават рэшткі кулямётаў, вінтоўкі, гранаты, якія пазней з-за адсутнасці ўмоў для іх захавання вымушаны былі аддаць у раённы краязнаўчы музей. Дарэчы, вельмі вялікую дапамогу пры зборы матэрыялаў у той час аказваў Фёдар Канстанцінавіч Абрамчык — выдатны краязнавец, які падтрымліваў сувязь з многімі камандзірамі партызанскіх брыгад і атрадаў, удзельнікамі вызвалення Капыля, роднымі загінуўшых. Акрамя таго, членамі клуба «Пошук» і савета музея было арганізавана аказанне шэфскай дапамогі ветэранам. Некаторых з іх ім давялося праводзіць і ў апошні шлях.

Запатрабаванымі былі паслугі юных лектараў і экскурсаводаў. Школьнікі загадзя рыхтавалі інфармацыю па пэўнай тэматыцы, а затым з задавальненнем прымянялі веды на практыцы падчас правядзення разнастайных выхаваўчых мерапрыемстваў.

У той час былі сабраны амаль сотня экспанатаў асноўнага фонду і каля тысячы — дапаможнага. Гэта фотаздымкі, дакументы, франтавыя і падзячныя лісты, схемы-карты партызанскіх баёў, уласныя рэчы воінаў. У лік нямых сведкаў ваеннага ліхалецця трапілі аўсвайсы — дакументы, якія выдаваліся нямецкай уладай для пасведчання асобы. Прадстаўлены ў школьнай калекцыі і старонкі газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну». Асаблівую каштоўнасць уяўляюць таксама запісаныя і старанна сістэматызаваныя расказы сведкаў-землякоў Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, было сабрана шмат інфармацыі аб Уладзіміру Усціменку — удзельніку вызвалення Капыля, з якім доўгі час падтрымлівалася цесная сувязь.

Большасць з гэтых сапраўдных скарбаў і цяпер беражліва захоўваецца. Праўда, да самога школьнага музея час аказаўся бязлітасным. Па розных прычынах экспанаты з абсталяваных стэндаў, што на працягу многіх гадоў размяшчаліся ў прасторнай рэкрэацыі школы, вымушаны былі перамясціцца на паліцы шафы лабаранцкай.

Эстафету ў справе захавання гісторыі Капыльшчыны з цягам часу ад Ларысы Нікалаевай пераняла яе калега, настаўнік-энтузіяст Аксана Максіменя. Пры гэтым педагог не абмежавалася пасіўным складзіраваннем своечасова выратаваных матэрыялаў. Жаданне забяспечыць да іх доступ шырокаму колу зацікаўленых прывяло да пераробкі артэфактаў на сучасны лад — музейная спадчына набыла электронны выгляд.

Настаўніца гісторыі СШ № 2 г. Капыля Аксана Максіменя з юнымі краязнаўцамі

— Музей існуе на сайце нашай школы. Інфармацыя там сістэматызавана па некалькіх раздзелах, і гэта робіць яе выкарыстанне больш зручным, — тлумачыць Аксана Мікалаеўна. — І вучні, і настаўнікі (прычым як гісторыі, так і іншых гуманітарных прадметаў) пры падрыхтоўцы да заняткаў даволі часта звяртаюцца да матэрыялаў, што там размешчаны. Пры гэтым, несумненна, вялікімі плюсамі нашага музея з’яўляюцца свабоднае наведванне і кругласутачны «рэжым работы».

Віртуальны доступ да экспанатаў, дарэчы, не выключае магчымасці непасрэднага «дотыку да гісторыі» — педагогі і вучні школы пры жаданні могуць не толькі ўбачыць экспанаты, але і выкарыстаць іх падчас правядзення мерапрыемстваў. Праўда, такая агульнадаступнасць распаўсюджваецца толькі на рэчы, не схільныя да пашкоджанняў.

Як паказвае практыка, віртуальны музей, створаны ў сярэдняй школе № 2, аказаўся не толькі ўдалым прыкладам вырашэння праблемы захавання экспанатаў, але і зрабіў крок у бок устанаўлення сувязі пакаленняў праз інфармацыйныя тэхналогіі, якія, як вядома, іграюць вялікую ролю ў павышэнні цікавасці сучасных школьнікаў да працэсу атрымання ведаў.

Усё далей сыходзяць у глыбіню гісторыі падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Разам з тым павялічваецца і дыстанцыя, што непазбежна аддаляе новыя пакаленні ад тых трагічных і гераічных часоў. Аднак памяць жыве. Яе нельга страчваць ні ў якім разе. І школьныя музеі, у тым ліку і віртуальныя, — гэта тая скарбніца, якая дазваляе накіроўваць маладых людзей у правільнае рэчышча, на аснове знаёмства з гераічным мінулым суайчыннікаў выхоўваць чалавечнасць, годнасць і патрыятызм.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *