Адным з самых асноўных напрамкаў работы КУП «Капыльская ЖКГ» на дадзены момант з’яўляецца правядзенне бягучага рамонту тратуарных дарожак і асфальтна-дарожнага палатна па вул. Партызанскай у Капылі, а менавіта ад дома № 7 да скрыжавання з вул. Цімкавіцкай.

Трэба адзначыць, што праблема з тратуарамі на гэтым участку існавала даўно. Неаднаразова яна ўзнімалася падчас прамых ліній з кіраўніцтвам раёна, прыёмаў грамадзян старшынёй райвыканкама. Таму і была ўключана ў план па добраўпарадкаванні горада на гэты год.

Як паведаміў майстар КУП «Капыльская ЖКГ» Андрэй Зяньковіч, работы вядуцца па частках, каб было зручна для руху пешаходаў. На адным участку, дзе мелася патрэба, ужо замянілі пашкоджаныя бардзюры і ўклалі плітку. Вядзецца замена бардзюраў і з другога боку. Тратуарныя дарожкі пашыраны да 1,7 м, і цяпер па іх можна спакойна праехаць з каляскай. Праведзены дэмантаж старой агароджы, новая будзе ўстаноўлена за кошт сродкаў раённага бюджэту. Разам з гэтым выраўнаваны схіл, высаджана звыш 20 туй каля старых могілак, будуць размешчаны лавачкі для адпачынку паабапал вуліцы. Дарожнае пакрыццё знаходзіцца ў добрым стане, таму будуць заменены ўчасткі, дзе прасеў асфальт. Шмат рамонтных работ будзе выканана і на мосце праз раку Каменку.
Сяргей КОЗЕЛ