Свет детских воспоминаний Татьяны Цыриной из аг. Мажа

Галоўныя падзеі

…Маленькая Таццяна бачыць, як бабуля Ядвіга Іосіфаўна Карповіч цярэбіць цыбулю: жанчына старанна абірае з яе шалупінне, каб потым у гэтым адвары пафарбаваць велікодныя яйкі. Тады яны атрымаюцца чырвонымі, прыгожымі і бліскучымі… Шмат самых розных успамінаў беражліва захоўвае ў сваёй памяці Таццяна Францаўна Цырына з аграгарадка Мажа: прыгожыя духмяныя пірагі, гульня «ў біткі», песні валачобнікаў…

■ Таццяна Цырына

Менавіта са светлым святам Вялікадня ў Таццяны Цырынай звязаны самыя светлыя ўспаміны. З іх ды яшчэ са стараннай штодзённай духоўнай працы сплятаюцца сцяжынкі асабістага шляху, які вядзе да Бога.

Сцяжынкі дзіцяці

Азірнуўшыся ў мінулае, Таццяна Францаўна нібы на самай справе адчувае, як хату хутка напоўніць ні з чым не параўнальны пах расчыненага цеста: крыху кіславаты водар дражджэй перапляцецца з ледзь чутнымі ноткамі надыходзячага свята. А асаблівую ўтульнасць і цеплыню дададуць бабуліны пірагі, як толькі яна дастане іх з печы. У працэсе прыгатавання і ўпрыгожвання Ядвіга Іосіфаўна дазваляла ўдзельнічаць і ўнукам. А яшчэ яна казала, што смак залежыць ад якасці і стараннасці  замесу.

– Вымешваць трэба да той пары, пакуль кропля поту з ілба ці з носа не ўпадзе, – настаўляла мудрая жанчына.

Цяжка было вытрымаць да таго часу, калі можна гэту смакату пакаштаваць. Дачакацца вяртання з касцёла пасля асвячэння – гэта было насамрэч нялёгкае выпрабаванне.

– Як спячы той смачны пірог? – нібы аглядваючыся назад, разважае Таццяна Францаўна. – Для сучасных гаспадыняк гэты працэс стаў прасцейшым. Сёння можна знайсці любы рэцэпт, на розны густ, але абавязкова трэба ўкласці натхненне, душу і кропельку поту…

■ Таццяна разам з мамай Нінай Канстанцінаўнай і татам Францам Антонавічам Сапешкамі, 1965 г.

На святочны стол мама Ніна Канстанцінаўна Сапешка заўсёды ставіла толькі лепшыя і найсмачнейшыя стравы. Затым уся сям’я разам віншавала адзін аднаго словамі: «Хрыстос Уваскрос! Сапраўды Уваскрос!» Самымі смачнымі стравамі на святочным стале пасля Вялікага посту акрамя духмяных  пухлых пірагоў, канешне, былі мясныя: кавалачкі падсушанага кумпячка, каўбаска, запечаная ў печы рулька.

А потым уся вуліца Зарэчча ў в. Шастакі ўпрыгожвалася разнаквеццем жаночых хустак і сукенак, бо кожная гаспадыня пакідала сваё  лепшае адзенне менавіта на Вялікдзень. Дарослыя спявалі пад гармонік, віншавалі адзін аднаго, а яны, дзеткі, якіх шмат высыпала на шастакоўскія абшары, з захапленнем гулялі «ў біткі». Кожны ставіў перад сабой мэту прынесці дахаты найбольшую колькасць здабычы, і дзеля гэтага не цураліся аніякіх спосабаў. Хтосьці ў сумленным паядынку разбіваў яйка саперніка, а хтосьці і жульнічаў. Каб перамагчы, бралі штучныя яйкі, зробленыя з дрэва або нават каменныя.

Першыя тры дні пасля Вялікадня найлепшыя пажаданні і цудоўныя песні па хатах «разносілі» так званыя валачобнікі, да якіх выходзілі гаспадар з гаспадыняй і частавалі ўсялякай смакатой.

Сцяжынкі дарослага

Сёння Таццяна Францаўна ўпэўнена, што да свядомага прыняцця веры яна прыйшла дзякуючы сваёй цётачцы – Яніне Антонаўне Пышко, перадавой даярцы калгаса «Ленінец». Матуля, бухгалтар названага калгаса і член КПСС, дзяцей пахрысціла. Па негалосных правілах савецкага часу зрабілі гэта ў хаце. І ўсё ж па нейкіх асабістых прычынах да выконвання рэлігійных запаветаў сур’ёзна жанчына не ставілася. Больш аб духоўным выхаванні клапаціўся бацька Франц Антонавіч Сапешка. Рабіў ён гэта «ціхенька і спакойненька» і калі-нікалі адвозіў дзетак да касцёла ў Нясвіж.

■ 2006 г. Служба праходзіла ў падвале недабудаванага касцёла ў Капылі. Сярод вернікаў — Яніна Антонаўна Пышко (трэцяя злева)

Вобраз цёткі Яні і зараз суправаджае Таццяну Францаўну. Вось жанчына на каленях звяртаецца да Пана з патаемным ці сядзіць з малітоўнікам у руках. А вось перагортвае малітвы так званага Ружанца, падчас якога іх паслядоўнасць адлічваецца нібы па пялёстках ружы. Накшталт вянка з руж жанчына пляла і вянок з малітваў, каб прынесці яго Божай Маці. Малітва гэта спалучалася з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса і Панны Марыі, што ўтвараюць пяць частак Ружанца. Ужо пазней Таццяна Францаўна даведалася, што малітва Ружанца мае вельмі вялікую моц.

– Да Бога я прыйшла ўжо ў даволі свядомым узросце, – удакладняе Таццяна Францаўна. – А па-сапраўднаму паядналася з Ім, упершыню прыняўшы Камунію 8 чэрвеня 2019 года, пасля сакрамэнту пакаяння і заключэння сужэнства з Анатолем Аляксандравічам Бураком. Велікодны стол я заўсёды накрываю ў традыцыях з майго дзяцінства. Таму для мяне важна зрабіць гэта трапятліва, каб гэта было як пры бабулі і маме.

Таццяна Цырына – ужо сама матуля і бабуля. Дзяцей і ўнукаў паступова далучае да Бога. Дачку Кацярыну хрысцілі ў Нясвіжскім касцёле, там жа яна брала шлюб і паступова пахрысціла сваіх траіх дзетак. А малодшы сынок Аляксей упершыню далучыўся да Пана Езуса праз сакрамэнт хросту дзякуючы ксяндзу Аляксею ў капыльскім касцёле, які яшчэ знаходзіўся на стадыі будавання.

Сцяжынкі сумесныя

Таццяна Францаўна – намеснік дырэктара Мажскага ВПК д/с – ПШ, таму на ёй ляжыць абавязак клапаціцца не толькі аб сваіх дзетках, але і аб навучэнцах. Праз звяртанне да звычаяў і традыцый яна паціху накіроўвае хлопчыкаў і дзяўчынак да веры. Дзеці разам з настаўнікамі становяцца частымі гасцямі ў касцёле святых Пятра і Паўла, дзе іх душэўна сустракае ксёндз Андрэй Калядка. У хуткім часе наведаюць і Свята-Узнясенскую царкву ў Капылі.

■ Вучні Мажскага ВПК д/с — ПШ разам з ксяндзом Андрэем Калядкам, 2020 г.

– Вельмі хочацца, каб радасць і духоўнасць майго дзяцінства не канулі ў небыццё, – упэўнена Таццяна Францаўна. – Таму разам з педагогамі нашай навучальнай установы мы вызначылі духоўнае адраджэнне як галоўны напрамак выхавання. Далучэнне да духоўнасці, з дазволу бацькоў, адбываецца праз наведванне хрысціянскіх храмаў – касцёла і царквы. Дзеці вучацца разумець, што аб’ядноўвае і ў чым адрозненні між каталіцкім і праваслаўным веравызнаннем. А Вялікдзень  з’яўляецца самым значным і ўрачыстым  святам. Святкуецца цэлы тыдзень. У першы дзень, прыходзячы ў храм, людзі праслаўляюць цудоўнае ўваскрэсенне Езуса Хрыста. Дзеці разам з настаўнікамі з задавальненнем у мінулым годзе прадстаўлялі яго асноўныя яскравыя  моманты сцэнічна.

Пачастунак ад Таццяны Цырынай. Хрушчы  

З мукі, малака і 1–2 яек, без соды і воцату, замясіць цеста. Тоненька яго раскачаць і парэзаць на прамавугольнікі памерам 10 на 16 сантыметраў. Затым кожны надрэзаць па даўжыні (не да канца) на 4 палоскі. На відэлец як бы праплесці палоскі праз адну. У высакаватай, але невялікай па аб’ёме пасудзіне разагрэць алей і апусціць туды відэлец з цестам. Затым вынуць відэлец. Пасля таго, як хрушч скруціцца, дастаць яго і, пакуль ён гарачы, пасыпаць цукровай пудрай.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



1 комментарий по теме “Свет детских воспоминаний Татьяны Цыриной из аг. Мажа

  1. малайчына Дыяна як заужды напiсана вельмi па майстэрску и прыгожа

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *