В центре Жилихова возвышается памятник в честь погибших односельчан. Среди имен — Николай Михалкович

75 лет Победы Актуально

Мінула 75 год з той пары, як пераможным «Ура! Перамога!» савецкі народ сустрэў заканчэнне адной з самых доўгіх і самых трагічных войнаў усіх часоў і народаў. Памяць пра ахвяр і герояў Вялікай Айчыннай вайны жыве ў помніках, абелісках, мемарыялах, архітэктурна-скульптурных комплексах, брацкіх магілах. Застылі ў бронзе салдаты, падпольшчыкі, партызаны…

У цэнтры аграгарадка Жыліхава Бучацінскага сельсавета з 1970 года ўзвышаецца велічны абеліск, узведзены рукамі ўдзячных нашчадкаў. На сямі мармуровых плітах увекавечаны прозвішчы 101 земляка, якія аддалі свае жыцці за свабоду і незалежнасць Радзімы. У маі 2014 года тут адбылося ўрачыстае пахаванне капсулы з зямлёй з месца гібелі героя-земляка Міхалковіча Мікалая, што быў у ліку прапаўшых без вестак доўгія гады.

■ Падчас пахавання капсулы

Стралок-радыст з Жыліхава

Актывісты міжнароднага патрыятычнага руху «Марское братэрства – непарушнае» знайшлі астанкі беларусаў –  лётчыкаў марской авіяцыі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай у баях за Чарнаморскае ўзбярэжжа ў раёне горада Новарасійска. У іх ліку – ураджэнец вёскі Жыліхава Капыльскага раёна Міхалковіч Мікалай Піліпавіч. У кнізе «Памяць. Капыльскі раён» у раздзеле «Ахвяры вайны», прысвечаным воінам-землякам, якія загінулі ці прапалі без вестак, жыліхаўскаму хлопцу прысвечаны толькі два радкі: «Міхалковіч Мікалай Піліпавіч, н. у 1918, загінуў у 1944». Але дзякуючы актывістам патрыятычнага руху, якія не толькі знайшлі астанкі прапаўшых у гады вайны герояў, але і правялі сур’ёзную даследчую работу, удалося даведацца пра гераічны шлях простага хлопца з в. Жыліхава.

■ Міхалковіч Мікалай

…25 чэрвеня 2009 года пры правядзенні палявых пошукавых работ у 10 кіламетрах на поўнач ад г. Новарасійска было  зной-дзена месца падзення хуткаснага бамбардзіроўшчыка СБ-2М-103. На месцы падзення самалёта ўтварыліся дзве невялікія варонкі ад рухавікоў, вакол якіх хаатычна раскіданы фрагменты фюзеляжа і боекамплекта авіяцыйнага кулямёта ШКАС. Астанкі двух членаў экіпажа былі знойдзены сярод абломкаў самалёта, а трэцяга – прыкладна ў 50 метрах ад месца падзення. У выніку абследавання мясцовасці пры дапамозе металашукальнікаў побач з рэшткамі выяўлены гільзы ад пісталета ТТ, асабістай зброі нашых лётчыкаў, а на некаторай адлегласці –  гільзы ад вінтоўкі Маўзера, якая стаяла на ўзбраенні немцаў. На падставе сабранага матэрыялу адноўлена карціна таго, што адбылося: хутчэй за ўсё, самалёт быў збіты агнём зенітнай артылерыі праціўніка і пілот здзейсніў вымушаную пасадку на тэрыторыі, занятай праціўнікам. У выніку ўдару самалёт раскалоўся на некалькі частак. Напрамак самалёта ў момант падзення паказвае на тое, што ён вяртаўся пасля выканання баявога задання з раёна Керчанскага праліва. Той факт, што на месцы падзення выяўлены гільзы з асабістай зброі, дазваляе выказаць здагадку, што пры з’яўленні гітлераўцаў, якія назіралі катастрофу самалёта і прыбылі на месца падзення, адзін з лётчыкаў быў жывы і прыняў свой апошні бой.

Доўга вялася праца па вызначэнні складу экіпажа бамбардзіроўшчыка. У выніку – месца выяўлення і кірунак падзення знойдзенага самалёта паказвалі на тое, што экіпаж быў менавіта капітана Іванова, які не вярнуўся пасля выканання баявога задання ў раёне Керчы ў сакавіку 1943 года.

За час удзелу ў Вялікай Айчыннай вайне экіпаж Іванова прайшоў сапраўды слаўны баявы шлях. Згодна з аператыўнымі зводкамі па палку, 17 жніўня 1942 г. пры выкананні баявога задання па знішчэнні мотастралковых часцей праціўніка ў раёне Клухарскага перавалу самалёт старшага лейтэнанта Іванова быў збіты, экіпаж пакінуў падпаленую машыну, здолеў вярнуцца ў часць і прадоўжыў граміць ворага. У лістападзе 1942  года самалёт СБ № 18-121, пілатуемы лётчыкам Івановым, маючы баявыя пашкоджанні, здзейсніў аварыйную пасадку на аэрадроме базіравання ў г. Кутаісі: экіпаж цэлы, самалёт адноўлены.

Выпіска з Загаду № 0259 ад 21.02.1942 г. камандуючага войскамі Крымскага фронту:

«От имени Президиума Верховного Совета Союза ССР, за образцовое выполнение боевых заданий Командования на фронте с немецкими захватчиками и проявленные при этом доблесть и мужество награждаю:

  1. Стрелка-радиста 2 эскадрильи 367 скоростного бомбардировочного авиационного полка старшего сержанта Михалковича Николая Филипповича.

Тов. Михалкович Н.Ф. в борьбе с немецко-фашистскими захватчиками на Керченском и Крымском полуострове за период с 13.12.1941 г. по 15.01.1942 г. имеет 11 боевых вылетов с налетом 24 часа 30 минут. Экипаж в период высадки десанта подавлял артпозиции и огневые точки пулеметов и автоматов в районе г. Опук и Ссыпной пункт. Последующие вылеты были в район Марфовка, Старый Крым, Коктебель и подходящие к линии фронта дороги. Уничтожали автоколонны и живую силу противника. Экипаж уничтожил до 25 машин и 30 повозок с боеприпасами и продовольствием, около двух рот пехоты, рассеяли, частично уничтожили до эскадрона кавалерии. Все эти полеты были в сложных метеоусловиях: снегопад, сплошная облачность, туманы.

Тов. Михалкович – один из лучших радистов, до конца предан делу партии Ленина-Сталина, работает не покладая рук, не жалеет ни здоровья, ни жизни для быстрейшего истребления немецко-фашистских захватчиков, пробравшихся на нашу территорию в качестве оккупантов.

Тов. Михалкович Н.Ф. достоин награждения орденом «Красное Знамя».

Са Справаздачы аб рабоце інжынерна-авіяцыйнай службы 132 БАД за сакавік-красавік 1943 года:

«Из именного списка безвозвратных потерь по форме № 2 людского состава частей 5 воздушной армии за март 1943 года:

«13.03.1943 года не вернулся с боевого задания самолет СБ № 18-121 из состава 367 БАП. Экипаж: пилот командир звена капитан Иванов Михаил Петрович, 1917 г.р., уроженец г. Ленинград, проспект Октября, д. 13, кв. 1, член ВКП(б) с 1942 года, мать – Иванова Вера Яковлевна. Стрелок-бомбардир старший лейтенант Токарев Илья Васильевич, 1918 г.р., член ВЛКСМ, родственников не имеет. Воздушный стрелок-радист старший сержант Михалкович Никита Филиппович, 1918 г.р., уроженец БССР, Минская область, Красносвободский район, с. Жениховка (правильно – Михалкович Николай Филиппович, Краснослободский  район, п. Жилихово),  отец – Михалкович Филипп».

Вечная памяць героям!

■ Ганаровая варта ля помніка загінуўшым землякам

Нашчадкі помняць сваіх землякоў, якія загінулі ў барацьбе з захопнікамі. Да абеліска прыходзяць і старыя, і маладыя, каб ўскласці кветкі і вянкі, «дакрануцца» да подзвігаў тых, хто абараняў падчас вайны нашу Айчыну. Памяць пра такіх людзей павінна жыць, таму мемарыяльная дошка Мікалаю Міхалковічу, якая размешчана на будынку Жыліхаўскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа, –  гэта даніна памяці і павагі да яго лёсу і лёсаў тысяч такіх, як ён. Нізкі вам паклон, абаронцы Айчыны!

Таццяна БОХАН

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *