«Капыльскія пацехі» в очередной раз порадовали местную публику

Культура

У атмасферу жартаў, гульняў і весялосці гледачы траплялі, як толькі пераступалі парог Капыльскага раённага цэнтра культуры, дзе праходзіў фестываль гульні і гумару «Капыльскія пацехі».

■ Вядучыя фестывалю Людміла Давідоўская і Святлана Шчукіна

У фае гучала завадная музыка, кожны са шматлікіх культарганізатараў наперабой запрашаў да свайго кута – там можна было ўволю пазабаўляцца, прыняць удзел у пацешных конкурсах ды гульнях, выйграць прызы, а заадно і атрымаць цудоўны настрой.

■ Вяселы настрой гледачам стваралі яшчэ ў фае

Пасля такой мажорнай прэлюдыі на сцэне цэнтра культуры разгарнулася асноўнае дзейства – гумарыстычны канцэрт з беларускім каларытам, удзел у якім прынялі артысты з усёй Капыльшчыны. Святочны настрой на працягу фестывалю падтрымлівалі вядучыя ў нацыянальных касцюмах – загадчык аўтаклуба Капыльскага РЦК Святлана Шчукіна і метадыст па рабоце з дзецьмі гэтай жа ўстановы Людміла Давідоўская. Ацэньвала ж выступленні кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Гарбацэвіч (старшыня), намеснік дырэктара РЦК Алена Дзямідчык, мастацкі кіраўнік РЦК Валянціна Зарамбоўская і рэжысёр народнага тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі» Любоў Галубовіч.

■ У глядзельнай зале — самыя яркія эмоцыі

Свой гумарыстычны «тавар» на суд журы і гледачоў прадставілі каля паўтара дзясятка творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў. Кожнае з выступленняў аказалася па-свойму яркім, запамінальным і, галоўнае, смешным. Хтосьці зрабіў стаўку на завадныя песні, камічныя сцэнкі, насычаныя безліччу жартаў, ну а хтосьці выклікаў прыхільнасць гледачоў за кошт прыцягнення іх да непасрэднага ўдзелу ў сваіх нумарах.  Многія з артыстаў, да таго ж, заваявалі сімпатыю прысутных неверагоднай харызмай і выдатным акцёрскім майстэрствам.

■ Валянціна Шыманская і Галіна Дрожжа — адны з намінантаў фестывалю

У выніку гумарыстычных баталій былі вызначаны пераможцы раённага фестывалю ў некалькіх намінацыях. Так, у намінацыі «Самая вясёлая гульнёвая пляцоўка» быў узнагароджаны калектыў Старыцкага СДК. У намінацыі «За самую прафесійную анімацыю» пераможцамі былі абраны прадстаўніцы Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці Валянціна Шыманская і Галіна Дрожжа. Дыплом у намінацыі «За выкарыстанне сучаснага і традыцыйнага гумарыстычнага матэрыялу»   атрымаў   калектыў Ванелевіцкага цэнтра культуры і вольнага часу. У намінацыі «За высокае выканальніцкае майстэрства і сцэнічную культуру» быў узнагароджаны вакальны гурт Ляшнянскага клуба-бібліятэкі. Любоў Карповіч і Мікалай Майсюк з Песачанскага цэнтра культуры і вольнага часу былі абраны пераможцамі ў намінацыі «За лепшы аўтарскі гумарыстычны твор». Дыплом у намінацыі «За высокую гумарыстычную каштоўнасць выступленняў» дастаўся гурту «Весялухі» Грозаўскага СДК.

■ Гурт «Весялухі» Грозаўскага СДК пасля цырымоніі ўзнагароджання

Акрамя заслужаных дыпломаў і прызоў, пераможцы атрымалі права прадставіць наш рэгіён на абласным фестывалі гульні і гумару, які сёлета ў чарговы раз запланавана правесці на  Капыльшчыне.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *