В районном центре традиционной культуры в агрогородке Мажа состоялась выставка «Свадьба через годы»

Актуально Культура

Яе ўдзельнікамі сталі навучэнцы і майстры вытворчага навучання Капыльскага дзяржаўнага каледжа. Сярод ганаровых гасцей — навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея Андрэй Лятчэня.

Вяселле — сямейна-бытавы абрад злучэння маладых, пачатак новай сям’і і адначасова — працяг спрадвечных традыцый, якія існуюць з пакалення ў пакаленне.

— Дадзеная выстава — гэта вынік даследчага вывучэння вясельнай абраднасці, якое праводзілася ў 2019 годзе ў раёне, — дзеліцца загадчык раённага цэнтра традыцыйнай культуры Галіна Гурло. — Каб яе стварыць, спачатку правялі сапраўднае даследаванне, даведаліся, як праводзілі вяселле і якія былі асноўныя атрыбуты абраду. І дапамагалі нам супрацоўнікі раённага цэнтра ткацтва, работнікі клубных устаноў культуры, а таксама майстры народнага клуба «Скарбонка». Было сабрана шмат фотаздымкаў вясельных жаночых і мужчынскіх традыцыйных строяў розных гадоў мінулага стагоддзя, праведзена мэтанакіраванае анкетаванне (больш чым 400 пытанняў) пра мясцовыя звычаі і традыцыі, што дало магчымасць скласці больш дэталёвыя ўяўленні пра вяселле на Капыльшчыне.

Цэнтральнае месца на выставе адведзена шматлікім рэчам, якія маюць як старажытнае, так і сучаснае паходжанне. Ёсць тут і арыгінальныя знаходкі, якія жыхары Капыльшчыны дасталі са сваіх куфэркаў, а частка экспанатаў – адроджаныя па фотаздымках, якія былі карпатліва адноўлены сучаснымі майстрамі з выкарыстаннем старажытных тэхналогій. У экспазіцыі можна пабачыць атрыбуты этнічнага вясельнага ўбора маладых вёскі Нізкавічы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя,  вясельную сукенку і  вянок з вэлюмам 1976 года, адзенне свахі і сябровак. Акрамя прадметаў адзення, на выставе прадстаўлены шматлікія фотаздымкі, лялечныя кампазіцыі, атрыбуты вясельнага абраду і яшчэ шмат чаго вартага ўвагі.

Калі браць час да 50-х гадоў мінулага стагоддзя, то можна адзначыць, што вясельны касцюм Капыльшчыны — гэта тканае адзенне, якое вызначалася разнастайнасцю і багаццем арнаментальных форм у вышыўцы і ткацтве.  І ўжо пасля 50-х гадаў — шытае з крамнай тканіны. Прыклад таму — касцюм свахі, якая абавязкова запрашалася на свята. На ёй былі сшытыя сукенка і яскравая спадніца, абавязкова белы фартух. Перавязвалася сваха тканым ручніком і тканінай, якую дарыла ёй маладая ў час вяселля. Яшчэ адна наша адметнасць: калісьці жаніх браў нявесту менавіта са сваёй вёскі.  Бацькі павінны былі ведаць, багатая ці бедная сям’я, колькі пасагаў мае і гэтак далей. Асабліва гэта тычылася таго боку, дзе зараз знаходзяцца Жыліхава, Гулевічы, Семежава і Лешня. Існаваў і такі звычай: напрыклад, у Ванелевічах вясельны ручнік клалі на «бусла», ад ветру ён разлятаўся, каб усе бачылі, што у гэтай хаце сёння праходзіць вяселле. А вось перад прыездам маладога дзяўчыну сяброўкі апраналі ў вясельнае ўбранне. Але, перш чым яго надзець, трэба было памыць рукі і твар, а ваду пасля выліць пад вішню. Лічылася, што ўсё жыццё маладая будзе прыгожая, як вішня.

Нагадаем, што капыльскія майстрыхі адрадзілі ўбор свахі з Семежава 60-х гадоў, а таксама вясельны мужчынскі і жаночы касцюмы сярэдзіны 50-х гадоў ХХ стагоддзя. Іх прадставілі на абласным свяце традыцыйных мастацкіх рамёстваў «Слуцкія паясы», за што і атрымалі Дыплом за адраджэнне вясельнага строю рэгіёну і папулярызацыю традыцыйнай спадчыны. Дарэчы, свой вясельны касцюм капыляне таксама прадэманстравалі на абласным свяце «Дажынкі-2019» у г. Барысаве і падчас дэфіле адроджаных касцюмаў Міншчыны ў Палацы Рэспублікі ў ходзе цырымоніі ўручэння прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Дэманстравалі створаныя касцюмы майстар-метадыст народнага клуба «Скарбонка» Дзіна Брыль і навучэнцы каледжа  Ілья Апанасчык і Валерыя Гайдукевіч.

— Прыемна, што наша дзейнасць не засталася незаўважанай, — прадаўжае размову Галіна Гурло. — У гэтым годзе мы правядзём раённы семінар па сямейна-бытавой абраднасці для работнікаў культуры. Вынікам нашай справы стане выпушчаны зборнік па вясельных убранствах, абрадах і звычаях. Лічу, што гэта бясследна не павінна прайсці, таму што вяселле — гэта такі абрад, які існуе і  ідзе з пакалення ў пакаленне.

Калі зацікавіліся вясельнай модай, прыходзьце ў раённы цэнтр традыцыйнай культуры і паглядзіце самі. Выстава буде працаваць на працягу месяца.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *