В ОАО «Преснаки» одними из первых на Копыльщине начали сев яровых культур

Актуально Экономика

Сёлета ў ААТ «Праснакі» яравымі культурамі плануюць заняць плошчу ў 1839 гектараў. Хлебаробы гаспадаркі аднымі з першых у раёне пачалі веснавую сяўбу і з першых дзён паступова нарошчваюць тэмпы работ.

Яшчэ задоўга да пачатку веснавых палявых работ у гаспадарцы распрацавалі план правядзення пасяўной, вырашылі фінансавыя пытанні, падпісалі дагаворы на пастаўку паліва і ўгнаенняў. Зараз дырэктар і спецыялісты кожны дзень праводзяць карэкціроўку работы механізатараў. Сярод асноўных відаў работ – вываз арганікі, падрыхтоўка глебы пад яравы клін і сама сяўба.

■ Вадзіцель Аляксандр Шункевіч і механізатар Сяргей Берасневіч заняты на падкормцы азімых

– Час прыспешвае, мы не можам сабе дазволіць расслабіцца, – гаворыць дырэктар ААТ «Праснакі» Віталь Платун, – усё ідзе згодна з графікам. Сяўбу пачалі з аўса – гэта культура не баіцца вільгаці і маразоў. Нездарма ў народзе кажуць: «Сей авёс у гразь – будзеш князь». Хаця з-за сёлетняй анамальнай зімы дэфіцыт вільгаці будзе пра сябе не раз нагадваць.

Пачаць пасяўную кампанію ў сельгаспрадпрыемстве даверылі маладым механізатарам: Мікалаю Міхадзюку, які працуе на трактары МТЗ-3522 з агрэгатам АППМ-6Д, а на падвозцы насення заняты Арцём Рудзеня на МТЗ-1221. На палетку, дзе шчыравалі хлопцы, пасля дажджу, што ноччу спорна акрапіў глебу, сапраўды назіралася гразь. Механізатары, не ўпусціўшы ніводнай хвіліны, на магутнай тэхніцы выйшлі ў поле. Праз некаторы час ім на падмогу выйдзе яшчэ адзін МТЗ-3522 з агрэгатам АПМ-6.

■ На сяўбе аўса — механізатары Мікалай Міхадзюк і Арцём Рудзеня

Зараз у гаспадарцы актыўна вядзецца закрыццё вільгаці.

– На дадзены момант гэтыя работы праведзены ўжо больш чым на 80% неабходных палеткаў, – расказвае галоўны аграном Раман Бабуль. – На трактары МТЗ-3522 з агрэгатам КГП-6,2 гэтым займаецца таксама малады механізатар Аляксандр Жук. Ён разрыхляе глебу, а потым яе ўшчыльняе, каб засталася вільгаць, неабходная для далейшай сяўбы ячменю. Аляксандр зарэкамендаваў сябе адказным працаўніком. У яго адзін з самых магутных у гаспадарцы энерганасычаных трактароў, яму вельмі падабаецца працаваць з тэхнікай.

■ Галоўны аграном Раман Бабуль (справа) і механізатар Аляксандр Жук

На ворыве пакуль што занята адна адзінка. Добры задзел зрабілі з восені, на вясну пакінулі толькі 450 га.

Вядуцца ў гаспадарцы ў комплексе і іншыя работы. Пасля актыўнай вегетацыі азімых пачалася іх падкормка. Для гэтай мэты працуюць раскідвальнік мінеральных угнаенняў «Амазоне» і комплекс для ўнясення вадкіх угнаенняў «Раса». На ўнясенні арганікі задзейнічаны два ўласныя агрэгаты і тры з мехатрада Капыльскага райаграсэрвісу.

– Для таго, каб аператыўна правесці пасяўную кампанію, мы распрацавалі план мерапрыемстваў па эфектыўным матэрыяльным стымуляванні работнікаў, – дзеліцца Віталь Платун. – Чым больш чалавек выконвае норму выпрацоўкі, тым большы заробак ён атрымлівае. Пры тым экран пасяўной вядзецца штодзень, куды рэгулярна запісваюцца вынікі. Прадугледжана і спаборніцтва, пераможцы якога атрымаюць да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі каштоўныя падарункі.

Высокія заработныя платы і разнастайныя метады стымулявання дазваляюць прыцягваць і ўтрымліваць у сельгаспрадпрыемстве працаўнікоў (мясцовых, вядома ж, не хапае). Сюды прыязджаюць на працу з Капыля, Быстрыцы, Слуцка. Пра спрыяльныя адносіны з боку кіраўніцтва гаворыць і высокі ўзровень замацавання маладых спецыялістаў. Для іх не толькі абустроены сучасны інтэрнат, але арганізоўваюцца паездкі і спартыўныя мерапрыемствы.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *