65 год Вялікай перамогі!

Актуально Калейдаскоп

Дарагія ветэраны, паважаныя жыхары Капыльскага раёна!

Сардэчна віншуем вас з вялікім святам – 65-годдзем Перамогі.

Бясконца дарагі гэты дзень беларускаму народу, які разам з мільёнамі савецкіх людзей адстаяў у Вялікай Айчыннай вайне свабоду і мір, унёс вялікі ўклад у вызваленне Еўропы і ўсёй планеты ад фашысцкага прыгнёту.

Мы радуемся 65-й мірнай вясне, дзякуючы мужнасці і гераізму кожнага, хто прайшоў вогненнымі і крывавымі дарогамі вайны. Тысячы землякоў змагаліся з ворагам на франтах. На тэрыторыі раёна дзейнічалі 8 партызанскіх брыгад і 10 атрадаў.

Цаной вялізных страт удалося адстаяць свабоду і незалежнасць Радзімы. На франтах і ў партызанскім руху загінулі 5062 ураджэнцы Капыльшчыны, спалена і забіта 6976 мірных яе жыхароў, у Германію было вывезена 749 чалавек, а вязнямі канцлагераў сталі 258, з іх 114 – непаўналетнія. Памяць аб загінуўшых у гэтай страшнай вайне ўвекавечана ў граніце 172 абяліскаў і помнікаў, якія ўзведзены ў раёне. Рэха дзён, напоўненых гераізмам і мужнасцю суайчыннікаў, назаўсёды застанецца ў нашых сэрцах і ва ўсіх наступных пакаленняў. Нізкі паклон і тым, хто перанёс на сваіх плячах цяжкасці пасляваеннай разрухі.

Наша сённяшняя мірная праца з’яўляецца дастойным працягам памяці тых гераічных дзён. Намаганні працаўнікоў раёна засяроджаны на захаванні пазітыўных тэндэнцый у сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна, рашэнні пытанняў паляпшэння дабрабыту людзей.

Няхай заўсёды над намі будзе чыстае мірнае неба. Жадаем усім моцнага здароўя, радасці, шчасця, усяго самага светлага і добрага. Поспехаў у працы, дзякуючы якой развіваецца і мацнее наша родная Бацькаўшчына.

Раённы выканаўчы камітэт

Раённы Савет дэпутатаў



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *