Скабинские аграрии уверены: своевременная подкормка — стимул для роста

Актуально Экономика

Як правіла, першую падкормку азотнымі ўгнаеннямі праводзяць адразу пасля снегараставання, аднак у бягучым годзе надвор’е дыктуе свае правілы — бясснежная зіма, а з ёй нізкі ўзровень вільгаці ў глебе прыспешваюць правядзенне гэтага працэсу.

У ААТ «Скабін» даследавана кожнае поле, у раслін ідзе актыўная вегетацыя.

– Белыя карэньчыкі, так званыя ніці, ужо перасягнулі 1 см, таму відавочна, што расліне патрэбен азот, каб прыдаць ёй інтэнсіўны рост, – дзеліцца дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Хвіцько. – Умовы надвор’я, тэмпературны рэжым таксама адпавядаюць норме. Уся закладка ўраджаю на 70–80% залежыць ад першай падкормкі. Калі ўпусцім аптымальныя тэрміны – рызыкуем страціць ва ўраджайнасці, а гэтага дапусціць ніяк нельга. Яшчэ трэба правесці закрыццё вільгаці, вясновае ўзворванне. Так што гарачыя дзянькі толькі пачынаюцца. А пакуль што мы старанна сочым за надвор’ем і палямі, выбіраем прыдатную для правядзення работ глебу. У любы момант гатовы прыступіць да масавых работ, тэхніка даўно падрыхтавана і чакае свайго часу.

Усяго гаспадарцы неабходна правесці падкормку на плошчы 1200 га азімых збожжавых культур і 400 га – рапсу.

Адно з палёў, якое, можна сказаць, «саспела», размешчана недалёка ад вёскі Нізкавічы. Яно ў гаспадарцы лічыцца эксперыментальным, бо засеялася восенню ў апошнія тэрміны сяўбы, таму адным з першых патрабуе вітамінаў урадлівасці. Менавіта сюды выйшлі першыя агрэгаты.  Сельскагаспадарчымі машынамі «Раса» кіруюць Іван Салаш і Вадзім Пархомчык. У абавязкі Івана Лук’яновіча, Аляксандра Васілевіча і Міхаіла Бахты ўваходзіць аператыўная дастаўка на поле карбамідна-аміячнай сумесі, якой і падкормліваюць азімыя. Увесь працэс у сельгаспрадпрыемстве настолькі адладжаны, што тэхніка практычна не прастойвае. Ды і кожны механізатар дакладна ведае сваю справу.

Дырэктар ААТ «Скабін» Аляксандр Хвіцько (у цэнтры) з механізатарамі Іванам Салашам і Іванам Лук’яновічам вывучаюць вегетацыю азімых

Угнаеннямі для правядзення першай падкормкі забяспечаны поўнасцю. Калі за дзень дзве «Расы» будуць апрацоўваць каля 300 га, то за тыдзень – дзесяць дзён работы будуць выкананы.

Увогуле па сельгаспрадпрыемстве перазімоўка пасеваў прайшла нядрэнна. Абследаванні паказваюць, што гібелі няма, ніякія спісанні не патрабуюцца. Але зіма была бясснежная, вельмі адчуваецца недахоп вільгаці. Расліны «мучаюцца», таму трэба прастымуляваць іх рост.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *