Старший участковый инспектор милиции Андрей Трубловский 16 лет отдал службе на сельском участке

Актуально Закон. Безопасность

За гэты час ён 11  разоў станавіўся лепшым на абласных прафесійных спаборніцтвах і адзін раз – на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе. За бездакорную службу ўзнагароджаны трыма службовымі аўтамабілямі.  А чарговым пацвярджэннем прафесіяналізму праваахоўніка стала прысваенне яму звання падпалкоўніка міліцыі.

– Ніколі не думаў, што буду служыць у міліцыі, – прызнаецца Андрэй Паўлавіч. – Пасля школы паступіў у педуніверсітэт імя Максіма Танка. Здаў дзве сесіі і зразумеў, што педагогіка – гэта не маё. Хаця вучыўся, здаецца, на перспектыўнай спецыяльнасці – «матэматыка і інфарматыка». Мог бы знайсці прымяненне ў розных галінах. Падчас тэрміновай службы ў 1-й роце спецназа ў Мінску ахоўваў грамадскі парадак, удзельнічаў у рэйдавых мерапрыемствах, патруляваў вуліцы. Вось тады канчаткова вырашыў стаць міліцыянерам. Скончыўшы Баранавіцкі каледж МУС, прыбыў у Капыльскі РАУС. Пазней атрымаў і вышэйшую адукацыю ў Акадэміі МУС.

З першага дня службы ён абслугоўвае ўчастак Блеўчыцкага сельсавета, дзе сам нарадзіўся, рос і зараз пражывае. На яго тэрыторыі знахо-дзяцца дзве буйныя гаспадаркі, паўтара дзясятка вёсак, аграгарадок Быстрыца.

Старшыня Блеўчыцкага сельвыканкама Леанід Чарніковіч узаемадзеянне з грамадскасцю, з тымі ж няштатнымі памочнікамі, народнымі дружыннікамі пацвярджае.

– Нам усім пашанцавала з участковым: прынцыповы, справядлівы, але і з душой чалавек, – выказвае Леанід Леанідавіч агульнае меркаванне. – Добра, што Андрэй Паўлавіч свой, з мясцовых. Ён усіх ведае, яго ведаюць. І, скажу вам, яго паважаюць, а некаторыя, за кім грахі водзяцца, пабойваюцца. Дзясяткі злачынстваў, у тым ліку забойстваў, па гарачых слядах здолеў раскрыць!

У гэтым і ёсць перавагі таго, што ўчастковы пражывае на сваім участку. На сувязі інспектар  – кругласутачна. Нават у выхадныя ён выслухае тых, хто да яго звяртаецца. Бывае, што людзі перш-наперш тэлефануюць на яго мабільны, а не на нумар 102. Гэта не абавязкова паведамленне аб якім-небудзь правапарушэнні, а можа быць звычайная патрэба ў кансультацыі ці парадзе.

Андрэй Паўлавіч згадаў выпадак разбойнага нападзення на прадаўца магазіна ў в. Блеўчыцы. Дзякуючы яго мабільнасці і аператыўнасці, блізкаму знаходжанню да аб’екта, яму ўдалося затрымаць злачынца да прыбыцця аператыўнай групы.

Пытаемся ва ўчастковага, як родныя адносяцца да яго прафесіі? У адказ чуем, што ўжо прывыклі. Тым больш што і ў жонкі праца звязана з дзяжурствамі, яна – медсястра. Таму поўнасцю разумее мужа. Ва ўсім бярэ прыклад з бацькі  малодшы сын, які ўжо хоча быць міліцыянерам. Так што будзем меркаваць, што дынастыя Трублоўскіх-праваахоўнікаў прадоўжыцца.

Сяргей КОЗЕЛ

Фота Паўла ШЭІНА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *