Заслуженный любительский коллектив «Дударики» выступил в средней школе № 2 г. Копыля

Важное Образование

У сярэдняй школе № 2 г. Капыля ў фінале акцыі «29 добрых спраў», якая праводзілася на Міншчыне ў лютым 2020-га, сустракалі цікавых гасцей – удзельнікаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь «Дударыкі» і яго кіраўніка Дзмітрыя Ровенскага.

■ На сцэне — «Дударыкі»

Былы выпускнік школы, Дзмітрый Дзмітрыевіч з радасцю прымае кожнае запрашэнне наведаць установу адукацыі, якая дала яму пуцёўку ў жыццё. Нягледзячы на досыць высокія дасягненні – Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, выдатнік адукацыі, «Мінчанін года»-2010 у вобласці культуры і разам са сваімі выхаванцамі лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» 2019 года, – ён застаецца вельмі добразычлівым і адкрытым да зносін.

З цікавасцю госці прайшліся па школьных калідорах, зазірнулі ў вучэбныя кабінеты, паслухалі расказ ветэрана педагагічнай працы Таццяны Паўлаўны Міхайлоўскай пра традыцыі, якія існуюць у школе, пра выпускнікоў, якімі тут ганарацца.

■ Падарунак школе ад Дзмітрыя Ровенскага (справа) атрымлівае Дзмітрый Рамановіч

А ў актавай зале гасцей ужо з нецярплівасцю чакалі ўдзячныя гледачы. Цудоўныя беларускія найгрышы, заліхвацкія танцы, песні на роднай мове ў выкананні юных удзельнікаў калектыву прынеслі шмат асалоды хлопчыкам і дзяўчынкам, іх настаўнікам. Адбылася ў гэты дзень і невялічкая прэм’ера – узорны ансамбль прэзентаваў новую песню свайго кіраўніка – «Капыльскі вальс», якая суправаджалася гучнымі апладысментамі.

 

На развітанне Дзмітрый Ровенскі падарыў дырэктару школы Дзмітрыю Рамановічу дыскі з запісамі выступленняў «Дударыкаў».

Маргарыта САКОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *