В Копыле широко отпраздновали Масленицу (Фоторепортаж)

Актуально Культура

Капыляне 1 сакавіка праводзілі зіму. У гэты дзень жыхары райцэнтра прасілі адзін у аднаго прабачэння і віншавалі з першым днём вясны.

Разгарнулася гулянне, нягледзячы на халаднаватае, з дожджыкам надвор’е, на цэнтральнай плошчы горада. Масленічны фэст арганізавалі і правялі работнікі цэнтра традыцыйнай культуры сумесна з навучэнцамі Капыльскага дзяржаўнага каледжа. Яркія і вясёлыя персанажы тэатралізаванай праграмы не давалі сумаваць гледачам: больш за дзве гадзіны сцэна належала самадзейным артыстам-навучэнцам і вясковым салістам з Цімкавіч, Лоцвін, Скабіна, Ванелевіч. Яны жартавалі, трапна згадвалі прымаўкі і прыказкі пра Масленіцу, спявалі песні.

Арганізатары свята паставілі сабе задачу заняць спартыўнымі і забаўляльнымі гульнямі дзяцей, ды і дарослыя ахвотна ўключаліся ў гэтыя масленічныя забавы. Усе разам спаборнічалі на гульнявых пляцоўках, падрыхтаваных цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна, фізкультурна-аздараўленчым цэнтрам.

 

А якая ж Масленіца без бліноў? Духмянымі і румянымі, падобнымі на яркае сонейка, з гарбатай і мёдам частавалі гасцей свята культработнікі раёна. Набыць свежаспечаныя бліны і іншую смакату можна было і ў палатцы райспажыўтаварыства.

Скончылася свята па традыцыі – спальваннем чучала Масленіцы. Правялі зіму, спалілі ўсе непрыемнасці, крыўды і пакінулі месца вясне, сімвалу ўсяго маладога і лепшага. Верыцца, што і сапраўды, выканаўшы абрад, мы паскорылі наступленне вясны, падсілкавалі святочным агнём сонейка, якое з гэтага дня свеціць ярчэй і грэе мацней.

Месца масавага збору людзей было выкарыстана і для правядзення адзінага дня бяспекі. На плошчы Леніна працавала пляцоўка бяспекі, якую арганізавалі супрацоўнікі РАНС, РАУС, раёна газазабеспячэння. Была дадзена магчымасць прымераць абмундзіраванне выратавальнікаў-пажарных, супрацоўнікаў міліцыі, сфатаграфавацца на фоне пажарнай ці міліцэйскай машыны, а таксама паўдзельнічаць у конкурсах, віктарынах на тэму бяспекі і атрымаць у падарунак сувенірную прадукцыю.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *