В Слободокучинской СШ прошел Урок мужества «Афганистан — наша память и боль»

Актуально Образование

У Слабадакучынскай СШ прайшоў Урок мужнасці «Афганістан – наша памяць і боль», прысвечаны Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» маёр запасу Аляксандр Касінскі, удзельнік баявых дзеянняў у Рэспубліцы Афганістан Віктар Новік, дачка воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Міхайлоўскага Дар’я Апанасчык, члены грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў» і клуба «Патрыёты Радзімы».

Загадчык Слабадакучынскай бібліятэкі-клуба Валянціна Барташэвіч азнаёміла з выставай «Старонкі мужнасці». Вядучыя сустрэчы Марыя Дашкевіч і Вікторыя Лазюк прадставілі прэзентацыю «Памяць пра вас у нашых сэрцах». Мікіта Коршук прачытаў верш Уладзіміра Высоцкага «Он не вернулся из боя», а Алеся Берднік — ліст Аляксадра Змачынскага да маці Ядвігі Уладзіміраўны. Яго ён напісаў у 1986 годзе і амаль год утойваў, дзе служыць.

Аляксандр Касінскі расказаў аб гераічным подзвігу камандзіра верталёта капітана Валянціна Вайцяховіча, якога добра ведаў, аб увекавечванні памяці землякоў, рабоце, якая праводзіцца з удзельнікамі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Многа ўражанняў у прысутных выклікала выступленне воіна-інтэрнацыяналіста Віктара Новіка, які падзяліўся ўспамінамі пра сваю маладосць, месца службы, баявых сяброў, паказаў школьнікам фотаздымкі, зробленыя ў Афганістане.

З хваляваннем аб сваім бацьку, выпускніку Слабадакучынскай СШ 1980 года, расказала Дар’я Апанасчык.

Дарэчы, Дар’я Мікалаеўна перадала для выставы ў школьны музей ваенны білет, пасведчанні, узнагароды, фотаздымкі.

У памяць аб тых воінах, якія не вярнуліся з афганскай вайны, і аб тых, каго не стала ў мірны час, былі запалены свечкі і аб’яўлена хвіліна маўчання.

Паміж выступленнямі ў выкананні настаўніка рускай мовы Марыны Коршук прагучалі песні «Кукушка», «Отслужил солдат», «Память».

Ад раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» маёр запасу Аляксандр Касінскі ўручыў граматы за актыўную работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі — Віктару Новіку і Дар’і Апанасчык.

Барыс ДЗЕНІСЮК,

член ГА «Беларускі саюз журналістаў»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *