Жители деревни Кокоричи Нина Матвеевна и Николай Степанович Курчики отметили изумрудную свадьбу

Актуально Общество

Можна сказаць, што кожны з гэтай сямейнай пары атрымаў асабістую пяцёрку – па-ранейшаму выдатную адзнаку. І склалася цудоўная лічба – 55 гадоў сумеснага жыцця.

Менавіта столькі – ці так званае ізумруднае вяселле – днямі адзначылі жыхары вёскі Какорычы Ніна Мацвееўна і Мікалай Сцяпанавіч Курчыкі.

■ Мікалай Сцяпанавіч і Ніна Мацвееўна: успаміны адны на дваіх

Гаспадар звычайнай і па-сялянску ўтульнай хаты гасцінна сустракае нас ажно на дарозе: мы завіталі да сямейнай пары, каб з першых вуснаў пачуць пра тое, як складваўся іх лёс.

– Калі ласка, праходзьце, – зусім па-сяброўску гаворыць Мікалай Сцяпанавіч Курчык.

Насустрач спяшаецца і жонка Ніна Мацвееўна. Аб тым, што гаспадары нядаўна адзначылі свята, сведчаць шматлікія прыгожа аформленыя букеты, якія стаяць у верандзе. Ад вясёлага агеньчыку ў печы і гасціннасці Курчыкаў у хаце надзвычай цёпла і ўтульна, а самі гаспадары з ахвотай расказваюць пра сваё жыццё-быццё і паказваюць шматлікія фотаздымкі. А фатаграфій, трэба сказаць, і на самай справе ў Курчыкаў назбіралася некалькі вялікіх альбомаў.

Жыццё не радавала Ніну Мацвееўну і Мікалая Сцяпанавіча. Абое нарадзіліся ў пачатку саракавых, і дзяцінства іх прыйшлося на нялёгкія пасляваенныя гады. Абое выйшлі са шматдзетных сем’яў. У Мамчыцаў (а менавіта так гучыць дзявочае прозвішча гаспадыні) з 12 дзетак у жывых засталося шасцёра.

– Аднойчы да бацькоў звярнулася мая значна старэйшая стрыечная сястра Любка (Дзятловіч Любоў Іосіфаўна), – гаворыць Ніна Мацвееўна. – Просьба яе на першы погляд здалася незвычайнай, але… Справа ў тым, што ў іх з мужам не было дзяцей, а клапаціцца пра кагосьці вельмі хацелася. Вось яна і папрасіла маіх бацькоў «аддаць» ім мяне. Маці паслухалася, і з тае пары я пераехала жыць у Какорычы, а бацькі засталіся ў родных Навасёлках, што знаходзіліся каля Ляснога. Сястра была адукаваная: яшчэ ў Пецярбургу скончыла царкоўнае вучылішча. А муж яе Аляксандр Васільевіч нават афіцэрам у царскай арміі служыў. Любка настаўнічала ў Какорыцкай школе. Я дапамагала ёй па гаспадарцы. Жанчына яна была сквапная і ніколі не дала мне лішняй цукеркі. А дзядзьку, наадварот, я запомніла вельмі добрым чалавекам. Калі-нікалі да мяне ў госці прыязджала мама.

■ Вяселле Курчыкаў. 28 лютага 1965 г.

– А я родам з Какорычаў, – уступае ў размову Мікалай Сцяпанавіч. – Нас траіх хлапцоў мама падымала адна, бо тата як паехаў на заробкі, так і не вярнуўся. З Нінай мы знаёмы з дзяцінства, бавілі разам час. Я бачыў, як няпроста ёй жылося з сястрой. Дарэчы, Любоў Іосіфаўна ў першым і другім класах вучыла і мяне. Ведаеце, Ніна вельмі падабалася маёй маме, і тая нават узяла з мяне слова, што маёй жонкай абавязкова стане Ніна. І слова я сваё стрымаў! Бо дзяўчына мне і самому падабалася. Калі служыў у арміі ажно ў самой Маскве, пісаў сваёй Нінцы пісьмы, але яна мне ні на воднае не адказала. Вось так! (Расказваючы пра службу ва Узброеных Сілах СССР, гаспадар зусім па-салдацку дэманструе, як ён выказваў пашану і чаканіў крок. Менавіта ў арміі Мікалай Сцяпанавіч навучыўся іграць на акардэоне, які пазней падарыў свайму пляменніку, вядомаму на Капыльшчыне самадзейнаму артысту Вячаславу Курчыку).

– На лісты я не адказвала, бо не была ўпэўнена, што ён з той Масквы вернецца, – сціпла гаворыць жанчына. – Вядома ж, Масква! Але ўсё роўна чакала Колю і дачакалася. Хутка пасля таго мы і ажаніліся. Распісаліся ў Пацейкаўскім сельсавеце на Вадохрышча, 19 студзеня. А вяселле ўжо адгулялі 28 лютага ў гэтай жа хаце, якую мне адпісала сястра. Шмат людзей у нас сабралася. Іграў духавы аркестр са Скабіна.

Амаль праз год нарадзілася Ірынка, яшчэ праз тры – Сярожа. У 1969-м на свет з’явілася Аксана, а самая малодшая Валянцінка ажно праз дзевяць год. Пакуль дзеткі былі малыя, жанчына сядзела дома, даглядала іх. А потым, як і муж, працавала ў калгасе.

– Мне ніхто не дапамог глядзець за дзецьмі, –успамінае гаспадыня. – Усё рабіла сама. Чалавек мой то працаваў, то хадзіў на паляванне, адным словам, дома не затрымліваўся.

– Так, – з нейкім асаблівым мужчынскім гонарам дадае Мікалай Сцяпанавіч. – З пустымі рукамі з палявання я не вяртаўся. Быў час, што ў мяне і воўк жыў, і сава, і вавёрка бегала, пакуль дзеці не выпусцілі.

■ Маленькія Ірынка і Сярожа, 60-я г. ХХ ст.

– Пазней, як падраслі, па гаспадарцы пачалі дапамагаць старэйшыя, – вяртаецца да ўспамінаў Ніна Мацвееўна. – Ірына хадзіла разам са мной на ферму, даіла каровак: з маіх 15-ці сем былі яе. Да працы я заўсёды ставілася добрасумленна, свае абавязкі выконвала старанна. Мая фотакартка нават на Дошцы гонару ў калгасе вісела, і артыкул у раёнцы быў надрукаваны. Цяжка было, але нічога, дзяцей выгадавалі сумленнымі людзьмі. Ірына зараз старэйшына ў Какорычах, сын працуе будаўніком, а малодшая Валянціна – настаўніца ў трэцяй школе ў Капылі.

Мікалай Сцяпанавіч таксама пэўны час працаваў у калгасе. Пазней, калі вывучыўся на шафёра, круціў баранку спачатку ў калгасе, а потым вазіў яго старшыню. Пасля таго, як пачаліся праблемы са здароўем, уладкаваўся загадчыкам па гаспадарчай частцы ў піянерскі лагер, што знаходзіўся ў былым панскім маёнтку ў Какорычах.

Нягледзячы на цяжкасці ў жыцці, Курчыкі беражліва захоўваюць свае традыцыі. На Вялікдзень заўсёды гатуюць шмат смакаты: вараць мяска, пякуць духмяныя пірагі. Адзначаюць і дні нараджэння дзетак, Новы год.

Асабістая гаспадарка раней была вялікай: дзве каровы, свінні, куры, але з цягам часу засталася толькі кошка, якая вельмі вольна адчувае сябе ў хаце. Але да зямлі Курчыкі, як і раней, ставяцца па-гаспадарску: старанна абрабляюць зусім немаленькі ўчастак, вырошчваюць на ім бульбу і гародніну. Канешне, на дапамогу заўсёды прыходзяць дзеці і васьмёра ўнукаў. Але сапраўдным багаццем і душэўнай прыхільнасцю для Ніны Мацвееўны і Мікалая Сцяпанавіча з’яўляюцца чацвёра праўнукаў, якім дастаецца ўся не растрачаная ў жыццёвых клопатах любоў і цеплыня.

Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *