В ОАО «Старица-Агро» активно идет подготовка сельхозтехники к весенней посевной

Актуально Экономика

Чым бліжэй вясна, тым больш увагі надаецца падрыхтоўцы сельскагаспадарчай тэхнікі да палявых работ. Па прагнозах сіноптыкаў, сёлета чакаецца ранні выхад у поле. Таму перад працаўнікамі вёскі пастаўлена няпростая, але цалкам рэальная, як лічаць у Мінсельгасхарчы, задача. Заключаецца яна ў тым, каб усю тэхніку падрыхтаваць на месяц раней, чым прапаноўвала інжынерная служба.

Гэта значыць: глебаапрацоўчыя  і пасяўныя агрэгаты паставіць на лінейку гатоўнасці да 1 лютага, для нарыхтоўкі кармоў — да 1 сакавіка, а для ўборкі збожжавых культур — да канца красавіка. Пра гэта гаварылася на рэспубліканскім семінары-вучобе па падрых-тоўцы сельгастэхнікі да правядзення палявых работ 2020 года. Прайшоў ён на базе сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый Гродзенскай вобласці.

Як будзе падрыхтавана сельскагаспадарчая тэхніка, такім фактычна будзе і ўраджай бягучага года. Гэту простую ісціну добра ведаюць у адкрытым акцыянерным таварыстве «Старыца-Агра».

Яшчэ з лістапада мінулага года, як толькі тэхніка была пастаўлена на захоўванне, пачалася работа па яе рамонце. Нягледзячы на даволі вялікі машынна-трактарны парк, у сельгаспрадпрыемстве практычна ўся тэхніка падрыхтавана да вясенняй сяўбы. Засталося ўнесці толькі некаторыя апошнія штрыхі.

— Нашы спецыялісты добра разумеюць, што, перш чым выйсці ў поле, неабходна адрамантаваць плугі, дыскатары, культыватары, камбінаваныя глебаапрацоўчыя і пасяўныя агрэгаты, — расказвае намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па механізацыі Ігар Зянько. — Мы пачыналі з рамонту АКШ. Гатовы выйсці ў поле і 11 энерганасычаных трактароў. Дарэчы, два з якіх знаходзяцца ў нашай гаспадарцы на выпрабаваннях ад Мінскага трактарнага завода.

У мехмайстэрнях аграгарадка Старыца ішлі апошнія прыгатаванні тэхнікі. Механізатары і слесары яшчэ раз пераглядвалі давераную ім тэхніку. Напрыклад, як расказаў нам галоўны інжынер-механік Аляксандр Цішчанка, перадавы механізатар Васіль Чабатароў рабіў апошнія прыгатаванні пасяўнога комплексу HORSCH Pronto 8 DC. Асноўная стаўка падчас сяўбы яравых культур будзе зроблена на гэты агрэгат і гэтага механізатара.

■ Галоўны інжынер-механік Аляксандр Цішчанка (справа) з механізатарам Васілём Чабатаровым аглядаюць пасяўны комплекс

Механізатары Аляксандр Рончык, Аляксандр Фяткевіч (дарэчы, са знакамітай старыцкай дынастыі, дзе ў гаспадарцы заняты тры браты і іх тры сыны) і Алег Бялько ўжо падрыхтавалі замацаваныя за імі агрэгаты для апрацоўкі пасеваў «Раса». Зараз займаліся вырабам колаў у запас, каб потым аператыўна рэагаваць на магчымыя непаладкі.

Рамонт запасных агрэгатаў АКШ даверылі маладым спецыялістам. Трэці год пасля службы ў арміі працуе механізатарам Андрэй Шаціла, які займаецца і рамонтам абсталявання. Добрай падмогай для атрымання вопыту па будучай спецыяльнасці «механізацыя» навучэнцу Капыльскага дзяржаўнага каледжа Аляксею Цішчанку стала вытворчая практыка ў сельгаспрадпрыемстве.

■ Навучэнец каледжа Аляксей Цішчанка (злева) з механізатарам Андрэем Шацілам займаюцца рамонтам АКШ

Старыцкія аграрыі ўпэўнены, што вясенняя пасяўная іх знянацку не застане, і важную сельскагаспадарчую кампанію яны правядуць, як заўсёды, на належным узроўні.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *