Старейшина агрогородка Новые Докторовичи Татьяны Матусевич заслужила авторитет у местной власти и сельчан

2018-2020 - год малой Родины Важное

Актыўнасці і стараннасці старэйшыны аграгарадка Новыя Доктаравічы Таццяны Матусевіч можна толькі пазайздросціць. Здаецца, толькі год яна займаецца такой важнай справай, але ўжо заслужыла аўтарытэт як у мясцовай улады, так і ў вяскоўцаў.

■ Таццяна Матусевіч (справа) гутарыць з аднавяскоўцамі

Каля дваццаці гадоў таму ра-зам з мужам яна пераехала з Капыля ў Н. Доктаравічы, каб даглядаць састарэлага бацьку, ды так і прыжылася тут. Да гэтага часу яна жыла ў Капылі. Працавала лінатыпісткай і наборшчыцай у капыльскай друкарні, дзе выдавалася газета «Слава працы».

Таццяна Уладзіміраўна, можна сказаць, той чалавек, для якога грамадскія інтарэсы заўсёды вышэй за ўласныя. Гэта заўважылі аднавяскоўцы і выбралі жанчыну на пасаду «вясковага кіраўніка». Яна заўсёды сама прымала актыўны ўдзел у навядзенні парадку ў сваім населеным пункце, далучала да гэтага сваіх суседзяў, знаёмых. З ініцыятывай звярталася да старшыні Доктаравіцкага сельвыканкама Міхаіла Валуевіча. Успамінаецца прыбіранне так званых «шанхаяў» у самым цэнтры населенага пункта. Сёння нават і не скажаш, што там рабілася! Зараз усё чыста і акуратна. А зроблена ўсё гэта талакой.

— Зразумела, кожнаму  хочацца, каб куточак, дзе жывеш, быў прыгожым, утульным, і не толькі ў межах асабістай сядзібы. Шкада, не кожнаму ўдаецца стварыць прыгажосць ля дома. То сродкаў не хапае, то часу, то творчага падыходу, — дзеліцца думкамі старшыня Доктаравіцкага сельвыканкама Міхаіл Валуевіч. — А калі няма ў гаспадароў старання і жадання, то іх сядзібы  не радуюць вока.  А там, дзе такіх гаспадароў шмат, і ўся вёска становіцца непрыгляднай. Каб такога не было, за парадкам у населеных пунктах уважліва сочаць не толькі прадстаўнікі сельвыканкама, але і іх найважнейшыя памочнікі ў вырашэнні шматлікіх пытанняў, бывае і праблемных, — старэйшыны. Не кожны сельскі жыхар, чыя кандыдатура падыходзіць на гэту пасаду, пагаджаецца ўзяць на сябе дадатковыя грамадскія абавязкі. Дзякуй тым, хто не адмаўляецца. У іх ліку і Таццяна Уладзіміраўна Матусевіч.

Заўсёды пад асаблівай увагай вясковай старэйшыны навядзенне парадку на прыдамавых тэрыторыях.

— У асноўным людзі ў нас акуратныя, але бывае і не лішнім напомніць пра парадак, — кажа старэйшына. — Станоўчага выніку дасягаем, калі дзейнічаем сумесна: і насельніцтва, і сельвыканкам, і адміністрацыя гаспадаркі. Прыкладам таму можа служыць стварэнне дзіцячай пляцоўкі ў цэнтры аграгарадка.

Вядома, каб прыслухоўваліся да тваіх заўваг і з табой лічыліся, трэба шмат працаваць і самому. Прытрымліваецца такога правіла і Таццяна Уладзіміраўна. Усюды ў яе павінен быць парадак. Пастаянная праца і рух таксама яе жыццёвыя спадарожнікі.

Для кожнага аднавяскоўца яна знойдзе цёплае слова, пацікавіцца, як ідуць справы, а для таго, каб весялей было жыць, сумесна з работнікамі культуры падрыхтуе цікавы вечар адпачынку.

Сяргей КОЗЕЛ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *