Асноўныя напрамкі ўзаемадзеяння паміж Капыльскім дзяржаўным каледжам і арганізацыямі — заказчыкамі кадраў абмяркоўвалі падчас традыцыйнай сустрэчы педагагічнага калектыву ўстановы адукацыі і прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Як заўсёды, атрымаўся зацікаўлены дыялог, падчас якога былі зроблены акцэнты на найбольш важныя пытанні. Дырэктар дзяржаўнага каледжа Анатоль Пяткевіч расказаў пра асноўныя напрамкі работы ўстановы адукацыі, больш прадметна пра ўзаемадзеянне дзяржаўнага каледжа з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў гаварыла намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Таццяна Астрэйка.
Вялікае ўражанне ў удзельнікаў семінара пакінула экскурсія па ўстанове адукацыі і асабліва прэзентацыя рэсурснага цэнтра. Прыемнай нечаканасцю стала і невялікая канцэртная праграма, падрыхтаваная навучэнцамі каледжа.
Вынікі сустрэчы падвялі падчас гутаркі за круглым сталом. Галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Лідзія Бусел расказала аб асноўных кірунках прафарыентацыйнай работы, якая бу-дзе праводзіцца ў раёне ў 2020 годзе. Спецыялісты па кадрах падзяліліся сваім вопытам па замацаванні маладых рабочых на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна.
Удзельнікі семінара прыйшлі да высновы, што толькі адладжаны механізм сістэмнага ўзаемадзеяння ўстановы адукацыі з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі, заснаваны на прынцыпах партнёрства, садзейнічае ўзгадненню структуры і аб’ёмаў падрыхтоўкі кадраў згодна з патрэбамі рынку працы, паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, павышэнню якасці прафесійнай адукацыі.
Маргарыта САКОВІЧ