В агрогородке Семежево Копыльского района провели традиционный обряд «Цари»

Актуально Культура

Капыльшчына ў чарговы раз вітала ўсіх, хто не ўпусціў магчымасці стаць сведкам унікальнага каляднага абраду «Цары», унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі і Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Яскравае самабытнае дзейства традыцыйна разгарнулася ў аграгарадку Семежава акурат напярэдадні старога Новага года. Старт мерапрыемству быў дадзены ў цэнтральным парку населенага пункта, куды пад гукі радыё-канцэрта паступова збіраліся дзясяткі гасцей. У іх ліку старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк і намеснік старшыні райвыканкама Святлана Лосік.

Падчас насычанай праграмы свята сумаваць дакладна нікому не прыйшлося. Так, яшчэ да пачатку асноўнага дзейства працавалі Дом-музей Героя Беларусі М.С. Высоцкага і цэнтр ткацтва.

На пляцоўцы каля Семежаўскага цэнтра культуры і вольнага часу на імправізаванай сцэне ладзіўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Музычны настрой стваралі ансамблі «Сяброўкі», «Валошкі» і мясцовыя спевакі-аматары.

Вабіў сваёй стракатасцю і ажыўленасцю калядны кірмаш. Паласавацца разнастайнымі прысмакамі, сярод якіх, дарэчы, мелася і куцця, запрашалі прадстаўніцы Лоцвінскага цэнтра аматарскай творчасці і Песачанскага цэнтра культуры і вольнага часу. Акрамя гэтага была арганізавана выстава-дэгустацыя і продаж прадукцыі ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат». «Смачнае суправаджэнне» забяспечвалі і работнікі райспажыўтаварыства. Шматлюдна было ў цёплай палатцы раённай арганізацыі беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, дзе валанцёры ўсіх жадаючых частавалі гарачай гарбатай з пячэннем.

■ Сагрэцца дапамагалі старшыня Капыльскай РА БТЧК Ніна Жук (у цэнтры) і валанцёры таварыства
■ «Смачны настрой» стваралі прадстаўнікі сферы культуры

А які ж Шчадрэц без варажбы? Даведацца пра сваю будучыню гасцям свята прапаноўвалі «варажбіткі» са Старыцкага, Бучацінскага і Жыліхаўскага сельскіх дамоў культуры. Сувеніры і цацкі ў шырокім асартыменце можна было набыць на выставах-продажах Капыльскага РЦК, Капыльскага ТЦСАН, клуба «Скарбонка» і індывідуальных прадпрымальнікаў. Сваю прадукцыю прапаноўвала і  майстар пернікавых спраў Вольга Рэўтовіч.

■ Да ўдзельнікаў абраду было шмат пытанняў у прадстаўнікоў СМІ

Нямала ўдзельнікаў кірмашу выпрабавалі сваё шанцаванне ў бяспройгрышных латарэях, арганізаваных работнікамі Ляшнянскага клуба-бібліятэкі. Госці прымалі актыўны ўдзел у гульнях і конкурсах, у тым ліку разам з ратавальнікамі Капыльскага РАНС і роставай лялькай Спасайкам спрабавалі разгарнуць цукерку ў баявых рукавіцах — крагах, а таксама ў цікавай форме аднаўлялі свае веды па правілах бяспекі. Акрамя таго, дарослых і дзяцей забаўлялі казачныя персанажы, у ролі якіх выступілі прадстаўнікі сферы культуры і школьнікі-семежаўцы.

Аднак самае цікавае было наперадзе. Пасля афіцыйнага адкрыцця свята, падчас якога да прысутных звярнуўся Сяргей Пілішчык, на пляцоўку роўным строем нарэшце выйшлі абодва калектывы «Цароў» — малодшы і старэйшы. Галоўныя героі ўнікальнага дзейства, апранутыя ў белыя штаны і кашулі, чырвоныя семежаўскія паясы з геаметрычным арнаментам, крыж-накрыж завязаныя на грудзях, і высокія шапкі з рознакаляровымі папяровымі стужкамі, у суправаджэнні каларытных персанажаў Аптэкара, Мамая, Механошы, Дзеда і Бабы на вачах гледачоў разыгралі драму «Цар Максімілян». Пасля прадстаўлення хлопцы накіраваліся па азначаных маршрутах, дзе іх ужо зачакаліся семежаўцы. З надыходам жа цемры «цары» запалілі факелы — і без таго эфектнае шэсце стала яшчэ больш таямнічым і ўрачыстым. У суправаджэнні мясцовых жыхароў, гасцей свята і шматлікіх прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі калядны гурт пераходзіў з двара ў двор, дэманструючы даўні семежаўскі абрад і адначасова несучы па хатах шчасце. Бо і да гэтай пары існуе павер’е аб тым, што калі «Цары» да каго завітаюць, то абавязкова яго прынясуць на ўвесь год. І не толькі гаспадарам, але і ўсяму іх роду. Таму і адорваюць такіх калядоўшчыкаў шчодра.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *