В агрогородке Семежево Копыльского района 13 января состоится колядный обряд «Цари»

Актуально Культура

Стары Новы год у беларускім грамадстве, у тым ліку і на Капыльшчыне, заўсёды адзначалі за багатым сталом, з песнямі ды танцамі

Звесткі фальклорна-этнаграфічнага даследавання традыцыйнай мастацкай культуры рэгіёну Цэнтральнай Беларусі, праведзенага вядучымі даследчыкамі народнай культуры беларусаў, змешчаны ў навуковым выданні «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў». З адметнымі асаблівасцямі Шчодрага вечара менавіта на Капыльшчыне хочацца пазнаёміць падрабязна.

Як сведчаць даследчыкі, вечар напярэдадні Новага года называўся шчодрым ці багатым (па мясцовай тэрміналогіі Шчодры вечар, Шчадрэц альбо Шчодрык) – з’яўляецца адным са свят каляднага цыкла, падчас якога гатавалі так званую другую, багатую куццю. У гэты дзень елі бліны з верашчакай, смажанай каўбасой і мясам, кашы, крупнік і інш.,  а стравам надаваўся магічна-абрадавы сэнс.

А яшчэ Шчадрэц – вечар варажбы. Варажылі  і дарослыя, і дзеці, а асабліва незамужнія дзяўчаты, якія хацелі даведацца, што іх чакае ў будучым го-дзе. Амаль паўсюль сустракалася варажба, якая ўключала падслухванне пад вокнамі. Напрыклад, на Капыльшчыне гэта адбывалася так. «Дзеўкі  бегалі на Шчодрыка пад вакно слухаць, як скажуць: «Ідзі», мы: «Дзякуй Вам», а як скажуць: «Сядзіця», тады: «Каб на табе скулы паселі». Посьле вайны так бегалі» (Алена Лобан, 1927 г.н., в. Вялікія Прусы. Зап. А. Боганевай)». І вось яшчэ адзін прыклад. «Пойдам пад акно, слухаем, скажуць: «Ідзі», дак рады, замуж пойдам. А пашлі к аднаму, дак ён кажа: «Паляжця да й ногі паўцягайця», дак мы на яго ўжо клянучы, а ён за намі бегчы. А жонка на яго: «Міхаська, чаго ты, эта ж дзяўчатке  гуляюць»  (Зінаіда  Драбеня, 1918 г.н., в. Ванелевічы)».

Спрыяльнымі для дасягнення мэт варажбы станавіліся месцы нежылыя (лазня, хлеў, пуня і г.д.) і «пагранічныя», ці тыя, што асэнсоўваліся як межы паміж сваім і чужым (печ, парог, кут, вароты, калодзезь, ростанькі і інш.). Паводле запісу А. Боганевай, са слоў Лідзіі Ясючэні, 1923 г.н. з в. Вуглы, гадалі дзеўкі на Шчадра так: «З поўным ротам куцьці выбягалі на вуліцу і каго сустрэлі на перакростку, калі мужчыну – пыталі імя, і такое імя ў мужыка будзе».

Яшчэ адзін спасоб атрымання інфармацыі ў варожбах – прарочы сон. Маладыя дзяўчаты з в. Ванелевічы рабілі так: «Вады налівалі ў кубак, наверх лучынак накладалі – жаніх ходзіць па кладцы, цябе пераводзіць».

Прымеркаванасць рытуальных свавольстваў моладзі да Шчодрага вечара невыпадковая: гэта адзін з самых «небяспечных» перыядаў каляндарнага года, які вызначаўся актывізацыяй нячыстай сілы. Некалі ў вёсцы Семежава «на Шчадрэц дзеўкі і хлопцы зьбіраліся. Па сялу бегаем, да падушку ў каторай украдам, яна прыдзя да таргуя. А то сані з двара ўкрадам і зацягнем каторы ходзіць к якой, ад хлопца к дзеўцы. Дарожкі попелам высыпалі. Даўней весела было» (Фёкла Шаравар, 1914 г.н.)».

Калядоўшчыкаў і сёння чакаюць у многіх сялянскіх хатах, бо, паводле традыцыйных вераванняў, іх прыход прыносіць шчасце, здароўе, дабрабыт у сям’ю на ўвесь будучы год: «А к каму ня зойдуць, дак абіжаюцца людзі: «Ай-ай-яй, за што ж нас?» Усім жа хочацца, каб прыйшлі» (Таццяна Шаура, 1961 г.н., аг. Семежава)».

У розных кутках Беларусі на Шчадрэц калядоўшчыкі хадзілі  з  «казою»  –  сімвалам  ура-джаю, «мядзведзем», які ўвасабляў сілу і здароўе. А на Міншчыне амаль ва ўсіх даследаваных раёнах сустракаўся маскарадны персанаж конь. Напрыклад, у Семежаве: «З бумагі, з картону быў зроблены настаяшчы конь: галава, хвост і ногі зроблены. Туда ўлазілі два чалавекі: уперад і ўзад – і так хадзілі. Яшчэ наверх пасадзяць невялічкага хлопца, усадніка». Калядоўшчыкі, якія хадзілі з «канём», разыгрывалі адпаведную сцэнку: «Прыйшлі к нам у гэту хату, яна была пагараная: «Цётка, цётка, пусці нас с канём», – «Ой, людзікі добрыя, вы нашу хату мінайця, бо каня няма дзе паставіць». На кані ездзяць па хаце і пяюць. К хазяіну прыстаюць: «Дай коніку аўса, дай, дай. Паглядзі, як ён рысьсю бяжыць, нада заплаціць коніку». Каня этага захоўвалі многа год».

Той, хто пераапранаецца, стварае пры гэтым больш ці менш пэўнае ўяўленне пра іншую істоту: «Баба старая, кульгавая. Дзеці за ею бегалі ўслед, бабу дражнілі: «Баба, баба, а баба за імі бегала, лавіла» (Алена Рубанава, 1918 г.н., в. Семежава)». На думку даследчыкаў, пераапрананне было адным са спосабаў уключэння маскіраванага ў гульнявы тып паводзін, для якога характэрна ролевая структура дзеяння. Наяўнасць масак-персанажаў вызначала і характар каляднага спектакля. Як прыклад можна прывесці шырока вядомы сёння народны абрад «Калядныя цары» з в. Семежава.


«Цары» запрашаюць

Абрад «Цары» ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэты абходны абрад з элементамі традыцыйнага каляднага маскараду  і народнай драмы «Цар Максімілян» сфарміраваўся і «прыжыўся» ў вёсцы як своеасаблівая калядная гульня, у якой удзельнічаюць толькі хлопцы. Стаць сведкамі каляднага абраду яго арганізатары запрашаюць вас 13 студзеня. Мерапрыемства распачнецца ў 15.00 з радыёканцэрта. У праграме «Каляднага кірмашу»: калядныя гульні, спартыўныя і забаўляльныя атракцыёны, бяспройгрышная латарэя, выстава-продаж сувенірных вырабаў, дэгустацыя страў беларускай нацыянальнай кухні. Падчас «Каляднага кірмашу» выступяць калектывы мастацкай самадзейнасці. У планах  работа Дома-музея Героя Беларусі М.С. Высоцкага, цэнтра ткацтва, а таксама выязнога гандлю: можна будзе паласавацца стравамі нацыянальнай і палявой кухні, прадукцыяй Капыльскага філіяла ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат».

Калядны абрад «Цары» пачнецца ў 17.00. Яго ўдзельнікі пройдуць па вуліцах Семежава, завітаюць да жыхароў, дэманструючы даўні прыгожы абрад і несучы спадзяванні на шчасце і дабрабыт у бягучым годзе.

Падрыхтавала Таццяна БОХАН

Фота Дзіяны ТКАЧЭНКІ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *