В январе 2019 года исполнилось 185 лет со дня рождения Витольда Наркевича-Иодко

Актуально Общество

4 студзеня спаўняецца 185 гадоў з дня нараджэння вядомага ўрача-афтальмолага, аўтара навуковых прац у галiне хвароб вачэй Вiтольда Наркевiча-Ёдкі, сядзіба якога знаходзілася ў Бабоўні.

Род Наркевічаў-Ёдкаў налічваў больш за 200 асоб, якія валодалі маёнткамі і займалі дзяржаўныя пасады. Адзін з іх — Вітольд Аляксандравіч — выдатны хірург-акуліст, яго прозвішча і справы былі ўключаны ў амерыканскую медыцынскую энцыклапедыю. Вітольд Наркевіч-Ёдка вучыўся ва ўніверсітэце ў Тарту, дзе і атрымаў медыцынскую адукацыю. Пасля ён стажыраваўся ў клініках Варшавы, Берліна. Дарэчы, ён з’яўляецца стрыечным братам другога вядомага вучонага Якава Наркевіча-Ёдкі. Быў знаёмы з вядомымі людзьмі свайго часу, у ліку якіх і Радзівілы.

■ Вітольд Наркевіч-Ёдка (стаіць) з Альбрэхтам Радзівілам каля Нясвіжскага замка

— Вітольду Аляксандравічу належаў маёнтак у в. Бабоўня, гаспадаром якога ён стаў у 1883 годзе, — расказвае дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова.   Пасля ўступлення ў валоданне Вітольд правёў у ім грандыёзную перабудову і ператварыў сядзібу ў квітнеючы куток: пабудаваў новы сядзібны дом, пашыраў парк, ствараў прыгожую водную сістэму. У парку знайшлі месца жоўты каштан, чарэшчаты дуб, явар. Быў заснаваны пладовы сад. Водная сістэма складалася з 7 каналаў і сажалак, якія атачалі сядзібу маляўнічым кальцом, па берагах якога быў пракладзены прагулачны маршрут, абсаджаны вербамі. На адной з сажалак месціўся невялікі астравок з утульнай альтанкай. Гаспадарчы двор уключаў стайню, кароўнік, сыраварню і збожжасховішча. Побач былі і два цагельныя заводы, дзе выраблялі некалькі відаў цэглы з фірмавым знакам «Bobovnia», у тым ліку і чорную цэглу, якая па шчыльнасці не саступала каменю. А ў фальварку Вітольд Аляксандравіч адкрыў амбулаторыю, дзе лячыў хворых бясплатна. Захавалася вось такое цікавае паданне. Аднойчы ў лячэбніцу завітала маладая, прыгожая дзяўчына, якой неабходна была дапамога ўрача. Гэта была царская фрэйліна Марыя Сакалова-Скварцова. Вітольд доўга абследаваў прыгажуню і прызначыў ёй курс лячэння, разлічаны на месяц. За гэты час Вітольд не толькі вылечыў зрок, але і прапанаваў выйсці за яго замуж. Пазней Вітольд Наркевіч-Ёдка разам з жонкай арганізаваў лячэбніцу, дзе ён вылечваў цяжкіх, нярэдка безнадзейна хворых. Вітольд Наркевіч-Ёдка памёр у 1898 годзе і быў пахаваны ў Бабоўні  ў капліцы на каталіцкіх могілках. Побач з капліцай быў пастаўлены яго бронзавы бюст, а імя ўключана ў амерыканскія медыцынскія даведнікі. Тут жа знайшла свой апошні прытулак і Марыя. На жаль, у 1929 годзе магіла Вітольда была разрабавана.

Па спадчыне маёнтак у Бабоўні перайшоў сыну Вітольда — Вітольду малодшаму (1864-1924 гг.) — вядомаму польскаму палітыку-сацыялісту, стваральніку сумесна з І. Пілсудскім Польскай сацыялістычнай партыі. Ён трымаў сувязь з Ф. Энгельсам, Г. Пляханавым, сустракаўся з У. Леніным.

Родны брат Вітольда — рэвалюцыянер і выдатны інжынер Ян Сільвестр Наркевіч-Ёдка — меў невялікі маёнтак у Кацельніках. У 17-гадовым узросце ўдзельнічаў у паўстанні Кастуся Каліноўскага (1863 г.), быў сасланы ў Сібір, дзе каля года правёў у «каменным мяху». Яго жонка Алена прыходзілася пляменніцай  Яну Дамброўскаму (польскі ваенны дзеяч, удзельнік напалеонаўскіх войнаў). А яго дачка Яніна была ў шлюбе з дэмакратам-юрыстам, дэлегатам І з’езда РСДРП у Мінску Казімірам Адамавічам Петрусевічам…

Запісала Дзіяна ТКАЧЭНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *