Учитель начальных классов Слободокучинской средней школы Татьяны Рыбак: «Ни дня без строчки… вязаной»

Актуально Общество

Вырабы настаўніцы пачатковых класаў Слабадакучынскай сярэдняй школы Таццяны Рыбак – сапраўдная знаходка для тых, хто можа ацаніць цудоўныя вырабы, створаныя сваімі рукамі.

Якія тут цуды і прыгажосць! Вышытыя карціны, вязаныя коўдры, сурвэткі, хусткі, шалі, адзенне, прыхваткі, падстаўкі для велікодных яек і  дзіцячыя цацкі – усё зіхаціць яркімі фарбамі і цудоўнымі ўзорамі.

— З чаго пачалося ваша захапленне? — пытаюся ў Таццяны Іванаўны.

— Напэўна, гэта перадалося мне ад матулі, — адказвае. — Мая бабуля некалі ткала прыгожыя  коўдры, вышывала ручнікі. На жаль, яна рана пайшла з жыцця, але цудоўныя рэчы засталіся, і гэтае майстэрства перадалося маме, якая  з задавальненнем вышывае крыжыкам і мастацкай гладдзю. Сёння ёй 80 гадоў, жыве яна ў вёсцы Свідзічы.

З самага дзяцінства мая гераіня з цікавасцю назірала за матуляй, якая з рознакаляровых нітак стварала, не пабаюся гэтага слова, сапраўдныя шэдэўры. Пачала ўглядацца ва ўзоры і сама шукаць схемы. Многа чытала літаратуры, наведвала сельскую бібліятэку ў Свідзічах, дзе з захапленнем прагортвала часопісы і кнігі па рукадзеллі. Спрытнай дзяўчынцы хапіла некалькі разоў паназіраць, як нітка ідзе за кручком, каб самой узяць яго ў рукі. Аднак першыя спробы не былі паспяховымі, таму  ўзялася за спіцы. І дзесьці ў шостым класе стала самастойна вязаць шалікі, шапачкі сабе і лялькам.

— У сёмым класе я звязала сваю першую шапку з арнаментам, — дзеліцца Таццяна Іванаўна. — Памятаю, як настаўнікі здзіўляліся, што я сама звязала такую прыгажосць! Пахвала яшчэ больш мяне акрыліла, і я пачала з новым натхненнем цікавіцца гэтай справай.

Потым стала спрабаваць вязаць сабе адзенне. Матуля выпісвала часопісы «Работніца і Сялянка» з укладышамі з рознымі кройкамі і схемамі.

— А я больш звяртала ўвагі на вязанне, — працягвае Таццяна Іванаўна. — І добра памятаю сваю першую вязаную рубашачку з галінкамі з лісцікамі. Канешне, не адразу ўсё гладка атрымоўвалася, прыходзілася некалькі разоў раскідаць і перавязваць па-новаму, але цярпення ў мяне хапала.

Хутка ляцелі гады: скончыла школу, вывучылася на настаўніцу, выйшла замуж, нарадзіла дзяцей. І гэтае захапленне адышло на апошні план. А калі з’явілася першая дачка Ірына і жанчына была ў водпуску па доглядзе за дзіцем, зноў успомніла пра рукадзелле.

— Стала спрабаваць вязаць кручком, — расказвае майстрыха. — Атрымаліся першыя сурвэткі, якія я захоўваю і па сённяшні дзень. Потым захапілася вышыўкай, хацелася мне паўтарыць тыя ўзоры, якія вышывала матуля, таму што яны з цягам часу ўжо страцілі свой выгляд і сталі не такімі яркімі. І вось так, гледзячы на яе вышыўку, стала сама вышываць крыжыкам.  А калі з’явіўся інтэрнэт, то я заглянула і туды: колькі цікавых і таленавітых людзей ствараюць эксклюзіўныя рэчы сваімі рукамі! Тады ў мяне адкрылася другое дыханне!

Кожную вольную хвіліну майстрыха праводзіць за любімай справай — гэта яе адпачынак для душы. На жаль, дзяцей  рукадзелле не зацікавіла так, як маці, затое ўнучка Ксенія часта сядае поруч з бабуляй і з цікавасцю назірае за тым, як тая стварае розныя рэчы. Магчыма, калі падрасце, у яе таксама з’явіцца жаданне паспрабаваць. Сёння веды па рукадзеллі Таццяна Іванаўна перадае сваім вучням: з’яўляецца кіраўніком гуртка «Батлейка» ад цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна, а таксама школьнага гуртка «Рукадзельніца». Дарэчы, вырабы Таццяны Іванаўны экспануюцца ў Слабадакучынскай бiблiятэцы-клубе, а таксама ў мясцовай школе. Фотаздымкі сваіх работ адпраўляла ў часопіс «Ксюша» і выкладае ў сацыяльных сетках у інтэрнэце, асабліва ў Аднакласніках, дзе вельмі шмат груп па рукадзеллі. І, ведаеце, работы слабадакучынскай майстрыхі сапраўды набіраюць шмат станоўчых галасоў.

Скажу шчыра, рэчы, зробленыя рукамі Таццяны Іванаўны, — прыгожыя, цёплыя, лёгкія, ажурныя, яркія і адмысловыя — бачна, што выкананы з душой. Шмат работ яна падарыла сваякам і сябрам, нават і за мяжой яе вырабы ёсць.

Таццяна БОХАН



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *