25 декабря католики отмечают Рождество Христово

Общество

З пастырскага паслання арцыбіскупа Тадэуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 25 снежня 2019 года

«Хрыстус нарадзіўся, Бог аб’явіўся». Гэтыя словы сёння на нашых вуснах, яны гучаць у нашых вушах, бо зноў мы святкуем радаснае і збаўчае свята Божага Нараджэння. Нам, хрысціянам, цяжка ўявіць сабе жыццё без гэтага свята, якое найперш павінна насіць духоўны характар.

Адзначаючы свята Божага Нараджэння, мы вызнаём веру ў тое, што Бог уцелавіўся і ўвайшоў у гісторыю чалавецтва. У Ім неба з’ядналася з зямлёй. Сувязь паміж боскім і чалавечым стала блізкай. Нездарма святы апостал Павел кажа, што Хрыстус — гэта вобраз нябачнага Бога (пар. Клс 1, 15).

Дзякуючы святкаванню Божага Нараджэння, мы зноў становімся перад таямніцай прыйсця Бога ў свет у чалавечым целе. Евангельскі аповед пра нараджэнне Хрыста ўжо 20 стагоддзяў зачароўвае сэрцы людзей. Яслі з Немаўляткам Езусам, Марыяй, Юзафам і хатнімі жывёламі; пастушкі, анёльскія хоры і бэтлеемская зорка. Гэта ўсё так прыгожа і так захапляе, што мы становімся падобнымі да дзяцей!

Дарагія браты і сёстры, суайчыннікі!

Віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстовага!

Віншую ўсіх хрысціянаў, якія разам з намі яго адзначаюць!

Са словамі віншаванняў звяртаюся да нашых братоў і сясцёр праваслаўных, якія праз два тыдні будуць адзначаць свята Божага Нара-джэння!

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Сын Божы стаўся чалавекам, каб мы ў вымярэнні Божай ласкі сталіся багамі. Таму не будзьма баяцца ў мітусні сучаснага свету і святочных клопатаў знайсці час для Езуса! Не будзьма баяцца прыняць Яго ў нашыя сэрцы! Не будзьма баяцца, бо святло бэтлеемскай зоркі дае нам новую на-дзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18)!

Са святам Нараджэння Хрыстовага і надыходзячым Новым годам!

Даручаючы ўсіх вас апецы Багародзіцы, якая нарадзіла свету Збаўцу, дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай і свае святочныя пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, + і Сына, і Духа Святога. Амэн.


«Убачылі ўсе

              межы зямлі

Збаўленне Бога

                     нашага.

Усклікай Пану, уся зямля,

Радуйцеся, спявайце

і грайце»                   Пс. 98

У радасныя дні Божага Нараджэння ў нашых сэрцах гучаць словы прадвеснікаў Добрай Навіны аб вялікай і неспасцігальнай любові Бога да свайго стварэння: «Нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан…» (Лк 2, 11). Гэтыя словы ажыўляюць нашую надзею і нагадваюць яшчэ раз пра тое, што Езус Хрыстус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, жадае нарадзіцца і ў нашых сэрцах.

Няхай урачыстасць Божага Нараджэння адорыць кожнага з нас моцаю Бога, які прыходзіць да нас у cваім Сыне. Як жа патрабуе сёння гэтай моцы сучасны чалавек, які часта не ўсведамляе сэнсу свайго жыцця і надзеі, які турбуецца толькі пра сваю часовую будучыню. Менавіта Езус праз сваё нараджэнне прыносіць нам сілу, радасць і святло. Няхай струмень ласкаў нованароджанага Збаўцы напоўніць нашыя сэрцы гэтым каштоўным насеннем. Няхай з гэтага насення народзіцца новы чалавек, створаны «паводле Бога ў справядлівасці і святасці праўды» (Эф 4, 24).

Святочнай радасці ў Пану, Ягонага супакою і ласкі жадаю таксама на надыходзячы Новы 2020 год.

Ксёндз Андрэй КАЛЯДКА,

настаяцель парафіі святых Пятра і Паўла, г. Капыль



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *