Рождество для семьи Карпучков из агрогородка Мажа — особый праздник

Актуально Общество

«Святло Божага Нараджэння»

Менавіта такім светлым з’яўляецца свята Божага Нараджэння для сапраўдных католікаў з сям’і Карпучкоў з аграгарадка Мажа. Яго шматвяковая гісторыя насычана многімі старажытнымі традыцыямі, захаванне якіх дадае ўрачыстасці і робіць свята яшчэ больш яркім, насычаным і адначасова прасякнутым невымоўнай духоўнай радасцю.

■ Сям’я Карпучкоў: Аляксандр, Вікторыя, Караліна і Фларыян

Аляксандр Мікалаевіч і Вікторыя Віктараўна Карпучкі — пара з дванаццацігадовым стажам сумеснага жыцця. Ён — мясцовы, яна ж родам з Украіны. Пазнаёміліся падчас прыезду туды Аляксандра да сваякоў яго маці, Ядвігі Сцяпанаўны. Бурны раман з-за недахопу зносін на адлегласці быў непрацяглым — маладыя людзі вельмі хутка вырашылі ажаніцца. Прычым шлюб зарэгістравалі ў Капыльскім ЗАГСе, а цырымонія вянчання прайшла ў касцёле на радзіме Вікторыі.

Першае дзіця — дачка Караліна — нарадзілася ў маладой сям’і ўжо пасля трывалага асталявання на Капыльшчыне. Неўзабаве з’явіўся і сын Фларыян. Дарэчы, да выбару імён Карпучкоў-малодшых падыходзілі грунтоўна — без уплыву каталіцтва ў гэтай адказнай справе не абышлося, што для сям’і вернікаў з’ява звыклая. Караліна ўжо вучыцца ў пятым класе капыльскай гімназіі, а дашкольнік Фларыян наведвае «Мажскі ВПК дзіцячы сад-пачатковая школа». Бацькі ж іх працуюць у Капыльскай ЖКГ.

Зараз і старэйшыя, і малодшыя члены сям’і Карпучкоў знаходзяцца ў радасным прадчуванні вялікага свята. Канешне, пры гэтым выконваюцца ўсе шматгадовыя традыцыі падрыхтоўкі да яго.

— Рыхтавацца да Божага Нара-джэння мы пачалі за чатыры тыдні, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Гэты перыяд называецца Адвэнт. З самага першага яго дня ў касцёлах і дамах каталіцкіх вернікаў з’явіўся вянок, які, як правіла, робіцца з галінак хвоі. У гэты вянок наша сям’я ўпляла пяць свечак, кожная з якіх мае свой духоўны сэнс. У першы тыдзень Адвэнту падчас сумеснага абеду запальваецца адна свечка, у другі — дзве і гэтак далей, каб з кожным наступным тыднем станавілася святлей. У выніку ў апошні, чацвёрты, тыдзень Адвэнту будуць гарэць амаль усе свечкі як сімвал таго, што хутка наступіць Раство. Апошнюю ж, пятую, свечку мы запалім ужо на само свята.

Падчас Адвэнту ў сям’і Карпучкоў імкнуцца рабіць як мага больш добрых спраў, ачысціць душу — словам, духоўна падрыхтавацца да Божага Нараджэння. Вядома ж, не абыходзіцца і без свецкіх клопатаў. Купля падарункаў, генеральная ўборка, набыццё прадуктаў да каляднага стала — таксама немалаважныя моманты падрыхтоўкі.

Адвэнт набліжаецца да канца. Зусім хутка настане доўгачаканы святы вечар. У Карпучкоў у гэты час, як і ва ўсе папярэднія гады, будзе панаваць ні з чым не параўнальная атмасфера сапраўднай урачыстасці. Па традыцыі 24 снежня вялікая сям’я збярэцца ў бацькоў Аляксандра. На вігілійным (перадкалядным) стале, за які сядуць пасля з’яўлення першай зоркі, традыцыйна будзе 12 посных страў. Падлічваючы колькасць неабходных сталовых прыбораў, да агульнай колькасці дададуць яшчэ адзін камплект — для самога Пана Езуса. Паставіцца крыж, запаліцца свечка, прачытаецца ўрывак з Евангелля і прысутныя прыступяць да вячэры. Абавязковая вігілійная страва — куцця — у Карпучкоў гатуецца двума спосабамі. Адзін рэцэпт прадугледжвае наяўнасць у рысавай кашы маку (можна дадаць мёд, арэхі, цукаты), па другім крупы гатуюцца на ўзвары з сухафруктамі.

Адным з галоўных дзействаў перадкаляднай вячэры стане праламленне аплаткі — загадзя асвечанага ў касцёле вельмі тонкага лістка прэснага белага цеста, упрыгожанага выявамі на рэлігійную тэматыку. Усе члены сям’і падзеляцца паміж сабой кавалачкамі аплаткі, адломваючы іх адзін у аднаго і пры гэтым жадаючы здароўя, дабрабыту, поспехаў, Божага заступніцтва.

Пасля вячэры ўся сям’я накіруецца ў касцёл на святочнае набажэнства. Аднак перад адыходам важна не забыць пра яшчэ адну справу — трэба пакласці пад ёлку падарункі. Пасля вяртання з храма, ужо глыбокай ноччу, кожны з членаў сям’і абавязкова знойдзе падрыхтаваны для яго сюрпрыз.

У дзень самога свята Божага Нараджэння Карпучкі зноў збяруцца за сталом. Цяпер ужо можна будзе паласавацца і мяснымі стравамі. Для каляднага застолля жанчыны традыцыйна прыгатуюць шынку — страву «родам» з Украіны — кумпяк, папярэдне замарынаваны з разнастайнымі спецыямі, а затым запечаны ў духоўцы. Дарэчы, для Карпучкоў 25 снежня — двайное свята. У гэты дзень сям’я адзначае яшчэ і дзень нараджэння сястры Аляксандра Юліі. Што ж тычыцца святкавання Новага года, то гэта адыходзіць на другі план і ўспрымаецца як звычайная змена календара. І хаця ў адпаведнасці з сучаснымі звычаямі Карпучкі ўсё ж збяруцца за сталом — ужо навагоднім, гэта будзе зусім іншае свята, у якім няма месца той духоўнай узнёсласці, што перапаўняе душу вернікаў падчас рэлігійных ўрачыстасцей.

Аксана МІХАЙЛОЎСКАЯ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *